Жанчына і восень

Жанчына, як восень, загадкавая і непрадказальная. Яна адорыць ці ўсмешкай, ці хмурынкай. Так і пара года: прынясе то яркае сонейка, то праліўны дождж.

Што да жанчыны ў сталым узросце, з восеньскай парой яе родніць гаспадарлівасць. Мудрая па гадах, яна  добра ведае, як весці гаспадарку, а залатая пара адорвае дарамі садоў і агародаў. І гэты спіс можна прадаўжаць бясконца…

Чаму з гадамі жанчына становіцца мудрэйшай? Адны скажуць, што за плячыма пражытае жыццё, другія і таго больш: яе загартавалі цяжкасці.

Вопыт дае магчымасць не толькі  ўпэўнена ісці па жыцці, але і дзяліцца з тымі, каму трэба падставіць плячо.

 Вось так і восень: прыходзіць у наша жыццё і настройвае думкі на іншы лад. Па-свойму гарэзлівая, яна дапамагае лепш яго пазнаць. Пасядзіш у цішыні — і думкі ўжо не тыя, і жыццё здаецца лагодным, і фарбы яркімі.

Нават у дажджы імкнешся знайсці асалоду. Ідзеш пад парасонам і табе ўтульна. Глянеш пад ногі — там лужыны. Нечакана прыходзяць думкі: «Вось бы змыў дождж нягоды!» Сапраўды, чаму б не памарыць? Глядзіш, і дождж спыніцца, і беды адыдуць. Жанчына жыла годна, працавала шчыра, берагла сям’ю. Усюды старалася паспець, а хтосьці  воз жыцця цягнуў за мужчыну… 

Яна прыгожая, моцная, уся ў руху. А восень якая  прыгажуня і працаўніца, аж дух захоплівае!  Кружыцца кляновы ліст у паветры і кладзецца на зямлю. Жанчына ступае па гэтым залатым дыване — і ў гэтыя хвіліны самая шчаслівая на зямлі…

Галіна СМАЛЯНКА, вядучая праекта «Актыўнае даўгалецце 65+»