ПУНКТ ПОГЛЯДУ ЖУРНАЛІСТА: У СУЛАДДЗІ З ПРЫРОДАЙ
Няпроста сустрэць раўнадушнага да прыроды: адны імкнуцца раздзяліць хвіліны радасці і смутку, другія абараніць і ўпрыгожыць — жыць у суладдзі.
СЯБАР І ЛЕКАР
Восень — цудоўная пара. У многіх з’явах прыроды шукаю асалоду. Яна не перастае здзіўляць сонечнымі промнямі, барвова-жоўтымі дрэўцамі, гарэзлівым дажджом — і гэта сагравае душу.
Прырода здольная тварыць цуды. Дрэвы паступова мяняюць уборы: апранаюць залатыя шапкі і барвовыя сукенкі. Прыгледзішся — шмат хараства навокал, і немагчыма адвесці позірк.
Яна сапраўдны сябар. Выслухае і зробіць гэта моўчкі, нікому тваіх сакрэтаў не перадасць. Скіроўваеш позірк у неба, дыхаеш свежым паветрам, любуешся ўсім навокал — і душа адпачывае, а вочы шукаць новыя таямніцы.
… Крочыш знаёмымі сцяжынкамі па залацістым дыване — і натыкаешся на каштанчыкі. З імі любяць гуляць дзеці, а дарослыя рыхтуюць лекі. Увогуле, прырода — лекавая скарбонка. Мой дзядуля заварваў палынь і лячыўся травяным сборам. Лісточкі серабрыстага колеру растуць пры дарозе пад дажджом і ветрам і маюць вялікую лячэбную сілу.
СОНЦА, ДОЖДЖ, ВЕЦЕР
Няпроста ўявіць жыццё без сонца. Яно сагравае зямлю, а промні лашчаць твар. Летам у прыродзе стаіць цяплынь, і сонца ператварае наваколле ў казку.
Мне часта ўспамінаецца Вялікдзень у роднай вёсцы. З самага ранку прыходзіла суседка і нагадвала пра тое, што хутка на небе зайграе сонейка. Разам выходзілі за хату і скіроўвалі позірк на неба: яно весялілася і радавалася светламу дню Уваскрэсення Хрыстова.
Дажджу вяскоўцы надаюць пэўнае значэнне, калі іх чакаюць сялянскія клопаты. Ва Усявышняга просяць надвор’я, каб выкапаць бульбу, у засушлівае лета — дажджу, каб яна вырасла. Вялікую радасць атрымлівала ў дзяцінстве ў даджлівае надвор’е, калі бегала па вялікіх лужынах. Зараз у цёплым пакоі кватэры люблю думаць аб жыцці-быцці, калі кроплі дажджу барабаняць і сцякаюць па шыбах.
У ветры — вялікая сіла: калі вельмі моцны, можа нанесці шкоду, нават разбурыць і зламаць пабудовы, вырваць дрэва з коранем. Існуюць народныя выслоўі: «Кідаць словы на вецер», «Вецер гуляе ў галаве», «Як у полі вецер» і іншыя.
ПОЛЕ, МАЁ ПОЛЕ…
… Стаю на жытнёвым полі — і яму не відаць канца. У дзяцінстве любіла бываць тут. Збажына расла высокай, у ёй — валошкі. Скіроўваю позірк у далячынь — плывуць волаты-камбайны, над полем — блакітнае неба, а на душы хораша-хораша.
А ці былі вы на льняным палетку? Такая прыгажосць, асабліва, калі цвіце лён. Я дапамагала маці рваць яго, найбольш падабалася вязаць у снапкі і ставіць у кучкі. Пазней з калегамі шчыравалі на льняных палетках: жанчыны вязалі даўгунец, а мужчыны грузілі на машыны і адпраўлялі на льнозавод.
Наступны сказ пра бульбяное поле. Усю веліч сялянскай працы адчуваеш менавіта на восеньскіх палетках. Велізарныя прасторы, і рады ўсыпаны клубнямі. Адну за другой бульбіну апускаеш у кошыкі. У суладдзі з прыродай гэта рабіць прыемна: адчуваецца водар раллі, гэта ўзбадзёрвае, і праца ў радасць.
АД ЧЫСТАГА СЭРЦА
Кажуць, што прыгажосць выратуе свет. Многія садзяць дрэвы і кусты, а хтосьці вырошчвае кветкі. Сэрца радуецца сустрэчы з астраўкамі прыгажосці, рукі гаспадыні ствараюць цэлыя кампазіцыі. Кветкаводы робяць гэта ад чыстага сэрца, і ім захапленне ў радасць.
Што асабліва кранае? На малой радзіме ёсць дарагія сэрцу месцы. Каля бацькоўскага дома расце вялікі дуб-волат. У канцы вайны дрэўца пасадзіў мой дзядуля. Зараз разгалістыя галіны шумяць у ветранае і дажджлівае надвор’е, быццам хочуць паведаць пра штосьці важнае. Калі прытуліцца да дуба, адыходзяць будзённыя трывогі.
Бярозавы гай — другі астравок. Размясціўся побач з цэнтральной шашой Карэлічы — Мір, непадалёку ад вёскі Вялетава. Хто і калі пасадзіў, не ведаю. Шмат гадоў таму мясцовы калгас праводзіў тут святы. Жыхароў у навакольных вёсках было шмат, як і працаўнікоў гаспадаркі. Святы праходзілі ўрачыста, моладзь любіла павесяліцца. У апошнія гады жадаючыя заязджаюць за карысным бярозавым напоем. А яшчэ гэта цудоўнае месца для адпачынку: тут добра дыхаецца і думаецца.
Галіна СМАЛЯНКА