К 105-летию ВЛКСМ. Кореличчане вспоминают комсомольскую молодость

29 кастрычніка спаўняецца 105 гадоў з дня ўтварэння Усесаюзнага Ленінскага Камуністычнага Саюза Моладзі. Школу Ленінскага камсамола ў савецкі час прайшлі мільёны маладых людзей.

— Камсамол для мяне — школа жыцця, — расказвае Людміла Гоўша, якая са жніўня 1977 г. была сакратаром Карэліцкага райкама камсамола, а ў 1979 г. стала першым сакратаром Карэліцкага райкама камсамола. — Калі вучылася ў Гродзенскім педінстытуце, арганізоўвала работу будаўнічых атрадаў, была камандзірам штаба. Праца ў будатрадах захапляла студэнтаў, прыносіла дадатковы заробак, моладзь цікава і з карысцю праводзіла канікулы. Калі я прыйшла працаваць на Карэліччыну, тут была сфарміравана     адзіная каманда на чале са старшынёй райвыканкама Іванам Аляксандравічам Базевічам, якая вучыла, падказвала і дапамагала. У гэтай камандзе працавалі і кіраўнікі гаспадарак, іх намеснікі, кіраўнікі школ, педагогі-арганізатары, піянерскія лідары — кожны імкнуўся дапамагчы.

Людміла Пятроўна ўспамінае, што з камсамольскімі кадрамі вялася вельмі эфектыўная работа. Прычым камсамол не толькі рыхтаваў кадры прафесійна, але і клапаціўся пра іх культурнае развіццё:

— Я добра памятаю месячныя курсы ЦК УЛКСМ, якія праходзілі ў Маскве. Першую палову дня мы наведвалі заняткі, а потым для нас былі арганізаваны экскурсіі ў Музей-кватэру Леніна, Музей авіяцыі ў Моніна, мы наведалі прэм’еру фільма “Чучала”, сустракаліся з маладымі рэжысёрамі, паэтамі і пісьменнікамі, былі ў тэатры на Таганцы. Галоўнае, што мы былі маладымі. У нас было ў каго вучыцца, было на каго раўняцца, было каго паважаць. Мы верылі ў тое, што мы робім. І па сённяшні дзень мы сябруем з тымі, з кім працавалі ў тыя часы. Добра памятаю, калі я прыйшла працаваць у Карэлічы, у парку залівалі танцпляцоўку. Мы маглі днём працаваць на суботніку, а вечарам ісці на танцы. Цяпер задумваешся, адкуль хапала сілы.

Пераглядаючы старыя фотаздымкі, Людміла Пятроўна расказвае пра піянерскія злёты і спартыўныя патрыятычныя гульні, на якіх карэліччане займалі высокія месцы:

— Выдатна, што цяпер адраджаюцца тыя гульні, на якія так падабалася ездзіць школьнікам: “Арляня”, “Зарніца”, асабліва абласныя. Добра, што вярнуліся спаборніцтвы паміж працоўнай моладдзю. Калісьці за перамогу ў іх уручалі вельмі добрыя прызы. Так, напрыклад, Зіна Ліннік з калгаса імя Жалезняковіча прывезла з ХІХ з’езда камсамола імянны трактар, Коля Верабей з калгаса імя Калініна выйграў грузавы аўтамабіль. Маладыя жывёлаводы з племзавода “Карэлічы” ездзілі на сустрэчы з калегамі з Расіі і Украіны, гэта пашырала кругагляд, распальвала азарт.

Урачысты пленум райкама ў гонар 60-годдзя УЛКСМ, Жухавічы, 1980 г.

Фінал абласной гульні «Арляня», 1978 г. Турэцкія юнармейцы

Уручэння камсамольскіх білетаў у Карэліцкім краязнаўчым музеі. 1978 г.

Людміла Гоўша з юнымі камсамольцамі

Абласны злёт старшых піянерважатых, май 1978 г.

