Начальник управления сельского хозяйства и продовольствия Кореличского райисполкома Евгений Бусько рассказывает об итогах уборочной кампании
Сёлета для аграрыяў выдалася няпростае лета. Засуха ў чэрвені, калі амаль два месяцы з неба не ўпала ні кроплі, халодныя летнія ночы, штодзённыя дажджы ў жніўні. У такіх няпростых умовах кожнае прадпрыемства імкнулася зрабіць усё, каб зберагчы і своечасова ўбраць ураджай. Аб выніках уборачнай кампаніі-2023 пагаварылі з першым намеснікам старшыні Карэліцкага райвыканкама — начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Яўгенам Бусько.
— Яўген Анатольевіч, уборачная кампанія завершана. Вы задаволеныя вынікам?
— 22 жніўня ўсе прадпрыемствы раёна завяршылі ўборку. Валавы збор склаў 104 599 т, што, на жаль, на 6 605 т менш за ўзровень мінулага года. Жніво мы скончылі з ураджайнасцю 60,4 ц/га (летась было 61,6 ц/га). Нягледзячы на засуху гаспадаркі спрацавалі добра і атрымалі нядрэнны вынік.
— Наколькі складаным было жніво гэтага года?
— Амаль два месяцы не было дажджу. У гэты перыяд з-за недахопу вільгаці сродкі абароны раслін не працавалі так, як трэба. Складанай была і ўборка, амаль кожны дзень ішлі дажджы. Бывалі тыдні, калі не было ні дня без ападкаў.
— Якой культуры падабаецца расці на землях нашага раёна?
— У гэтым годзе, нягледзячы на засуху, мы атрымалі добры ўраджай рапсу. Намалочана на дзве тысячы тон больш, чым летась, без павелічэння плошчаў. У гэтым годзе плануем атрымаць нядрэнныя паказчыкі па цукровых бураках. На сённяшні дзень відаць, што ўраджай гэтай культуры будзе вышэйшы, чым у 2022 годзе.
— За кошт чаго будзе папоўнены недабор збожжа?
— У раёне пасеяна 2 615 га кукурузы. Гэта на 500 га больш, чым летась. Кукуруза — культура, на якой засуха не адбілася, таму недабор збожжавых будзе папоўнены збожжам каралевы палёў. У гэтым праблем быць не павінна. Па нашых прагнозах, зможам частку збожжавай кукурузы ўбіраць на сілас, паколькі па збожжы мы цалкам забяспечылі жывёлагадоўлю фуражным збожжам. Уборку царыцы палёў на сілас пачнем у раннія тэрміны: апошнюю дэкаду жніўня — пачатак верасня.
— Якія прадпрыемствы апынуліся сярод лідараў? Каго хацелася б адзначыць?
— Першымі па тэмпах уборку скончылі аграрыі КСУП “Царука” і СВК “Свіцязянка-2003”. Па ўраджайнасці хацелася б адзначыць КСУП “Племзавод Карэлічы”, дзе атрымалі 100,6 ц на круг, СВК “Маяк-Заполле” (93,7 ц/га), СВК “Жухавічы” (87 ц/га). У цэлым, усе гаспадаркі ў гэты няпросты год спрацавалі дастаткова добра, пастараліся ўбраць хлеб без страт і выйшлі з нядрэнным вынікам. Хацелася б сказаць словы падзякі ўсім працаўнікам АПК раёна за тытанічную працу.
Сяргей СТОЛЯР
Фота аўтара