В Кореличском районе реализован республиканский проект БРСМ «Молодежь — за урожай»

Штогадовы рэспубліканскі праект БРСМ “Моладзь — за ўраджай” стаў ужо добрай традыцыяй. Яго мэта — павышэнне прадуктыўнасці працы маладых працаўнікоў вёскі, занятых на ўборцы ўраджаю, заахвочванне іх працоўнай ініцыятывы, папулярызацыя сельскагаспадарчай працы.

Сёлета на палях Карэліччыны працавала 15 маладых камбайнераў і памочнікаў, якія намалацілі амаль 18 тысяч тон збожжа, а таксама сем маладых вадзіцеляў, якія перавезлі 9,5 тысячы тон зерня. Падзякавала і ўручыла Падзячныя пісьмы маладзёжнаму экіпажу СВК “Свіцязянка-2003”, які дасягнуў высокіх вынікаў ва ўборачнай кампаніі бягучага года, першы сакратар РК ГА “БРСМ” Аксіння Ждан.

Віталій Манкевіч і Аляксей Яўцееў працуюць разам другі сезон. Кажуць, што даўно ведаюць адзін аднаго, разам вучыліся, таму і працаваць было лёгка. Сёлета экіпаж намалаціў 2070 тон збожжавых і заняў трэцяе месца ў гаспадарцы.

— Тэхніка добрая, працаваць падабаецца, — кажа Віталь. — Уцягваешся ў працэс, калі бачыш, як бягуць тоны.

Па словах маладых людзей, цяперашняя кампанія была для іх нескладанай.

— Так, здараліся і паломкі, — распавядае Аляксей. — Але стараліся хутка ліквідаваць іх, каб ізноў прыступіць да ўборкі.

— Выпадалі дажджлівыя дні, але ўсё роўна выязджалі ў поле, чакалі, пакуль прасохне, каб хоць трохі папрацаваць, намалаціць хоць бы тону, — дадае Віталь.

Хлопцы кажуць, што ў гаспадарцы ім працаваць падабаецца. Тут створаны добрыя ўмовы, добразычлівы калектыў, дзе працуюць ветлівыя людзі. Віталь кожны дзень ездзіць у “Свіцязянку” з райцэнтра, Аляксей вырашыў пусціць карані на вёсцы і купіў дом у Райцы.

Сяргей СТОЛЯР

Фота аўтара