Першы сакратар Карэліцкай раённай арганізацыі Камуністычнай партыі Беларусі Марыя Беленава ўступіла ў рады УЛКСМ больш 50 гадоў таму. Час, праведзены ў камсамоле, яна ўспамінае з цеплынёй:

— Без перабольшвання магу адзначыць, што лепшыя і незабыўныя гады жыцця, адданыя камсамолу, уручылі мне пуцёўку ў далейшае станаўленне партыйнага работніка. Гэта маладосць, бурлівая энергія, насычанасць значнымі падзеямі, якія перапляталіся з гісторыяй роднага краю. Менавіта камсамол навучыў мяне верыць у сваю справу і захапляць іншых, падарыў мне дзясяткі сустрэч з вядомымі людзьмі, тут я знайшла шмат дарагіх майму сэрцу сяброў. Успамінаюцца паездка на востраў Куба, сустрэча з Фідэлем Кастра, падарожжы ў Румынію, Балгарыю, Крым, Сочы, Нальчык, Прыбалтыку, Паўночны Каўказ, снежныя вяршыні Дамбая. Разам з сябрамі мы хадзілі ў паходы выхаднога дня, вывучалі прыроду вакол нас. Нас вучылі, што кожны камсамолец павінен быць прыкладам дзелавітасці, сціпласці, прынцыповасці, годна насіць высокае званне члена УЛКСМ, і мы ўспрымалі гэта як належнае. Мы працавалі на карысць нашай Радзімы на суботніках, да галоўных дзяржаўных святаў абяцалі датэрмінова выконваць планавыя заданні, уставалі на працоўныя вахты, выступалі ініцыятарамі сацыялістычных спаборніцтваў за эканомію і беражлівасць на кожным рабочым месцы і г.д. Мы адчувалі, што праца моладзі неабходна Радзіме. Прыемна, што ў Беларусі маладзёжны рух адноўлены, і справа выхавання маладога пакалення ў надзейных руках.

Уручэнне камсамольскіх значкоў у Лукскай СШ, 1974 г.

5-ы студэнцкі турыстычны злёт каля ляснога возера Сапоцкін, 1969 г.

На суботніку каля Карэліцкай сельгастэхнікі. 1980 г.

Паход выхаднога дня, рака Нёман, 1972 г.

5-ы студэнцкі турыстычнага гарадскі злёт. Застава Усава, 1969 г.

Пра дзейнасць Карэліцкага РК ГА “БРСМ” расказвае першы сакратар Аксіння Ждан:

— У Карэліцкім раёне створаны 44 пярвічныя арганізацыі, якія аб’ядноўваюць 776 юнакоў і дзяўчат. Маладыя карэліччане штогод удзельнічаюць у шматлікіх акцыях і мерапрыемствах, прысвечаных знакавым падзеям у жыцці краіны, самымі маштабнымі з якіх з’яўляюцца акцыі “Беларусь памятае. Памятаем кожнага”, “Мы — грамадзяне Беларусі”.

Пры падтрымцы дзяржавы “БРСМ” змог адрадзіць знакаміты камсамольскі брэнд — студатрадаўскі рух. Сёлета на тэрыторыі раёна дзейнічала адзінаццаць студатрадаў сельскагаспадарчага, будаўнічага і педагагічнага накірунку, у якіх працавалі 164 чалавекі.

Валанцёры РК “БРСМ” заўжды гатовы прыйсці на дапамогу ветэранам вайны, працы, адзінокім і састарэлым землякам у рамках акцыі “Мы выбіраем дапамогу  пажылым людзям”. Па тэлефоне 2-06-60 працуе “гарачая лінія” па дастаўцы на дом прадуктаў харчавання і дапамогі па гаспадарцы для ветэранаў вайны, інвалідаў, састарэлых адзінока пражываючых людзей.

Штогод на Карэліччыне сяброў збірае раённы турыстычны злёт. У 2023 годзе ў ім прынялі ўдзел каля 250 чалавек з 13 каманд. Пераможцы — каманда КСУП “Малюшычы” – прадстаўлялі раён на абласным этапе.

На рахунку моладзі – шмат добрых спраў, але яшчэ больш – наперадзе.

Сяргей СТОЛЯР

Фота з архіваў герояў публікацыі