Зруйнаваныя старонкі. Завочнае падарожжа на маю маленькую радзіму
За сем гадоў працы на Карэліччыне я праехаў амаль увесь раён. Прапаную і вам пазнаёміцца з самай любай для мяне часткай Ляхавіччыны — маёй малой радзімы.
У вёсачцы Любейкі, дзе я правёў самыя бесклапотныя дні, зруйнавалі будынак. Белы, з сінімі вокнамі і зялёным ад часу дахам. Будынак, каля дзвярэй якога заўжды вісела невялічкая шыльдачка яшчэ барадатых часоў. “Любейкаўскі сельскі клуб-бібліятэка”.
Вакол будынка заўжды, колькі сябе памятаю, раслі высокія таполі. Іх спілавалі.
Здавалася б, навошта шкадаваць будынак клуба, які стаіць нікому не патрэбны? Кнігі перавезлі ў іншую вёску, дзе патэнцыяльных чытачоў больш.
А вёсачка Любейкі, дзе мы некалькі год таму налічылі 61 жыхара, засталася без будынку, без якога я не магу ўявіць сабе маю маленькую радзіму.
Побач з клубам яшчэ нядаўна стаяла старэнькая пачатковая школа, у якой вучылася мая мама. Я ўжо не памятаю, калі школка працавала. Памятаю толькі старую настаўніцу, якая да скону свайго веку пражыла ў школьным кабінеце. Я так хацеў пахадзіць па школе, заглянуць у кабінеты. Нешта цягнула мяне туды, здавалася, што там шмат усяго цікавага і незвычайнага. Магчыма, нейкая частка малога мяне адчувала, што я стану настаўнікам. Я быў у памяшканні той школы ўсяго адзін толькі раз, калі да старой настаўніцы прыехалі яе ўнучкі. Аднак школка, яе зялёны будынак, моцна ўрэзалася ў маю памяць, стала сімвалам вёскі. Так, як і будынак клуба-бібліятэкі.
Некалькі гадоў таму зруйнавалі і будынак любейкаўскай фермы. Як нам тады сказалі, зруйнавалі з-за нас. Мы з сябрамі вельмі любілі гуляць у небяспечным будынку, лазіць на дах. Рабілі з галін аўтаматы і лазілі па доўгіх калідорах фермы, стралялі адзін у аднаго, спрачаліся, хто першы стрэліў, куды трапіў, і якая на нас была браня. У адзін дзень да фермы прыехаў трактар і выкапаў вакол глыбокую яму. Праз колькі тыдняў у гэтую яму проста спіхнулі сцены. Яму закапалі. Дзесьці там, сярод будаўнічага смецця, бяздушны трактар закапаў і нашы аўтаматы.
Разабралі і хату старой Тэклі. Ля гэтай хаты і дагэтуль расце груша-дзічка. Але цяпер яна ўжо не вабіць нас. А колькі год таму мы выкопвалі паміж каранёў старой дзічкі ямы і палілі там невялікія вогнішчы. Палілі іх употайкі ад дарослых. Вось гэта быў адрэналін, улічваючы, што груша стаяла насупраць хаты майго сябра. Потым у двары Тэклі мы зладзілі будан. У аднаго з маіх сяброў тады з’явіўся губны гармонік. Мы сядзелі ў шалашы і спрабавалі выдзьмуць ноты. Затым прынеслі гітару і стараліся сыграць што-небудзь дуэтам. Нават не памятаю, атрымоўвалася ў нас, ці не.
Колькі іх было, гэтых шалашоў? А колькі з іх мы так і не дабудавалі?!
Самы першы быў недалёка ад Любеек, пад зламанай лапай старой хваіны. Там мы, па сутнасці, нічога не будавалі. Проста любілі сядзець пад гэтай лапаю, пакуль ігліца не высахла. Там сядзелі звычайна з сяброўкаю. Яна была адной з сясцёр-блізнятак. Яны былі, як тады падавалася, падобныя, як дзве кроплі вады, але закахаліся мы з сябрам у адну. Закахаліся шчырым дзіцячым каханнем, без усялякіх “задніх” думак. Проста таму, што яна прыгожая дзяўчынка. Адзін з шалашоў расклалі пад кінабудкай, якая была прыладжана да клуба-бібліятэкі і стаяла на палях.
