1 октября — День учителя. Педагоги СШ №1 г.п. Кореличи делятся успехами профессионального мастерства
Настаўнікі… Як ювеліры ствараюць з неаграненых камянёў творы мастацтва, так і таленавітыя педагогі крок за крокам ператвараюць нявопытных вучняў у сапраўдных прафесіяналаў. У жыцці кожнага чалавека людзям гэтай прафесіі адведзена важная роля, і, калі выходзім за школьны парог, стаўшы дарослымі, многія з нас з удзячнасцю ўспамінаюць першага настаўніка, любімага настаўніка, лепшага настаўніка.
Напярэдадні свята карэспандэнт газеты “Полымя” накіравалася ў Сярэднюю школу № 1 г.п. Карэлічы і даведалася, як установе ўдаецца трымаць высокую планку рэйтынгу дасягненняў.
Пра поспехі і дасягненні расказала намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Ніна Пятроўна Чычкан.
— Многія жыхары райцэнтра так ці інакш маюць дачыненне да дзейнасці нашай навучальнай установы. Тут працавалі і працуюць сапраўдныя прафесіяналы сваёй справы. Дзякуючы ім, установа абазначыла сябе не толькі на абласным, рэспубліканскім, але і міжнародным узроўнях. Хочацца нагадаць прозвішчы педагогаў, якія мэтанакіравана працавалі з адукацыйна матываванымі вучнямі і рыхтавалі пераможцаў прадметных алімпіяд абласнога, рэспубліканскага і міжнароднага узроўняў: Заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь Шклярж Г. К.(тры выпускнікі Ганны Канстанцінаўны атрымалі на ЦТ 100-бальны вынік па біялогіі), Апалонік Н. У., Краўцова Т. А., Тананка М. М., Рахманька Р. У., Карп Т. І..
Паспяхова прымнажаюць патэнцыял, які быў закладзены нашымі ветэранамі ў дадзеным накірунку Шут Н. В., Гурын Н. І., Бакей З. А. Выніковасць удзелу вучняў у навукова-практычных канферэнцыях забяспечваюць Маліноўская В. І., Хіневіч М. Н., Гурын Н. І., Самец А. М .
Інтэрнэт-праект «Из варяг в греки в XXI веке», распрацаваны і рэалізаваны педагогамі Комар С. Л. і Урбановіч Н. У., адзначаны дыпломам III ступені ў абласным конкурсе «IT-майстар», дыпломам III ступені ў абласным аглядзе-конкурсе «Класны кіраўнік (куратар вучэбнай групы) у сацыяльнай сетцы», дыпломам III ступені на XX рэспубліканскай выставе навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі.
Сёлета ўстанова ўзнагароджана дыпломам II ступені ў абласным конкурсе “Самая спартыўная школа”. Па выніках прэс-тура “Настаўніцкай газеты” па Гродзенскай вобласці педагагічны калектыў адзначаны падзякай за актыўны ўдзел у арганізацыі і паспяховым правядзенні мерапрыемства ў межах творчага супрацоўніцтва.
Я абсалютна ўпэўнена, што дасягненні школы — гэта заслуга ўсяго калектыву і я, як намеснік дырэктара, ганаруся тым, што мне пашчасціла працаваць у такім высокапрафесійным калектыве.
На працягу 45 гадоў дырэктары школы Заяц А. М., Апалонік В. І., Маркевіч А. М., Асташэвіч І. В., Вярбіцкая А. А. былі пачынальнікамі традыцый, заснавальнікамі будучых поспехаў. Яны сумесна з педагогамі стваралі гісторыю школы, фарміравалі традыцыі, якія жывуць і цяпер.
Супрацоўніцтва з вышэйшымі навучальнымі ўстановамі (БДУ, БДПУ імя М.Танка) і вывучэнне прадметаў на павышаным узроўні бярэ пачатак з часоў кіравання ўстановай Апалонікам В. І.
Ва ўстанове адукацыі забяспечваецца выкладанне на павышаным узроўні на ІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі замежнай мовы, на ІІІ ступені запатрабаваны такія прадметы, як матэматыка і фізіка, біялогія і хімія, руская, беларуская і замежная мовы, грамадазнаўства. Сёлета 78% вучняў 10-11 класаў вывучаюць прадметы на павышаным узроўні.
