В Кореличах состоялась первая в этом сезоне сельскохозяйственная ярмарка

30 верасня на рынку райцэнтра прайшла першая асенняя ярмарка па продажу сельскагаспадарчай прадукцыі. Журналісты раённай газеты «Полымя» з гэтай нагоды наведаліся сюды, каб на свае вочы ўбачыць, чым сёлета парадавалі пакупнікоў.

А дзявятай гадзіне раніцы на раённым кірмашы ідзе гандаль.  Пакупнікі цікавяцца цэнамі на прапануемую гародніну і садавіну, іншыя прадукты харчавання. Мы таксама вырашылі гэта зрабіць, каб расказаць нашым чытачам, якія туды ў гэты дзень не наведаліся.

Адразу скіроўваю позірк на самае, як гаворыцца, найчасцей запатрабаванае ў пакупнікоў. У першай палатцы капуста каштуе 70 капеек, за цыбулю і моркву просяць па рублю за кілаграм. Што датычыць бульбы, на рынку яе прадавалі па 50 капеек за кілаграм і нават прапаноўвалі дастаўку. Вялікія і прыгожыя яблыкі гатункаў «Антонаўка» і «Грабшціна» можна было набыць па два рублі за кілаграм.

Гасцінна сустракала пакупнікоў прадавец Карэліцкага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства Алена Ждан. Яна адзначае, што сёння ў попыце журавіны і каштуюць 11 рублёў 40 капеек за кілаграм. Назвала цэны і на іншую гародніну: баклажаны — 3.50, таматы — 2.40, перац — 2.10, часнок — 7.00, сталовыя буракі  —0.50, свежая капуста — 0.80, сталовая морква — 0.80, рэпчатая цыбуля — 1.10 і бульба — 50 капеек. Можна было набыць квашаную капусту па 3 рублі 10 капеек і салёныя агуркі — па 6 рублёў за кілаграм.

Парадавалі пакупнікоў і гаспадарлівыя карэліччане, які пастараліся на славу і на рынку прапаноўвалі пакупнікам вырашчаную прадукцыю. За  вялікія гарбузы і капусту «Кальрабі» прасілі па рублю за кілаграм, у такую цану і  яблыкі. А вось расаду позняга гатунку клубніц «Мальвіна» можна было набыць за пяць рублёў. За гэтую суму прадавец прапаноўвала 11 штук. На пытанне «Чаму менавіта адзінаццаць?», адказала: «Так заведзена ў пакупікоў, яны хочуць няцотную колькасць расады». На тое ж і рынак, каб чымсьці здзіўляць.

Па-добраму была здзіўлена тым, што на карэліцкім рынку можна было купіць нават сушаны ўкроп: 200-грамовая шклянка яго каштавала 2 рублі, а каляндра ў паўлітровым словіку — пяць рублёў. Грушы былі такія вялікія і апетытныя (па 5 рублёў за кілаграм), што папрасіла ўзважыць іх паасобку: адна з іх — 270, другая — 320 г.

Прайсці міма мяснога аўтамагазіна было немагчыма. Да яго падыходзяць пакупнікі, затрымліваюцца і абавязкова што-небудзь набудуць. Напачатку занатоўваю цэны: салёнае сала — 16.90 і 18.90, каўбаса «Пачастунак» — 23.90, грудзінка — 13.90, кумпячок — 23.50, паляндвіца — 25.00, руляда — 9.80 і іншае. У рэшце рэшт, устрымацца не змагла і купіла салёнага сала. Як ні кажыце, прадукт на ўсе часы, а калі родам з вёскі, то напамінак пра дзяніства і юнацтва, яно было заўжды на стале.

Быў тут і  мёд — карысная страва. Як высветлілася, прадавец — жыхар райцэнтра, радзіма салодкага прадукта — вёска Любанічы. Кошт мёда складае: 0,5 літра — 8 рублёў, адзін літр — 16.

У ліку прадаўцоў на кірмашы былі і прадстаўнікі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў раёна. Каля аўтамашыны СВК «Жухавічы» нават была чарга. Цікаўлюся цэнамі на садавіну і агародніну. Моркву, цыбулю, буракі, яблыкі тут можна было набыць за адзін рубель дзесяць капеек за кілаграм, а капусту — 70 капеек. КСУП «Малюшычы» прадавала ячмень па 55 капеек за кілаграм. Як адзначалі малюшыцкія прадаўцы, зерне карыстаецца попытам і прывезлі на кірамаш 3 тоны 600 кілаграмаў. СВК «Маяк-Заполле» даставіў 3,5 тоны пшаніцы. Кошт за адзін кілаграм — 50 капеек, адзін мяшок зерня — 26 рублёў.

Накіроўваюся да таго рада, дзе выстаўлены саджанцы маладых дрэўцаў. Дэталёва вывучаю асартымент: груша розных гатункаў: «Кітайка», «Завіруха», «Талгарская прыгажуня», «Берэ Люкс», «Дэсертная расашанская», «Проста Марыя», «Вялікая летняя», яблыні «Алеся», «Беларускае салодкае», «Ауксіс», «Шмант», «Каваленскае», «Алена», «Белы наліў», «Поспех», слівы «Венгерка», «Беларуская», «Камета», «Агакоўская», «Кромань», а таксама  маліна, чырвоны агрэст, чорныя парэчкі. Знаёмімся з прадаўцом: Елісей Аляксеевіч Петрыкевіч прыехаў з вёскі Невашоўшчына Навагрудскага раёна. «У мяне ёсць свой гадавальнік, у ім вырошчваю саджанцы пладова-ягадных культур, сезонную ягаду», — гаворыць аматар-садавод і дадае, што яблыня каштуе 10 рублёў, груша і сліва — па 15, і жадаючыя могуць прыязджаць дамоў.

Падарожжа па рынку завяршылася сустрэчай са светам кветак. Вочы разбягаліся ад хрызантэм. На рынку радавалі асеннія кусты шматлетнікаў коштам 10 рублёў за адзін куст. Праўда, і пакупнікоў было ўдосталь. Як аказваецца, восень шчодрая пара года не толькі на дары прыроды, але і на прыгажосць. Яна дае магчымасць, каб на стале былі хлеб і да хлеба, каб душа радавалася ўсяму прыгожаму на зямлі. І гэта дзякуючы працавітасці нашых землякоў, іх імкненню дарыць людзям дабрыню і радасць.

 

Галіна СМАЛЯНКА

Фота Сяргея СТОЛЯРА