Российская молодежь приехала на отдых в Кореличский район
На сустрэчу з моладдзю горада Краснагорска Маскоўскай вобласці Расійскай Федэрацыі, якая зараз адпачывае ў дзіцячым аздараўленчым лагеры «Вясёлка», прыйшлі начальнік аддзела адукацыі Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта Ірына Асташэвіч і галоўны спецыяліст Карэліцкага раённага Савета дэпутатаў, старшыня раённага аддзялення РГА «Беларускі дзіцячы фонд» Вольга Куляка. Сустрэча адбылася ў дзяржаўнай установе дадатковай адукацыі «Карэліцкі раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі» і атрымалася шчырай і адкрытай.
У сваёй прамове Вольга Куляка адзначыла, што больш 40 гадоў Карэліччына падтрымлівае сувязі з Краснагорскам і даражыць гэтым сяброўствам. Наш раён з’яўляецца сельскагаспадарчым і мае свае дасягненні як у земляробстве (трэцяе месца ў вобласці па вытворчасці збожжавых культур), так і ў жывёлагадоўлі (шостае — па малаку). Карэліччына славіцца і знакамітымі людзьмі: Ігнатам Дамейкам, Барысам Кітом, Аляксандрам Барысевічам, Пятром Конюхам і іншымі. Памятаюць пра 8 Герояў Сацыялістычнай працы, у гонар якіх у райцэнтры ўстаноўлена Алея Славы. Сярод прамысловых прадпрыемстваў прамоўца назвала ААТ «Карэлічы-Лён», РУП ЖКГ, УКП БАН. Вольга Віктараўна заклікала гасцей адчуваць сябе камфортна на карэліцкай зямлі, і каб сюды захацелася вярнуцца зноў.
Паведаміўшы пра адукацыйную сістэму раёна, Ірына Асташэвіч адзначыла, што ганарыцца вучнямі школ раёна. Вялікая ўвага ўдзяляецца іх патрыятычнаму выхаванню, а ваенна-патрыятычны клуб «Віцязь» Лукскай сярэдняй школы дзейнічае больш дваццаці гадоў. Ёсць пэўныя дасягненні і ў спорце — гандболе і цяжкай атлетыцы, выхаванцы трапляюць у школы алімпійскага рэзерву.
— Мы рады вам і вашаму прыезду. Імкнёмся падтрымліваць сувязі з Краснагорскам па пытаннях аздараўлення і культурнага абмену, — сказала Ірына Асташэвіч і запрасіла дзяўчат і юнакоў прыязджаць на Карэліччыну. Уручыла ўсім сувеніры.
Кіраўнік краснагорскай дэлегацыі Марыя Рэмпель адзначыла, што на Карэліччыне іх агарнулі дабрынёй і ветлівасцю, і кожны павязе з сабою часцінку гасціннай зямлі. Некаторыя прыехалі сюды ў другі раз і маюць добрых сяброў.
Для краснагорскіх гасцей гасцінныя карэліччане арганізавалі салодкі стол, сярод пачастункаў — свежыя клубніцы, яблыкі, прысмакі. Сустрэча праходзіла ў сяброўскай атмасферы.
Была арганізавана экскурсія па Карэліцкім раённым цэнтры творчасці дзяцей і моладзі.
Слова — гасцям з Расіі
Наталля КАСПІЙСКАЯ:
— Вельмі спадабаліся палі, на якіх расце хлеб і іншыя сельгаскультуры. Тут ціха і цудоўна. Людзі добразычлівыя і ветлівыя.
Андрэй МАНТРОЎ:
— Прыцягвае багатая гісторыя раёна. ААТ «Карэлічы-Лён» захапіў высокай тэхналагічнасцю. У «Вясёлцы» рыхтуюць смачныя стравы, і работнікі сталовай заўсёды ў добрым настроі.
Паліна СЦЯПАНАВА:
— Запомнілася цёплая атмасфера прыёму. Падабаюцца вашы славутыя мясціны. У памяці застаюцца прырода і чысціня краю, і навакольныя краявіды заварожваюць па-асабліваму.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Ларысы ШУГЛІ