В СПК «Свитязянка-2003» делятся передовым опытом в растениеводстве с аграриями из других областей

Семінар па раслінаводстве сабраў у СВК «Свіцязянка-2003» аграрыяў з трох абласцей.     

У Карэліцкім раёне адбыўся семінар па раслінаводстве. Аграрыі з Гродзенскай, Мінскай і Брэсцкай абласцей абмеркавалі павышэнне эфектыўнасці вытворчасці кукурузы на зерне і сілас, азімых збожжавых і цукровых буракоў ва ўмовах Гродзенскай вобласці, сучасныя селекцыйныя дасягненні і найважнейшыя тэхналагічныя аспекты іх вырошчвання.

У СВК “Свіцязянка-2003” адбылася выстава корманарыхтоўчай і збожжаўборачнай тэхнікі камбайнавага завода “Растсельмаш”. Сёлета машынна-трактарны парк СВК папоўніўся новым камбайнам “Торум 785” расійскай вытворчасці. Як расказаў кіраўнік аддзела продажаў ТАА “Перадавыя Агра Тэхналогіі” Мікалай Дубовік, гэты камбайн мае перавагу дзякуючы тэхналогіі, запатэнтаванай КЗ “Растсельмаш” у 2008 годзе: ротар камбайна знаходзіцца ў сетцы, якая звычайна ўстаноўлена стацыянарна. У камбайнах “Растсельмаш” ротар круціцца ў адзін бок, сетка — у іншы. За кошт гэтага дасягаецца самаачышчэнне малацільнай часткі, павелічэнне аб’ёму абмалоту за секунду і яго якасць.

— Гэтая сістэма на палях Беларусі паказвае сябе лепш, чым тыя, якія выкарыстоўваюцца ў замежных камбайнах, — рэзюмаваў Мікалай Дубовік.

За рулём “Торума 785” працуе механізатар Аляксандр Саўко. Да гэтага мужчына шчыраваў на “Палессі”. Параўноўваючы вопыт працы на беларускім і расійскім камбайнах, кажа, што ў кожным з іх ёсць свае плюсы і мінусы:

— Якасць збожжа добрая, камбайн убірае чыста, менш страт. Камфортная кабіна, клімат-кантроль. За ўборачны сезон сур’ёзных паломак не было, хоць кожны дзень у полі.

Таксама сёлета ў СВК “Свіцязянка-2003” набылі тры новыя айчынныя камбайны. Галоўны аграном прадпрыемства Дзмітрый Волк кажа, што новыя “Палессе” дапамаглі хутчэй завяршыць уборачную, а значыць не дапусціць страт:

— Камбайны паказалі сябе з лепшага боку. Магутныя, непатрабавальныя ў абслугоўванні. Адпрацавалі без істотных паломак.

Сёлета ўборачную кампанію ў “Свіцязянцы” завяршылі за 28 дзён замест 40 летась. На прадпрыемстве строга кантралявалі страты, сачылі за якасцю збожжа:

— Асаблівасць гэтага сезона ў тым, што салома сухая, а зерне яшчэ вільготнае. Нюансаў шмат. Але мы справіліся.

На полі за агр. Райца былі прадстаўлены 17 гібрыдаў кукурузы кампаніі KWS. Пра кожны з іх расказаў прадукт-менеджар KWS па кукурузе Андрэй Сарока.

— Такі семінар праводзіцца ў нас не ў першы раз, — кажа Дзмітрый Волк. — Карысны вопыт для калег з іншых рэгіёнаў. Напрыклад, на гэтым полі прадстаўлена 17 гібрыдаў кукурузы, гэта дае магчымасць ацаніць, як розныя гібрыды адчуваюць сябе ў аднолькавых умовах.

Аграном кажа, што больш выгадна сеяць пазнейшыя гібрыды, бо ў іх вышэйшая ўраджайнасць.

— Сёлета ў нас, можна сказаць, была барацьба за кукурузу. З-за засухі пайшла другая хваля пустазелля. Прыйшлося пераполваць некаторыя пасевы. Але мы справіліся, і вынік ёсць — кукуруза чыстая.

Радуе, што летняя засуха на ўраджайнасці кукурузы асабліва не адбілася. Уборка царыцы палёў ідзе ў штатным рэжыме. Назапасіць кармы для грамадскага пагалоўя — цяпер гэта задача нумар адзін.

Затым удзельнікі семінара перамясціліся на поле каля вёскі Міратычы, дзе па тэхналогіі “Канвіза Смарт” пасеяна 200 га цукровых буракоў. На прадпрыемстве вырашылі выкарыстаць гэтую тэхналогію, бо яна спрыяе вялікай ураджайнасці і меншай колькасці апрацовак ад пустазелля і шкоднікаў. Палі неабходна апрацаваць усяго двойчы, у той час, як буракі, якія пасеяны па класічнай тэхналогіі, часам трэба апрацоўваць тры, а то і чатыры разы.

Сутнасць тэхналогіі заключаецца ў гербіцыднай апрацоўцы насення. Дзмітрый Волк кажа, што тэхналогія сябе цалкам апраўдала, таму яе плануюць прымяняць і ў наступным годзе.

Сяргей СТОЛЯР

Фота аўтара