В Кореличском районе продолжается кампания по вакцинации от гриппа и ковида. Пример ответственного отношения к здоровью продемонстрировали работники райисполкома
Вакцынацыя — галоўны спосаб абароны ад грыпу і каранавіруснай інфекцыі, які павінен выкарыстоўваць кожны чалавек, каб засцерагчы сябе і тых, хто побач. 20 кастрычніка прыклад у важнай справе паказалі кіраўніцтва раёна, работнікі ўпраўленняў, аддзелаў і службаў Карэліцкага райвыканкама.
Пара сезоннага ўздыму захворвання на грып і іншыя вострыя рэспіраторныя інфекцыі ўжо не за гарамі, таму цяпер — самы час прышчапіцца, каб, нават калі хвароба і прыйдзе, яна працякала ў больш лёгкай форме.
— У нашым раёне плануецца прышчапіць 40% насельніцтва для паўнавартаснай выпрацоўкі калектыўнага імунітэту, дзякуючы чаму не дапускаецца масавае распаўсюджванне інфекцыйных захворванняў, — адзначыла ўрач Карэліцкай ЦРБ Вольга Баршчэўская. — Сёння ў наяўнасці расійская інактываваная вакцына супраць грыпу. У бліжэйшы час чакаецца паступленне французскай (Ваксігрып Тэтра) вакцыны на платнай аснове. Сярод вакцын супраць COVID-19 ёсць расійская Гам-Кавід-Вак і кітайская Vero Сell.
У арганізацыях аховы здароўя Карэліцкага раёна маецца бясплатная для насельніцтва вакцына супраць грыпу, таксама працягваецца вакцынацыя супраць каранавіруснай інфекцыі. Актыўна працуюць і выязныя мабільныя брыгады — па заяўцы арганізацый і прадпрыемстваў яны праводзяць вакцынацыю на працоўных месцах. Дапускаецца сумеснае (у адзін дзень) прымяненне вакцын супраць грыпу і COVID-19, а таксама інтэрвальныя – праз два тыдні паміж увядзеннем вакцын.
Ужо на працягу двух тыдняў пасля вакцынацыі пачынае выпрацоўвацца імунітэт да захворвання. Арганізм ужо ў поўным узбраенні гатовы сустрэцца з інфекцыяй. Таму прышчэпачную кампанію і праводзяць у восеньскі перыяд, напярэдадні ўздыму захворвання на грып і ВРІ, каб арганізм паспеў выпрацаваць антыцелы.
Прышчэпку ад грыпу зрабіў і старшыня райвыканкама Генадзій Шатуеў.
Ён адзначыў, што вакцынаванне – асноўны метад прафілактыкі інфекцыйных захворванняў, гэта зніжае рызыку з’яўлення захворвання, яго распаўсюджвання, колькасць ускладненняў. Ад ін’екцыі не варта адмаўляцца, асабліва тым людзям, якія ўваходзяць у групу рызыкі.
Сярод прывіўшыхся — галоўны спецыяліст Карэліцкага раённага Савета дэпутатаў Вольга Куляка.
— Восень ужо прынесла ў Беларусь пахаладанне і макрэчу. Прыйшоў час задумацца, як зберагчы сябе ад сезонных захворванняў. Самы просты і дзейсны спосаб —прышчэпка. Нават калі вакцына і не абароніць на сто працэнтаў ад захворвання, то хаця б дазволіць лягчэй яго перанесці, бо арганізм ужо натрэніраваны на вакцынацыі. У гэтым я перакананая на асабістым вопыце, бо раблю прышчэпку ўжо больш як дваццаць гадоў. Сёння вакцыніравалася супраць інфекцыі COVID-19, а праз два тыдні абавязкова зраблю прышчэпку і для прафілактыкі грыпу, — гаворыць Вольга Віктараўна.
У эфектыўнасці і дзейснасці вакцыны не сумняваецца і начальнік аддзела адукацыі Карэліцкага райвыканкама Ірына Асташэвіч.
Яна таксама кожны год робіць прафілактычныя прышчэпкі:
— Прыняцце рашэння аб вакцынацыі — справа добраахвотная. Разам з тым гэта не толькі пытанне клопату пра ўласнае здароўе. Вакцынацыя супраць грыпу і інфекцыі COVID-19 — гэта яшчэ і адказнасць за здароўе іншых. Сям’я, калегі, ды і проста людзі, з якімі мы маем зносіны, могуць патрапіць пад удар пры заражэнні віруснай інфекцыяй. Педагогі адны з тых людзей, якія ўвесь час знаходзяцца ў зносінах з вучнямі, іх бацькамі, і яны павінны адны з першых паклапаціцца пра сваё здароўе і засцерагчы сябе ад небяспекі.
Інспектар сектара па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Карэліцкага райвыканкама Вікторыя Хаўста сказала:
— Лічу, што любую хваробу лепш папярэдзіць, чым потым яе лячыць. Нам, спецыялістам службы “Адно акно”, неабходна прыняць меры бяспекі і зрабіць прышчэпку. Мы часта ўступаем ў зносіны з рознымі людзьмі, знаходзімся ў памяшканні і таму як медыкі, педагогі і прадаўцы знаходзімся ў зоне рызыкі. А вакцынацыя дапаможа пазбегнуць хваробы.
Кацярына КУКАНАВА
Фота Іны ЛЕЙКІ