Ирина Дорош из г.п. Кореличи на пенсии не скучает: дача, спорт, песни и волонтерство

Выхад на пенсію — яшчэ адна прыступка ў жыцці. Галоўнае — знайсці занятак па душы і прадаўжаць радавацца яго імгненням.

Ірына Казіміраўна Дораш з райцэнтра мае некалькі захапленняў, наведвае Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Карэліцкага раёна і задаволена жыццём на заслужаным адпачынку.

— Ірына Казіміраўна, адкуль Вашы карані і чаму прысвяцілі сваё працоўнае жыццё?

— Я родам з вёскі Машэвічы Карэліцкага раёна. У Карэлічы сям’я пераехала, калі хадзіла ў шосты клас. Скончыла восем класаў Карэліцкай сярэдняй школы і Слонімскае медыцынскае вучылішча з адзнакай. Пачынала працоўную дзейнасць на Міроўшчынскім ФАПе Дзятлаўскага раёна. У Карэлічы прыехала ў 1982 годзе і напачатку працавала на Палужскім ФАПе, затым на працягу сарака гадоў — у Карэліцкім цэнтры гігіены і эпідэміялогіі.

— Як успрынялі выхад на заслужаны адпачынак?

— Даволі спакойна, даўно збіралася. На працягу года рыхтавала сабе змену. Пасля гэтага пайшла адпачываць, ведаючы аб тым, што ёсць каму прадоўжыць маю справу шматлікіх гадоў.

— Многія на пенсіі  працуюць на дачы. А як у Вас склаліся справы ў гэтым накірунку?

— Я вяду актыўны лад жыцця. Ёсць дача ў Палужжы, дзе саджу агарод і займаюся кветкаводствам. Гэта дае радасць і бадзёрасць духу. На  прыродзе адпачываю: свежае паветра і лес побач. Любуюся наваколлем, радуюся першым усходам і першым кветачкам, першаму ўраджаю —    і жыццё прадаўжаецца…

— У Вас шмат захапленняў?  Чаму аддаеце перавагу?

— Скандынаўская хада — на першым месцы, яна дае здароўе. Мне параіла наведваць гурткі ў Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Карэліцкага раёна загадчык аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту Вольга Жук —  і я згадзілася, аб чым ніколі не пашкадавала. Вось ужо год як займаюся, і мне падабаецца. Скандынаўская хада — прафілактыка ад многіх хвароб, а яшчэ гэта зносіны з цікавымі людзьмі.

— Вас часта можна бачыць выканаўцай цудоўных мелодый на мерапрыемствах, якія праводзяцца ў ЦСАН Карэліцкага раёна. Што для Вас песня?

— Песня — радасць для душы. Яна дапамагае ў нялёгкія хвіліны жыцця і ўзнімае настрой. Я спяваю адна і ў дуэце з сястрой Лідзіяй сучасныя і песні мінулых гадоў.  Прымала ўдзел у абласным фестывалі творчасці інвалідаў па зроку «Сэрцам бачым, творым і квітнеем!» у намінацыі «Народны вакал» і была адзначана дыпломам лаўрэата ІІІ ступені. Выконвала песню «Я люблю цябе, Белая Русь», якую спявала яшчэ ў маладосці, і яна мне вельмі падабаецца.

— Быць валанцёрам сярэбранага ўзросту — па плячы людзям вялікага сэрца і нераўнадушным да праблем іншых. Чым Вы кіраваліся, калі вырашылі займацца гэтай патрэбнай справай?

— Трэба тварыць дабро, і яно  пазней да цябе вернецца. Разам з валанцёрамі сярэбранага ўзросту наведваем адзінокіх і адзінока пражываючых грамадзян. Аказвала ім медыцынскія паслугі — мерала артэрыяльны ціск. З канцэртам выступалі ў Жухавіцкім доме-інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў.

— Што прыносіць наведванне ЦСАН Карэліцкага раёна?

— Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Карэліцкага раёна — наш другі дом, дзе яго супрацоўнікі ветліва сустракаюць, дораць радасць і душэўнасць. Тут можна знайсці  сабе справу і рэалізаваць юнацкія  мары, якія яшчэ не ўдалося ажыццявіць, і навучыцца новаму. Для мяне —  знаходка і падарунак лёсу,  на заслужаным адпачынку знайшліся заняткі па душы.

— Як адносіцца сям’я да рашэння займацца грамадскай дзейнасцю?

— Сям’я  — галоўнае ў жыцці. У мяне трое сыноў і шэсць унукаў. Яны падтрымалі мяне ў гэтым рашэнні. Гэта трымае ў тонусе,  дапамагае пашыраць кругагляд. Яшчэ адбываюцца новыя знаёмствы, абмен думкамі і кулінарнымі рэцэптамі. Тут набыла аднадумцаў, і аб сваім рашэнні не шкадую. Параіла б карэліччанам наведваць гурткі, тут  вельмі цікава. Трэба любіць жыццё і атрымліваць асалоду ад кожнай хвіліны.

Галіна СМАЛЯНКА

Фота Сяргея СТОЛЯРА