Пункт погляду журналіста: «Так не бывае на свеце, каб былі забытыя дзеці»

Тэма дзяцей і бацькоў заўсёды хвалявала грамадскасць і грамадзян. Яе абмяркоўваюць на самых розных узроўнях: па тэлебачанні і радыё, у сродках масавай інфармацыі і сацыяльных сетках. Пра гэта вядуць гаворку на нарадах, у працоўных калектывах, паміж сваякамі, сябрамі, суседзямі. Па-ранейшаму тэма застаецца актуальнай: за кожным лёсам дзіцяці — будучае краіны.

СВЯТА АДНО НА ЎСІХ

Вось-вось наступіць Дзень ведаў — доўгачаканае свята для дзетвары. Яно адначасова радаснае і хвалюючае. Пасля летніх канікул дзяўчынкі і хлопчыкі спяшаюцца сесці за парты і сустрэцца з сябрамі. Па-свойму хвалююцца і бацькі, на іх плечы ўскладваецца вялікая адказнасць за выхаванне дзяцей. Таксама ў чаканні першага верасня настаўнікі: пачнецца шлях у Краіну ведаў, і яны будуць сеяць разумнае, добрае, вечнае.
Дзень ведаў — свята адно для ўсіх. Кожны ў свой час быў вучнем, і сёння ўспаміны прадаўжаюць саграваць сэрца. І хаця, да прыкладу, прайшло амаль пяцьдзясят гадоў, але памятаецца ўсё да драбніц. Перад вачамі паўстаюць настаўнікі і аднакласнікі, школьныя ўрокі і забавы пасля заняткаў, і вялікія букеты вяргінь, з якімі першага верасня спяшалася ў школу. Які быў цудоўны час!
З гадамі адносіны да сістэмы адукацыі не змяніліся: па-ранейшаму дзяржава клапоціцца пра вучняў, робіцца ўсё магчымае для навучання, а да новага навучальнага года аказваецца падтрымка сем’ям, якія маюць у гэтым патрэбу. Праводзяцца акцыі, каб нагадаць пра тое, што дзеці ў нашай краіне не забытыя, і яны — наша надзея і будучае.

АСНОЎНЫ АРЫЕНЦІР

Я родам з вёскі — і гэтым ганаруся. Тут адчуваю подых роднай зямлі і прыгажосць навакольнага асяроддзя. Дзіцячыя і юнацкія гады прайшлі сярод простых і добразычлівых людзей. Асноўным арыенцірам у жыцці была праца: палолі буракі, сушылі сена, рвалі лён, капалі бульбу, пасвілі кароў — вось норма жыцця вясковых дзяцей 70-80-х гадоў мінулага стагоддзя.
Гэта ўжо сёння няпроста ўявіць, як маглі вяскоўцы так шмат працаваць. Яны шчыравалі на калгасных палетках і дома па гаспадарцы, і нас, дзяцей, прывучалі да гэтага. Іншы раз мы злавалі, не заўсёды і ўсё хацелася рабіць, але, як аказалася, урокі працавітасці пайшлі на карысць. Кожны выбраў свой жыццёвы накірунак, а любоў да працы і загартаваны характар не раз дапамагалі ў жыцці.
Сапраўды, праца — аснова з асноў. Працавіты чалавек — паважаны ў грамадстве. Праца робіць нас больш высакароднымі і ўпэўненымі, а заробак павышае наш дабрабыт. Разам з успамінамі пра дзіцячыя і юнацкія гады мы забралі ў вялікае жыццё ўспаміны пра непаўторны пах белага наліву і антонаўкі, перад вачамі сланечнікі і гарбузы на агародзе, вялікія клубні бульбы на ўзаранай раллі і кубак сырадою з булкай і варэннем пасля працоўнага дня. Гэтага нельга выкрасліць з памяці.

МАЛІТВА МАЦІ

Маці — самы родны і блізкі чалавек. Яна дае жыццё і любіць дзіця, колькі б яму ні было, пяць ці пяцьдзясят, якое ні было б на самой справе, добрае, працавітае, паспяховае ці гарэзлівае, непаслухмянае, няўдалае. Жадае толькі дабра і шчасця ў жыцці, гатовая перасцерагчы ад розных перашкод. Даруе сыну і дачцы ўсе крыўды, адрасаваныя ў свой адрас, як бы ні сціскалася сэрца ад болю.
Існуе меркаванне, што малітва маці мае вялікую сілу: можа спыніць і ўратаваць ад вялікай нечаканай бяды. Дзе б ні знаходзіліся дзеці, думкі матулі заўсёды з імі. Малых імкнецца засцерагчы ад хваробы, у школьным узросце хвалюецца, каб добра вучыліся, у дарослым жыцці — пра іх сямейнае шчасце. А інакш і не можа: для роднага чалавека яны былі і засталіся заўсёды дзецьмі.
Любоў маці не мае межаў. Яна згодна на многае дзеля сваіх любімых сыноў і дачок. Гатовая не спаць начамі, калі яны немаўляты, гадзінамі з імі рабіць дамашнія заданні па вечарах, турбавацца за іх поспехі падчас вучобы ва ўніверсітэце, дапамагаць гадаваць іх дзяцей — на ўсё і заўсёды хапае сіл і часу. І трэба бачыць, як свецяцца вочы матулі, калі ў маленькіх ці дарослых дзяцей усё ладзіцца ў жыцці і працы і калі яны шчаслівыя.
Так любіць, як маці, ніхто не можа, і ў гэтым яе мацярынская сіла. Вось бы гэта разумелі тыя, хто ўхіляецца ад выхавання сваіх дзяцей, мяняе іх на вясёлае жыццё і выпітую чарку. Каб не пашкадаваць аб гэтым у старасці. Хочацца нагадаць крылатыя словы: «Так не бывае на свеце, каб былі забытыя дзеці».

