Член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Эльвіра Сарока: «Сям’я — падмурак любога грамадства»
У жыцці кожнага з нас сям’я займае асаблівае месца. Каханне, давер, павага, узаемадапамога, дабрыня і разуменне з’яўляюцца асновай сучасных сямейных каштоўнасцяў.
Сям’я дае нам сілу і апору, надзею і цеплыню, а самыя родныя і блізкія людзі складаюць часцінку нашага сэрца. Любіць сваіх дзяцей, шанаваць бацькоў, падстаўляць моцнае плячо сваім братам і сёстрам у патрэбную хвіліну – даўняя і вельмі правільная традыцыя.
«Зямля без вады мёртвая, чалавек без сям’і — пустацвет», — сцвярджае народная мудрасць. Менавіта таму людзі не губляюць сувязь са сваімі блізкімі і, нягледзячы на гады і адлегласці, працягваюць шукаць тых родных, з кім калісьці разлучылі абставіны.
Сям’я — падмурак любога грамадства. У нашай краіне падтрымліваюцца традыцыйныя сямейныя каштоўнасці, што знаходзіць сваё адлюстраванне на заканадаўчым узроўні, у першую чаргу ў Канстытуцыі. Шлюб, сям’я, мацярынства, бацькоўства і дзяцінства знаходзяцца пад абаронай дзяржавы. Сацыяльная падтрымка сем’яў пры нараджэнні і выхаванні дзяцей – адзін з ключавых напрамкаў дзяржаўнай палітыкі ў Рэспубліцы Беларусь. У нас сфарміравана сістэма прававых гарантый і сацыяльных ільгот сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей. Ажыццяўляецца цэлы шэраг праграм і мерапрыемстваў, накіраваных на падтрымку сем’яў, як на рэспубліканскім, так і на мясцовых узроўнях.
Тыдзень бацькоўскай любові — выдатная магчымасць выказаць сваю падзяку і бязмежную ўдзячнасць бацькам за іх любоў і разуменне, пяшчоту і цярпенне. Ад усёй душы жадаю нашым дарагім мамам і татам, бабулям і дзядулям моцнага здароўя, дабра і дабрабыту. Няхай вашы дамы заўсёды будуць напоўнены святлом любові, цяплом, дастаткам і ўтульнасцю!