Многодетная мама из Кореличского района Вероника Кулак: «Большая семья — это радость и ответственность»

Вераніка Леанідаўна Кулак — маці чацвярых дзяцей. Па волі лёсу  яна выхоўвае іх адна. Шмат душэўных сіл аддае рабоце, працуе спецыялістам аддзялення сацыяльнай рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў у Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Карэліцкага раёна. Упэўнена, што яе гісторыя можа натхніць тых маці, якія выхоўваюць дзяцей у адзіночку.

— Вераніка  Леанідаўна, Вашы дзеці з’яўляюцца пераможцамі розных конкурсаў і фестываляў. Хто адкрывае і развівае ў дзецях таленты?

— Усіх дзяцей я сама прывяла ў Карэліцкую дзіцячую школу мастацтваў. У іх была магчымасць прайсціся па ўсіх класах і выбраць тое, што па душы. Зараз Пеця і Каця танцуюць, ходзяць на харэаграфічнае аддзяленне, а Ваня і Ангеліна — на тэатралізаванае, дзе чытаюць і вучаць творы,        удзельнічаюць у спектаклях.

Ёсць у дзяцей і перамогі ў конкурсах і фестывалях. Старэйшы Іван — пераможца Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Музычная зорка Славеніі», рэспубліканскага фестывалю-конкурсу «Ільвяня», лаўрэат І ступені Міжнароднага конкурсу-фестывалю «Спадчына». Ангеліна — пераможца Міжнароднага конкурсу мастацтваў «Крыштальны васілёк», Міжнароднага фестывалю-конкурсу «Новыя вяршыні». Іван і Ангеліна — лаўрэаты Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.

Мне хочацца адзначыць настаўніка Карэліцкай дзіцячай школы мастацтваў Касаткіну Людмілу Міхайлаўну. Яна выкладае ў дзяцей харэаграфію і праводзіць заняткі на тэатральным аддзяленні, возіць на міжнародныя конкурсы і фестывалі. На ўсіх гэтых конкурсах прысутнічаю я з дзецьмі, каб быць для нашага канкурсанта групай падтрымкі.

— Якое значэнне яны ўдзяляюць вучобе ў школе? Якія вучэбныя дысцыпліны любімыя?

— Дзеці цягнуцца да ведаў. Любімым прадметам Ангеліны з’яўляецца беларуская літаратура, яна любіць чытаць творы беларускіх  пісьменнікаў і паэтаў.  Ваня добра паспявае па ўсіх прадметах, марыць стаць праграмістам. Пётр любіць урокі фізічнай культуры і прымае ўдзел ва ўсіх школьных мерапрыемствах, якія праводзяцца па суботах. Каця ў гэтым годзе пайшла ў першы клас і толькі пачынае спасцігаць навукі.

— Матуля — самы галоўны чалавек для дзіцяці. Гэта і родная душа, і добры дарадца, і лепшая сяброўка, якая зразумее і падтрымае. У Вас  гэта атрымліваецца?

— Безумоўна. З усімі пытаннямі дзеці прыходзяць да мяне. Яны расказваюць свае сакрэты, дзеляцца пачуццямі і ўражаннямі, прыслухоўваюцца да матчынага слова.

— Якой была Ваша сям’я? Што было галоўным у выхаванні дзяцей?

— Я родам з вёскі Жданавічы Навагрудскага раёна. У сям’і было двое дзяцей. Бацькі выхоўвалі нас працавітымі і ў павазе да старэйшых. Гэтыя ўрокі спатрэбіліся ў жыцці.

— Што Вы імкнецеся закласці ў сваіх дзяцей?

— Каб выраслі добрымі людзьмі. Быць Чалавекам з вялікай літары — галоўная прафесія на зямлі. А ўжо потым знаходзіць сваю, да якой ляжыць душа і ёсць здольнасці.