Увогуле, з Любейкамі шмат успамінаў. Асноўная большасць з іх – прыемныя. І сама вёска – частка гэтых успамінаў. Вёска, яе жыхары, іх хаты, стагі саломы на загуменні, азярцо – яма з лужынай, што шмат гадоў таму была возерам. Расказвалі, што некалі на возеры жылі лебедзі. У адной жанчыны нават ёсць фотаздымак з гэтымі прыгожымі птушкамі, якія важна плывуць па чорна-белай вадзе. Калі ў мяне наступіў узрост “чамучкі”, я спытаў у бабулі, чаму возера перасохла. Мая добрая бабуля прыдумала для мяне казку аб тым, што жыла на возеры лебядзіная сям’я. Аднойчы ў вёску прыехалі злыя людзі. Яны хадзілі па дварах, шукалі, што можна скрасці. Главару гэтых злых людзей вельмі спадабаліся лебедзі, і ён загадаў злавіць іх. Але ганарлівыя птушкі не далі сябе пакрыўдзіць, а важак стаі ўшчыкнуў злодзея. Тады той дастаў з машыны стрэльбу і забіў птаха. Лебедзь памёр і затануў. Яго браты і сёстры ўзляцелі, сабраліся клінам, зрабілі некалькі кругоў над возерам, аплакваючы свайго важака, і паляцелі. Больш яны ніколі не прыляталі на возера, і яно паступова засохла, страціўшы сваіх абаронцаў.
Белы, з сінімі вокнамі і зялёным ад часу дахам будынак, які зруйнавалі, стаяў якраз на беразе безыменнага возера.
Для мяне гэты будынак – частка майго дзяцінства. Вакол яго мы бегалі навыперадкі, гойсалі на роварах. Яго плот рабіўся для нас пляцоўкай для паркура. Хаця тады слова “паркур” было для нас незнаёмым, мы даведаліся аб ім, толькі калі паглядзелі “Трынаццаты раён”. Мы проста гулялі, пералазілі праз плот. Матуля сварылася, бо я часта рваў штонікі аб цвікі. Яна прасіла, каб дзядуля накрычаў на мяне, але мой мудры дзядуля толькі ўсміхнуўся і сказаў, што штонікі можна зашыць, галоўнае, што я не падраў нагу ці руку. Ён даваў мне ў рукі ніткі і іголку, я павінен быў зашыць дзіркі сам. Таму ў наступны раз я стараўся лазіць так, каб нічога не падраць. Пад старой кінабудкай я спаліў сваю першую цыгарэту, атрымаў свой першы пацалунак ад той самай дзяўчынкі. Ганарыўся, бо яна пацалавала мяне, а не майго сябра. А ён вельмі хацеў ёй спадабацца. Вечарам, калі ўсе разышліся, мы паехалі з ім на роварах пад яе хату, узяўшы з сабой вялікі кавалак крэйды. Сябра папрасіў мяне пабыць з ім, пакуль ён робіць ёй сюрпрыз. Узяўшы крэйду ў рукі, старанна пачаў выводзіць на асфальце надпіс. Папрасіў мяне не глядзець. Дазвол на гэта я атрымаў толькі тады, калі справа была закончана. Зірнуўшы на надпіс, я засмяяўся. Ці то ад хвалявання, ці то ад таго, што было ўжо цёмна, мой сябра-рамантык крыху пераблытаў літары, і ў яго атрымалася “КОЛR+НАДR”. Рэшту вечара мы правялі возячы ваду з калонкі і выціраючы надпіс.
У апошнія гады існавання клуба мая бабуля працавала там прыбіральшчыцай, таму ў яе былі ключы. Бібліятэкарка ў вёску не прыязджала, і я мог самавольна хадзіць у бібліятэку. Я замыкаўся і сядзеў сярод кніжных паліц, гартаў спісаныя ўжо ў нябыт часопісы. “Полымя”, “Нёман”… Гартаў, не задумваўся над сэнсам напісанага там. Проста сядзеў. Проста гартаў. Я перагартаў усе нумары “Вожыка”. Разгледзеў у ім кожную замалёвачку, кожны шаржык. Тады я не ведаў, што кнігу “Хобіт, або Вандроўка туды і назад” Дж. Р.Р. Толкіна ў беларускамоўным перакладзе, якую я вельмі не любіў, будзе шукаць мой сябра і не знойдзе. У куце бібліятэкі стаяла мая любімая паліца з надпісам “Фантастыка. Прыгоды”. Я чытаў кнігі Рэя Брэдберы і Аляксея Талстога і сам хацеў напісаць такую цікавую кнігу, каб праз шмат гадоў які-небудзь юнак зачытваўся і маёй кніжкай. Каб яго матуля прыходзіла да яго ў пакой і забірала кніжку з сонных рук, папраўляла яго коўдру і заўважала, як у яго пад павекамі бегаюць вочкі. Ведала, што яму сніцца чароўны фантастычны свет.
А цяпер… Будынак зруйнавалі. І часцінку маёй душы… быццам закапалі побач.
Сяргей СТОЛЯР