Куда в Кореличском районе можно отправиться на платную рыбалку?

Для кагосьці рыбалка — спосаб адпачыць ад працоўных будняў, для іншых — добрая традыцыя, для трэціх — спорт. Хтосьці любіць пасядзець з вудай у адзіноце, іншыя ездзяць да вадаёмаў цэлай кампаніяй, а трэція бяруць з сабой дамачадцаў. У любым выпадку, усе любяць успамінаць час, праведзены за рыбнай лоўляй. Адны хваляцца ўловам, іншыя расказваюць рыбалоўныя байкі і распавядаюць гісторыі, якія адбыліся з імі ці іх сябрамі, трэція з цеплынёй успамінаюць пра гадзіны, праведзеныя з вудай на прыродзе. Усе аматары парыбачыць хочуць злавіць на кручок рыбку пабольш. Нават калі і не адвезці дадому, то сфатаграфаваць і адпусціць. За тым, каб у вадаёмах была рыба, а вакол іх — парадак, сочаць арандатары — неабыякавыя людзі, якія намагаюцца прывесці свой участак у парадак і стварыць умовы для камфортных рыбалкі і адпачынку.

У Карэліцкім раёне 13 арандаваных азёр. Мы адправіліся на некаторыя з іх і сустрэліся з іх арандатарамі. Даведаліся, навошта яны вырашылі ўзяць вадаём, што ўжо рэалізавана і што яшчэ трэба зрабіць.

Паміж вёскамі Мінакі і Раманы Малюшыцкага сельсавета, сярод лесу, раскінулася маляўнічае возера, якое даглядае прадпрымальнік Аляксандр Кандэра з г. Баранавічы. Летась мужчына адкрыў сядзібу “Хутарок-1948” у доме, дзе калісьці жыла яго бабуля. Возера Аляксандр арандаваў таму, што правёў на ім усё сваё дзяцінства:

— Недалёка ад Мінакоў, на хутары, жыла мая бабуля, мы з сябрамі часта прыбягалі сюды. Лавілі рыбу, купаліся, весела бавілі час. З часам стаў заўважаць, што ўсё тут зарастае, знікае, шкада стала. Зараз мы тут падкошваем, сочым за парадкам.

Мужчына арандуе возера ўжо 12 гадоў. Кажа, што за гэты час зроблена шмат працы: перш за ўсё пачысцілі тэрыторыю вакол вадаёма, выдалілі старыя дрэвы, пасадзілі новыя. Каля самага берага пабудавалі лазню, чатыры крытыя альтанкі і чатыры пірсы, валейбольную і міні-футбольную пляцоўку, запусцілі рыбу.

— Тут вельмі шмат рознай рыбы. Пальцаў на руках не хопіць, каб усю палічыць, — кажа Аляксандр і распавядае, што аднойчы адна жанчына злавіла даволі вялікую рыбіну, сама                здзівілася свайму ўлову, не думала, што на звычайны кручок можна вывудзіць такі экспанат.

Аднак у мужчыны ёсць жалезнае правіла: уся вылаўленая рыба павінна быць вернута ў вадаём. Для таго, каб трапіць на рыбалку да Аляксандра, неабходна напісаць у Instagram, арандаваць рыбалоўнае месца і даслаць неабходную суму ў якасці задатку.

У планах прадпрымальніка — пабудаваць карчму і тры домікі, а таксама развесці вакол возера жыўнасць, зрабіць невялікі кантактны заапарк, у якім будуць жыць вавёркі, козы, алені.

Таксама на тэрыторыі вадаёма Аляксандр ужо трэці год ладзіць турыстычныя злёты:

— Пачыналі з 50 чалавек. У мінулым годзе было ў два разы больш (гэта калі лічыць разам з дзецьмі). Усе ставяць машыны за плотам, а тут з’яўляецца сапраўдны палатачны гарадок. Хочацца, каб турзлёт стаў добрай традыцыяй.

У звычайныя дні Аляксандр імкнецца, каб тут не збіралася шмат народу:

— За ўсімі не ўсочыш. На жаль, наведвальнікі пакідаюць пасля сябе смецце, быццам ім складана прайсці пару метраў да скрыні. Хтосьці спрабуе схітрыць і забраць злоўленую рыбу, за гэтым таксама стараемся сачыць. Некаторыя людзі не разумеюць, што яны знаходзяцца на прыродзе, а тут важны парадак.

З Аляксандрам згодны яго калега, арандатар Аляксандр Васільеў, які сустракае нас на возеры побач з вёскай Кожава Жухавіцкага сельсавета:

— Турыст, ды і любы іншы чалавек, павінен паважаць чужую працу. Некаторыя не хочуць зразумець, што для таго, каб усё выглядала прыгожа, трэба пастарацца. У нас побач з кожным пірсам ёсць урна для смецця. Але ўсё роўна знаходзяцца тыя, хто выкіне фанцік або пустую бутэльку ў траву, а то і ў ваду.