КНІГА ЦІ ІНТЭРНЭТ?

Меркаванні на гэты конт кожны выказвае свае, і я не бяруся кагосьці павучаць. Адно заўважу: тут усё, як гаворыцца, у меру. Скажыце, ну як сёння можна абысціся без кнігі класіка альбо зборніка вершаў? Творы патрэбна чытаць, каб глыбей асэнсаваць жыццё і наталіцца словам у цішыні. Слова, як добры лекар, дапаможа выбудаваць нашы думкі ў правільным рэчышчы, узняцца над сваімі праблемамі, знайсці адказы на многія пытанні. Для дзяцей гэта могуць быць добрыя казкі, для падлеткаў — выданні на розныя тэмы, як і на гістарычныя, якія дапамогуць пазнаць гісторыю роднага краю.
Так і інтэрнэт, без якога сёння не можам уявіць жыцця. І гэта заканамерна: у сацыяльных сетках шмат новага і цікавага. Але колькі гадзін праводзім за камп’ютарам? Колькі часу не адводзяць позірку ад экрана нашы дзеці? Супакойваемся, калі бачым іх занятымі, але ці часта задаём сабе пытанне: што яны чытаюць і да чаго праяўляюць цікавасць? Так і дарослыя, якія гаджэты замяняюць на размовы з дзецьмі. А, магчыма, у гэты момант сыну ці дачцы патрэбна шчырая размова з блізкім чалавекам. Паступова перастаём гаварыць па душах у сям’і, дзе можна расказаць аб усім і атрымаць патрэбную параду. На жаль, гэта не заўсёды спяшаемся рабіць.
Дзіўным здаецца жаданне некаторых былых «кнігааматараў» пазбавіцца ад дамашняй бібліятэкі. У знак апраўдання гавораць аб тым, што кнігі не ўпісваюцца ў інтэр’ер, і горш таго, іх не збіраюцца больш чытаць, бо пра ўсё можна даведацца ў інтэрнэце. Спрачацца не буду, кожны робіць свой выбар: бярэ ў рукі папяровую кнігу з закладкамі і адзнакамі, альбо чытае жаданы твор у сацыяльных сетках.

НА ПУЛЬСЕ ЖЫЦЦЯ

Нядаўна дачка паведаміла пра тое, што ў школу, дзе яна працуе, патрэбны на працу сацыяльны педагог. Далей адзначыла, што працоўнае месца не прымусіць сябе доўга чакаць: у будучага спецыяліста нядрэнны заробак. Далей стала пералічваць прафесійныя абавязкі педагога. Я мела ўяўленне пра дадзеную прафесію і спачуваць яму не збіралася па той прычыне, што кожны павінен добрасумленна выконваць прафесійныя абавязкі на сваім рабочым месцы. Некаму ж трэба рабіць і гэтую справу: трымаць на пульсе жыцця неблаганадзейныя сем’і, у якіх выхоўваюцца вучні школы, наведваць іх дома, праводзіць гутаркі з бацькамі і г. д. Затым пісаць шматлікія справаздачы ў розныя інстанцыі. Глядзіш, знойдзецца адказны і нераўнадушны чалавек, які стане спецыялістам справы.
Па прафесійным абавязку мне даводзіцца бываць у такога роду сем’ях з прадстаўнікамі камісіі па справах непаўналетніх, аддзела адукацыі райвыканкама, РАУС, РАНС, і кожны раз адзначаю, з якой адказнасцю і сур’ёзнасцю яны адносяцца да дзяцей з такіх сем’яў і ўсё робяць для таго, каб у іх справы папраўляліся. Радуюцца самым нязначным зменам і ўсё стараюцца зрабіць для лепшага. Падчас сустрэч адчуваюцца ветлівасць і дабрыня адказных асоб. Я ў артыкулах па этычных прычынах не называю адрасоў і прозвішчаў сваіх гора-герояў і газетным радком хачу дапамагчы чытачам не паўтараць іх памылкі.
Мы жывём у імклівы і супярэчлівы час. Наша жыццё змяняецца на вачах, і калі мы, дарослыя, можам штосьці ў ім змяніць да лепшага, пераадолеўшы жыццёвыя перашкоды, то дзецям неабходна падтрымка бацькоў, педагогаў, прадстаўнікоў раённых служб, каб вырашыць узнікшае пытанне. Ім патрэбны ўвага, клопат, добрае слова. Жыццё дзяцей у нашых руках, і трэба заўсёды пра гэта памятаць.

Галіна СМАЛЯНКА