 — Якім бы імклівым і супярэчлівым ні быў час, дабрыня не губляе сваёй значнасці ў сённяшнім жыцці. Да таго ж Вы працуеце з інвалідамі, якім патрэбны ўвага і клопат. А ў сваіх дзецях выхоўваеце міласэрнасць у адносінах да іншых людзей?

— Так, мае дзеці прымаюць самы актыўны ўдзел у мерапрыемствах у Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Карэліцкага раёна, якія арганізоўваю і праводжу для людзей з інваліднасцю. Разам наведвалі  дзіцячы прытулак у аграгарадку Палужжа, і дзеці падарылі  выхаванцам свае любімыя цацкі.

— З нагоды Дня маці Вы едзеце на ўрачысты прыём да старшыні Гродзенскага аблвыканкама Уладзіміра Караніка. Сярод запрошаных — шматдзетныя і прыёмныя маці, жанчыны, узнагароджаныя ордэнам Маці, жанчыны-маці, чые дзеці дасягнулі высокіх вынікаў у розных сферах дзейнасці. Што б Вам хацелася сказаць ужо сёння з гэтай нагоды?

— Хачу выказаць словы ўдзячнасці прадстаўнікам мясцовай улады за аказаны давер. Спадзяюся, што гэта будзе цікавая і карысная сустрэча.

З сабой вазьму дзіцячы малюнак і выраб з прыродных матэрыялаў, каб прыняць удзел у выставе,  затым яны будуць уручаны ўдзельніцам гэтай сустрэчы.

— Якія падарункі Вы любіце атрымліваць? Ці часта іх дораць дзеці?

— Я атрымліваю падарункі на ўсе святы, дзеці робяць іх сваімі рукамі. Нядаўна малодшы Пеця сабраў грошы і падарыў на дзень нараджэння чайнік. Гэта мяне асабліва расчульвае, бо ў падарунках — часцінка дзіцячай душы.

— У чым дапамагаюць дзеці па доме?

— Яны працуюць на ўласным агародзе, дапамагаюць у хатніх справах, у прыгатаванні ежы, прыбіраюць у пакоях. Хочацца, каб яны выраслі працавітымі, акуратнымі, гаспадарлівымі.

 — Чым займаецца сям’я ў вольны ад вучобы і рэпетыцый час?

— Мы любім падарожнічаць. Наведалі многія замкі гістарычнай значнасці, пабывалі ў многіх гарадах Беларусі. У мінулым годзе наведалі Санкт-Пецярбург, дзецям было вельмі цікава. Разам ходзім у лес у ягады і грыбы. Адпачываем на берагах Нёмана і Свіцязі. Асабліва захапіў дзяцей аквапарк «Лябяжы» ў  Мінску, дзе былі тройчы.

 — Што ў Вашым разуменні вялікая сям’я?

— Мае бацькі былі са шматдзетных сем’яў:  у сям’і мамы было 4 дзяцей, таты — 7. У мяне шмат сваякоў, з якімі часта сустракаемся ў доме бабулі і дзядулі. Калі нас шмат, вельмі здорава. Вялікая сям’я — адказнасць, радасць,  шчасце,  упэўненасць,  што камусьці  ты патрэбен  на гэтай зямлі.

За што я люблю сваю маму?

Іван:

— Я вельмі люблю сваю маму, бо яна заўсёды можа дапамагчы зрабіць дамашнія заданні. Выслухае ў цяжкую хвіліну. Мая мама — мой лепшы сябар.

Пётр:

— Мая мама вельмі добрая і клапатлівая. Яна возіць нас на пікнікі, Свіцязь, у Гродна, Мінск і іншыя гарады і мясціны.

Ангеліна:

— Мая мама добрая, уважлівая і самая лепшая ў свеце. Яна — найлепшы сябар. З ёй можна папесціцца і падурэць.

Каця:

— Мая мама прыгожая, добрая, ласкавая. Самая найлепшая ў свеце. Яна купляе нам ласункі. Я маму вельмі люблю.

Галіна СМАЛЯНКА

Фота Іны ЛЕЙКІ