Па ініцыятыве начальніка аддзела адукацыі Карэліцкага райвыканкама Асташэвіч І. В. наладжана супрацоўніцтва з Акадэміяй МУС РБ. Першы клас прававой накіраванасці быў адчынены ў 2005 годзе. Больш 50% выпускнікоў гэтых класаў выбіраюць прафесіі юрыдычнага профілю, паступаюць у сілавыя навучальныя ўстановы. Сёлета ў класах і групах прававога напрамку навучаюцца 45 хлопчыкаў і дзяўчынак. З 2017 года з установы выпускаюцца вучні, якія выбралі педагагічны накірунак.
У гэтым годзе традыцыя адкрыцця класаў профільнай накіраванасці на ІІІ ступені навучання працягнута: дзесяць вучняў 10 класса навучаюцца ў інжынернай групе.
У гісторыі школы ёсць асаблівая старонка. З 2005 па 2016 год наша ўстанова мела статус гімназіі. І менавіта гэты перыяд быў асабліва ўраджайны на дасягненні: вучань Раман Пярэська — адзіны ў раёне бронзавы прызёр Міжнароднай алімпіяды па біялогіі ў Тайвані, Аляксандр Чубрык – першы стабальны вынік на ЦТ па біялогіі (настаўнік Шклярж Г. К.), Ірына Балабановіч – уладальніца дыпломаў першай і другой ступені алімпіяды школьнікаў Саюзнай дзяржавы “Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная супольнасць” і дыплома першай ступені першай рэспубліканскай алімпіяды па рускай славеснасці (настаўнік Шут Н. В.).
Вялізны і неацэнны вопыт у выхаванні падрастаючага пакалення ў былога намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце Калтуновай Г. П., прафесіянала сваёй справы, чалавека, які адчуваў сэрца і душу школы.
Па выніках мінулага навучальнага года ва ўстанове 28 выдатнікаў вучобы, тры залатых медалісты, пяць уладальнікаў пасведчання асобага ўзору, Шавейка Ксенія – уладальніца стабальнага выніку ЦЭ па беларускай мове. 82% выпускнікоў 2023 года паступілі ў ВНУ (86% з іх на бюджэтную форму навучання), 8 пераможцаў алімпіяд сярод вучняў першай ступені, Надзея Быліч – пераможца абласной алімпіяды па рускай мове на ІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі, 15 пераможцаў другога этапу рэспубліканскай алімпіяды, тры пераможцы раённай алімпіяды па чарчэнні, пераможца раённай алімпіяды па фінансавай граматнасці, 7 пераможцаў міжрэгіянальных дыстанцыйных алімпіяд і конкурсаў, 7 пераможцаў і 11 удзельнікаў навукова-практычных канферэнцый абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў.
За кожнай перамогай стаіць штодзённая праца настаўнікаў, вучняў і іх бацькоў.
У кожнай школы ёсць свае галоўныя дасягненні. Ёсць і тое, што родніць і аб’ядноўвае ўсе школы без выключэння. Гэта выпускнікі.
Іх лёсы склаліся па-рознаму. Выбраны розныя шляхі. За час свайго існавання СШ № 1 г.п Карэлічы выпусціла ў жыццё 2010 выпускнікоў сярэдняй адукацыі, з якіх 229 медалістаў. Колькі выдатных вучняў выйшлі са сцен школы, атрымалі прафесію і ўпэўнена ідуць да сваёй мэты! Гэта высокапрафесійныя і добрасумленныя работнікі, вядучыя спецыялісты на прадпрыемствах і ў арганізацыях, выдатныя работнікі сельскай гаспадаркі, інжынеры і дактары, настаўнікі і дзяржаўныя служачыя. Больш 30 выпускнікоў установы займаюць кіруючыя пасады ў арганізацыях і на прадпрыемствах Карэліччыны. Многія з іх з’яўляюцца нашымі сацыяльнымі партнёрамі і спонсарамі. Яны дапамагаюць зрабіць адукацыйны працэс небяспечным і больш камфортным. Вялікі дзякуй вам за дапамогу!
Прыемна, калі былыя вучні, якія выраслі, прыводзяць у школу сваіх дзяцей. Сёння ў школе вучыцца ўжо чацвёртае пакаленне нашых выпускнікоў.
Напярэдадні свята жадаю ўсім педагогам, ветэранам педагагічнай працы здароўя, невычэрпнай энергіі, аптымізму, упартасці ў дасягненні мэт, веры і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні!
Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара