Выпускніцы Карэліччыны расказваюць пра сваю падрыхтоўку да экзаменаў, дзеляцца вынікамі і парадамі

Кожны вучань з нецярпеннем чакае апошнія школьныя дні перад канікуламі і з кожным майскім днём усё больш і больш хоча адчуць летнюю атмасферу. Але ў кожным правіле ёсць свае выключэнні, у гэтым — выпускнікі школ, якім даводзіцца ў спякотныя летнія дні не адпачываць, а здаваць экзамены. Выпускніцы Яскевіч Алена і Шавейка Ксенія падзяліліся са мной сваімі пачуццямі наконт паступлення, расказалі пра вынікі і далі парады выпускнікам 2024 года.

Алена  Яскевіч, вучаніца ДУА “Сярэдняя школа г.п. Мір імя Г.І. Сташэўскай”, расказвае:

— Я паступіла на філалагічны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы на спецыяльнасць “рамана-германская філалогія (англійская мова)”. Туды вырашыла паступаць яшчэ ў 9 класе, бо мне ўжо тады падабалася вучыць іншыя мовы, а яшчэ я вельмі люблю мець зносіны з людзьмі. Мне не зусім падабаюцца вялікія гарады, таму я дакладна вырашыла, што пасля заканчэння ўніверсітэта буду працаваць у роднай школе, у сваім пасёлку.

— Якія экзамены ты здавала і колькі балаў атрымала?

— Экзамен па беларускай мове я здала на 90 балаў, па гісторыі Беларусі на 86 балаў. За ўнутраны іспыт па англійскай мове атрымала 90 балаў.

— Ты рыхтавалася да экзаменаў з рэпетытарамі?

— Так, па трох прадметах, яшчэ наведвала школьны факультатыў па беларускай мове, але кожны дзень я таксама рыхтавалася і самастойна, каб атрымаць найвышэйшы бал.

Ксенія  Шавейка, выпускніца ДУА “Сярэдняя школа №1 г.п. Карэлічы”, расказвае:

— Я паступіла на бюджэт у БДУІР.

— Каб прайсці на бюджэт БДУІР у гэтым годзе, патрэбна было атрымаць вялікую колькасць балаў. Раскажы, калі ласка, як у цябе гэта атрымалася і колькі балаў ты набрала?

— За тры экзамены і атэстат — 391 бал з 400. Я здавала экзамен па матэматыцы, фізіцы і беларускай мове — гэта тыя прадметы, якія я вельмі люблю. А калі ты кожны дзень старанна вучыш тое, што табе падабаецца, то і вынік абавязкова будзе добрым.

— Я ведаю, што ты напісала экзамен па беларускай мове на 100 балаў. Ты чакала ўбачыць такі вынік?

— Шчыра кажучы, гэта было нечакана, але спадзявалася на добры бал. Я некалькі гадоў удзельнічала ў алімпіядах па беларускай мове і літаратуры, гэта дало мне аснову. Дзякуючы гэтаму ў 11 класе рыхтавалася самастойна і наведвала школьны факультатыў, успамінаючы там усе правілы. А вось з фізікай і матэматыкай мне дапамагалі рэпетытары.

— Калі ласка, раскажыце, якія цяжкасці ўзніклі пры падрыхтоўцы да экзаменаў і дайце некалькі парад для выпускнікоў 2024 года.

— Цяжка было перамагчы ляноту, — кажа Алена. — Тут проста трэба памятаць, што калі вы будзеце добра рыхтавацца, то абавязкова паступіце ва ўніверсітэты сваёй мары. Момантамі будзе цяжка, але не трэба апускаць рукі. Я гэта дакладна зразумела, калі ўбачыла сваё прозвішча ў спісах залічаных. Думаю, гэта былі лепшыя пачуцці за ўсё маё жыццё!

— А яшчэ трэба размяркоўваць свой час, — гаворыць Ксюша. — Знайдзіце баланс паміж вучобай і адпачынкам. Калі апошняга не будзе, то вы атрымаеце не самы лепшы вынік. І яшчэ памятайце,  што на памылках вучацца. Калі вы набралі невялікі бал на РТ, то гэта не канец свету. Вучыце кожны дзень нешта новае. І здавайце менавіта тыя прадметы, якія вам падабаюцца.

Я, як выпускніца, таксама пагаджуся са словамі Алены і Ксюшы. Хачу толькі дадаць: выбірайце спецыяльнасць сваім сэрцам і толькі сваёй галавой. Вучыцца і працаваць прыйдзецца менавіта вам, а не вашым бацькам, настаўнікам і сябрам. Не бойцеся памыляцца, выбіраючы прафесію. У сярэдзіне 11 класа я перадумала здаваць экзамены па прадметах, да якіх рыхтавалася з 9 класа. Усе казалі мне, што за такі кароткі час немагчыма добра падрыхтавацца і паступіць. Але гэта быў мой выбар. Я слухала толькі сваё сэрца і старанна рыхтавалася кожны дзень, у выніку — яшчэ адна мэта дасягнута. Усё залежыць толькі ад вас. Сакрэт высокіх балаў вельмі просты: трэба паставіць перад сабой мэту, пачаць вучыцца кожны дзень, не забываць адпачываць — і ўсё абавязкова атрымаецца.

Яна  Філончык, студэнтка I курса факультэта журналістыкі БДУ

1