Чем сегодня живет коллектив Кореличского района газовых сетей?

Начальнік Карэліцкага раёна газавых сетак Вячаслаў Шавейка ахвотна распавядае пра свой калектыў. Паводле яго слоў, усе поспехі РГС — заслуга ўсяго калектыву, бо пастаўленыя перад службай задачы не выканаць у адзіночку. А працы ў газавікоў хапае. Гэта дастаўка насельніцтву звадкаванага і прыроднага газу, абслугоўванне, рамонт і замена газавага абсталявання, прафілактыка і ліквідацыя няшчасных выпадкаў. Вячаслаў Шавейка кажа, што галоўная іх задача — не пакінуць людзей без газу:

— У Карэліцкім раёне 408 кіламетраў газаправода. Газіфікавана 32 населеныя пункты, усе аграгарадкі, сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, зернесушыльныя комплексы, большасць адміністрацыйных будынкаў, прамысловасць раёна. Больш за 6000 абанентаў карыстаюцца прыродным газам, яшчэ 3192 чалавекі выкарыстоўваюць у побыце звадкаваны газ. 3873 абанента выкарыстоўваюць газ для ацяплення. Таму наша галоўная задача — бесперабойнае, безаварыйнае газазабеспячэнне.

У апошні час колькасць карыстальнікаў звадкаванага газу зніжаецца. Прычыны дзве: большае распаўсюджванне прыроднага газу і скарачэнне колькасці жыхароў у маленькіх населеных пунктах. За наяўнасцю звадкаванага газу ў насельніцтва сочыць служба дастаўкі: вадзіцель Віктар Аляшкевіч, які працуе ўжо 10 гадоў, і слесар Мікалай Пранкевіч, які мае за плячыма больш за 30 гадоў вопыту. Нядаўна экіпаж перасеў на новы камфортны «МАЗ».

— У любых умовах, у любое надвор’е газ дастаўляецца людзям па графіку, — кажа Вячаслаў Шавейка.

Яшчэ адна задача, якая стаіць перад газавікамі, — лакалізацыя і ліквідацыя небяспечнай сітуацыі з газам. З дзяцінства вучаць у школе: пачуў пах газу — неадкладна тэлефануй 104.

— Да 2015 года ў Карэлічах працавала дыспетчарская служба, якая прымала і рэгістравала выклікі, — распавядае Вячаслаў Шавейка. — Потым адбылася аптымізацыя, і ў Лідзе з’явіўся адзіны дыспетчарскі цэнтр. Усе выклікі паступаюць туды — і адразу наша аварыйная служба выязджае на месца.

Вячаслаў Іванавіч кажа, што здараюцца і лжывыя выклікі, калі чалавеку здалося, што ён чуе пах газу. У такім выпадку аварыйная брыгада ўсё роўна дзякуе грамадзянам за пільнасць, бо асцярожнасць лішняй не бывае.

У “аварыйцы” працуюць слесар Васіль Філончык і вадзіцель Дзмітрый Навумовіч.

— Складанасць ёсць у любой працы, аднак да ўсяго прывыкаеш, — кажа Васіль. — У нас гэтая складанасць заключаецца ў працы з людзьмі, бо людзі розныя ёсць. Бывае, пачынаюць паказваць, як табе трэба выконваць сваю працу, перашкаджаюць. Аднак стараемся згладжваць вуглы.

— У аварыйна-дыспетчарскую службу нельга прыйсці з вуліцы, — кажа Вячаслаў Шавейка. — Слесар павінен мець год працоўнага стажу ў службе і прайсці спецыяльныя курсы, таму што ён абавязаны ведаць сеткі і спосаб ліквідацыі няспраўнасці. Кіроўца таксама павінен папрацаваць у газавай службе год.

Супрацоўнікі аварыйна-дыспетчарскай службы выязджаюць на пажары разам з ратавальнікамі. Іх задача — зрабіць усё неабходнае, каб не ўспыхнуў газ, калі дом ужо ахоплены полымем.

Але працуе «аварыйка» не толькі тады, калі ўзнікае надзвычайная сітуацыя. Галоўная іх задача — прафілактыка няшчасных выпадкаў. Прасцей папярэдзіць бяду, чым ліквідаваць наступствы. Па словах Вячаслава Шавейкі, пік зваротаў на 104 — пачатак ацяпляльнага сезона. Менавіта ў гэты час паступае больш за ўсё званкоў. Дзякуючы своечасоваму тэхнічнаму абслугоўванню абсталявання колькасць выклікаў паступова зніжаецца.

— У раён газ прыйшоў у 1985 годзе, — распавядае Вячаслаў Шавейка. — Першым быў газіфікаваны пасёлак Мір. З тых часоў мы кожны год мяняем больш за 500 адзінак газавага абсталявання, у якога скончыўся нарматыўны тэрмін эксплуатацыі.

Работнікі РГС пастаянна павышаюць сваю кваліфікацыю, даказваюць прафпрыдатнасць на абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах. Так, да прыкладу, майстар Карэліцкага РГС Мікалай Рытус сёлета заняў другое месца ў абласным аглядзе-конкурсе аўтамабільных службаў. Ён пастаянна ўдзельнічае ў спаборніцтвах і займае прызавыя месцы, быў лепшым на рэспубліканскіх спаборніцтвах. Калектыў пастаянна прымае ўдзел у спаборніцтвах сярод работнікаў, якія займаюцца абслугоўваннем унутрыдамавога газавага абсталявання, конкурсе аварыйна-дыспетчарскіх службаў і сярод службаў па абслугоўванні газарэгулятарных пунктаў і паказваюць там выдатныя вынікі.

Сяргей СТОЛЯР

Фота аўтара