В ГП «Луки-Агро» осенне-полевые работы в самом разгаре

Адсвяткаваўшы “Дажынкі”, аграрыі не спачываюць на лаўрах: асенне-палявыя работы ў самым разгары. Да 30 верасня неабходна завяршыць сяўбу азімых зерневых. Гэта задача нумар адзін. Працаўнікі сельскай гаспадаркі раёна выдатна разумеюць: ад захавання тэхналогіі земляробства залежыць каравай наступнага года, таму неабходна зрабіць усё своечасова. На палях стаіць добрая кукуруза, чакаюць свайго часу буракі і бульба, трэба вывезці рэшткі саломы.

У ДП «Лукі-Агра» праца кіпіць на некалькіх франтах. Работнікі гаспадаркі засейваюць палі азімымі. На прадпрыемстве плануюць пасеяць 2300 га азімых зерневых. Лукскія земляробы завяршылі сяўбу азімага рапсу (пасеяна 500 га) і свірэпіцы (135 га). Неабходна пасеяць 200 га ячменю, 550 га трыцікале і 1700 га азімай пшаніцы. Таксама працаўнікі гаспадаркі ўбіраюць кукурузу на сілас, капаюць цукровыя буракі. Галоўны аграном прадпрыемства Павел Тананка кажа, што з задачай у гаспадарцы справяцца:

— Пакуль надвор’е нам спрыяе. Магутнасці машынна-трактарнага парка дазваляюць завяршыць сяўбу да 30 верасня.

На полі за аграгарадком Цырын капаюць цукровыя буракі. За рулём камбайна шчыруе механізатар Уладзімір Тананка. Мужчына працуе на прадпрыемстве ўжо 15 гадоў і кажа, што гэта прыносіць яму задавальненне:

— Я на прыродзе, надвор’е добрае, тэхніка зручная.

Сёлета на землях гаспадаркі пасеялі 550 га цукровых буракоў. Павел Тананка кажа, што выкапалі ўжо 37 га, за дзень паспяваюць выкапаць 12 га з ураджайнасцю 405 ц/га. У мінулым годзе ўраджайнасць складала 495 ц/га. Аграном прызнаецца, што на ўраджаі адбілася летняя засуха:

— Тэхналагічна мы ўсё рабілі правільна. Своечасова пасеялі, унеслі неабходныя мікраэлементы, рабілі праполку. Але нябесная канцылярыя ўнесла свае карэктывы.

Па дарозе заўважаем чараду грузавікоў, што адвозяць здробненую кукурузу. Павел расказвае, што на гэтым полі плошчай у 135 га пасеяны гібрыд, які добра пераносіць холад і засуху. На палях прадпрыемства пасеяна 1000 га царыцы палёў, якую ўбіраюць з ураджайнасцю 379 ц/га.

— Для кукурузы год аказаўся нядрэнным. На ёй не адбілася засуха, паколькі сама па сабе культура лягчэй пераносіць сухое надвор’е, у адрозненне ад збожжавых каласавых. Таму мы нарыхтуем столькі кармоў, колькі неабходна нашым жывёлаводам, — запэўнівае аграном.

Павел кажа, што нядаўна ў гаспадарку купілі новы магутны трактар беларускай вытворчасці, які цяпер задзейнічаны на сяўбе азімай пшаніцы. Усяго на палях «Лукі-Агра» будзе пасеяна 1700 га гэтай культуры, паколькі біялагічны патэнцыял азімых гатункаў на 15-25% вышэй, чым у яравых.

За Лукамі, на полі ў 116 га, працуе на новым жалезным кані механізатар Алег Шастакоў. Мужчына кажа, што апрабоўвае яго крыху менш за тыдзень, але паспеў ацаніць па вартасці.

— Пад капотам больш за 360 “коней” — толькі паспявай паганяць! — жартуе механізатар. — Зручная кабіна — нічога лішняга, усё патрэбнае пад рукой. Кандыцыянер выдатна спраўляецца са сваёй задачай. Добры агляд з кабіны. Працаваць — адно задавальненне!

Сяргей СТОЛЯР

Фота аўтара