Чем привлекает Райцевский сельсовет, или жизнь в деревне с городским комфортом
Сумеснае выязное пасяджэнне Карэліцкага райвыканкама і прэзідыума раённага Савета дэпутатаў прайшло на базе Райцаўскага сельскага Савета. Разглядалася выкананне Закона “Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні”.
На тэрыторыі Райцаўскага сельвыканкама размешчана 30 населеных пунктаў і пражывае 1400 чалавек, 54% з іх працаздольнага ўзросту. Працы для мясцовых жыхароў дастаткова: СВК “Свіцязянка-2003”, ТАА “Райца”, Варанчанскі спіртзавод, Свіцязянскае лясніцтва. Інфраструктура таксама добра развітая: сярэдняя школа, амбулаторыя ўрача агульнай практыкі і аптэка ў Райцы, фельчарска-акушэрскі пункт у Варончы, два клуба, бібліятэка, аддзяленне паштовай сувязі, комплексна-прыёмны пункт, чатыры крамы. