Начальник управления по труду, занятости и социальной защите Кореличского райисполкома Инна Богуш рассказывает о государственной помощи пожилым гражданам
З нагоды Дня пажылых людей журналіст раённай газеты «Полымя» гутарыць з начальнікам упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Інай Аляксандраўнай БОГУШ.
— Іна Аляксандраўна, колькі чалавек у раёне з’яўляюцца атрымальнікамі пенсій?
— Па стане на 1 верасня 2023 года, у нас 6274 атрымальнікі пенсій, ці 35% ад колькасці ўсяго насельніцтва раёна. Працоўныя пенсіі па ўзросце атрымліваюць 6125 чалавек, інваліднасці — 708, выпадку страты карміцеля — 185, за выслугу гадоў — 168, за асаблівыя заслугі перад Рэспублікай Беларусь — 6.
З агульнай колькасці пенсіянераў мужчыны складаюць 32%, жанчыны — 68. На 1 верасня сярэдні памер пенсіі па раёне склаў 687,37 рубля. Прадаўжаюць працоўную дзейнасць 1127 пенсіянераў, з іх у арганізацыях сельскай гаспадаркі — 113.
— Які клопат праяўляецца пра людзей пажылога ўзросту ў раёне?
— Вялікі клопат праяўляе Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Карэліцкага раёна. На сацыяльным абслугоўванні знаходзіцца 448 чалавек, у тым ліку 20 атрымліваюць паслугі сядзелкі.
Сацыяльным абслугоўваннем ахоплены 122 населеныя пункты. Сацработнікі прыносяць прадукты харчавання, прамысловыя тавары першай неабходнасці, лекі, прыбіраюць у хаце, дапамагаюць гатаваць стравы. У асабістых дамах без зручнасцей прыносяць ваду і паліва, прыбіраюць каля дома і іншае. У дзённы час па рабочых днях сядзелка даглядае грамадзян, не здольных да самаабслугоўвання і самастойнага руху.
Пры Цэнтры працуе салон «Міласэрнасць», куды ў якасці бязвыплатнай дапамогі паступае адзенне і абутак ад насельніцтва для малазабяспечаных грамадзян, арганізавана работа сацыяльнай пральні, аказваюцца паслугі цырульніка, пакос травы ў вясенне-асенні перыяд.
— Якая падтрымка аказваецца пажылым людзям, што па аб’ектыўных прычынах не могуць заставацца адны ў сваіх домаўладаннях?
— Яны размяшчаюцца на медыка-сацыяльныя ложкі пры Мірскай гарпасялковай бальніцы, у бальніцу сястрынскага догляду ў аграгарадку Лукі, Жухавіцкі дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў ці дамы-інтэрнаты псіханеўралагічнага тыпу. У 2023 г. 9 чалавек размешчаны на медыка-сацыяльныя ложкі, у дом-інтэрнат — 2.
Таксама функцыянуюць стацыянаразамяшчальныя формы работы з пажылымі людзьмі: 4 прыёмныя і гасцявыя сям’і, два дамы ўзаемадапамогі і сацыяльнай падтрымкі, адзін дом сумеснага самастойнага пражывання на 4 ложка-месца.
— Якая ўвага ў раёне ўдзяляецца рабоце па забеспячэнні бяспечных умоў пражывання грамадзян пажылога ўзросту?
— Выдзяляюцца сродкі з раённага бюджэту на правядзенне работ па рамонце пячнога ацяплення, электраправодкі, устаноўку аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў у дамах ветэранаў вайны, адзінокіх пажылых грамадзян і інвалідаў.
— Работа з пажылымі людзьмі няпростая і асаблівая. Хто, па Вашым меркаванні, павінен ёй займацца?
— Тут не павінна быць раўнадушных людзей. Толькі той, хто перажывае душой за справу, аддае часцінку самога сябе, развівае ў сабе прафесійныя якасці, можа дапамагаць іншым. Гэта адначасова і работа, і любоў да людзей.
— Дзень пажылых людзей — яшчэ адна магчымасць нагадаць аб тым, што ёсць такая катэгорыя грамадзян, якім патрэбны падтрымка і клопат. Што б Вам хацелася сказаць з гэтай нагоды?
— Кожны чалавек марыць аб абароненай старасці, напоўненай клопатам і дапамогай удзячных дзяцей і ўнукаў. Але, на вялікі жаль, не ўсім даюцца гэтыя даброты. Хтосьці ў паважаным узросце застаецца адзін, у кагосьці дзеці жывуць далёка і не маюць магчымасці ажыццяўляць догляд за сваімі бацькамі. Аднак такія грамадзяне не застаюцца пакінутымі. Клопат пра іх бярэ на сябе дзяржава, а ў нас на Карэліччыне — упраўленне пра працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама і Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Мы заўсёды рады працягнуць руку дапамогі, а ўвага і клопат — асноўныя нашы арыенціры ў працы.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота з архіва «Полымя»