Мужчына арандуе возера са студзеня 2022 года. За паўтара года тут было зроблена шмат працы: праведзена высечка дрэў і хмызняку, экскаватарам пачышчана берагавая лінія. Тэрыторыя вакол возера была ўзарана і засеяны газоны. Мужчына пасадзіў дрэвы, запусціў рыбу, пабудаваў вакол возера домікі, стаянкі, пірсы. У некаторыя домікі была праведзена электрычнасць і адкрыты душавыя.

Зробленае бачна, як кажуць, няўзброеным позіркам. Вакол возера роўнымі радамі растуць стрункія бярозы і вербы. Ад берага на аднолькавай адлегласці адзін ад аднаго сыходзяць у ваду пірсы. Каля кожнага з іх стаіць прыгожая альтанка з мангалам. Каля далёкага берага прытуліліся ўтульныя домікі, побач з якімі пасаджаны маладыя хвоі. Таксама прыкметна, што праца праводзіцца і зараз — каля няскончанага тратуара чакае свайго часу новая плітка, а на траве за хаткамі віднеецца свежы чорны шнар — нядаўна тут пракладвалі электрычнасць.

На пытанне, для чаго Аляксандр узяў возера ў арэнду, мужчына адказвае:

— Каб нешта добрае стварыць! Хтосьці збірае аўтамадэлі, хтосьці калекцыянуе карціны, я ж вырашыў нешта пабудаваць, а для гэтага арандаваў возера.

У планах у Аляксандра правесці электрычнасць ва ўсе домікі, на ўсе пірсы. Зрабіць асвятленне на пешаходных дарожках, працягнуць азеляненне тэрыторыі. А самы амбіцыйны праект — насыпаць у цэнтры возера востраў, на якім будзе пабудаваны домік.

— Вельмі часта адпачываючыя прыязджаюць з дзецьмі, таму тут будуць насыпаны пясочніцы для малых, пабудуем для іх арэлі, каруселі, — паказвае Аляксандр. — Таксама будзем рабіць усё, каб у нас было камфортна адпачываць людзям з абмежаванымі магчымасцямі.

У Аляксандра Васільева таксама ёсць старонка ў Instagram, дзе можна забраніраваць сабе месца для рыбалкі, домік або альтанку.

Пераязджаем на возера, якое размясцілася ў вёсцы Дорагава Цырынскага сельсавета. Нас сустракае Міхаіл Дрозд, які арандуе возера з 2014 года.

— Гэты вадаём адзін з самых перспектыўных у раёне, — распавядае мужчына. — Да таго ж  у яго цікавая пабудова, ён увесь час падсілкоўваецца, ёсць праточнасць. Зручны спуск, можна вырошчваць матачнік, гэта таксама плюс.

Возера ўмоўна падзелена на дзве часткі — да павароту і пасля. Міхаіл распавядае, што на першай частцы вялікіх работ не праводзілася. Тут проста абкошваецца прыбярэжная тэрыторыя. Месцы для рыбалкі складана не заўважыць — каля кожнага з іх бялее мяшок для смецця. У возеры водзяцца карась, карп, белы амур, таўсталобік, акунь, шчупак, лінь.

Праходзім да другой часткі возера. Тут размешчаны альтанкі для адпачынку і два гасцявых доміка. Адзін разлічаны на тры спальных месцы, другі — на чатыры. Каля адной з альтанак — па-майстэрску выкананае з жалеза кастравое месца — падарунак сяброў.

Міхаіл расказвае, што раней на гары, што вырасла побач з возерам, святкавалі Купалле, таму і бераг быў чыстым. На жаль, людзей у вёсцы з кожным годам становіцца меней, таму кастры на гары ніхто болей не раскладае, а бераг возера пакрысе зарос. На прыбярэжнай тэрыторыі растуць галінастыя ліпы. Па словах Міхаіла, гэтыя дрэвы, якім ужо больш за 150 гадоў, — усё, што засталося ад сядзібы, што калісьці тут размяшчалася. Апошнім яе ўладальнікам з зямельным фондам у 870 дзесяцін быў Фабіян Аляксандравіч Барановіч. У аснову планіровачнага рашэння сядзібы былі закладзены тры алеі. І сёння крыху прасочваецца ўязная ліпавая алея. Можна заўважыць рэшткі паркавай алеі.

— У першы год, калі прыйшоў сюды, пачысціў возера, спускаў сажалку, рамантаваў дамбу, — распавядае Міхаіл. — Паступова нешта запускаецца, нейкая рыба наадварот забіраецца — усё залежыць ад працэсу. Мы займаемся і рыбалкай, і продажам рыбы. Калі рыбалка — трэба своечасова дастаць “непатрэбную” рыбу, напрыклад, карася і рэалізаваць яе. На гэтае месца трэба запусціць больш каштоўную рыбу — карпа або амура. Працы хапае, але яна прыносіць асалоду. Хочацца, каб тут быў парадак, а людзі шанавалі працу іншых.

Сяргей СТОЛЯР

Фота аўтара і з адкрытых інтэрнэт крыніц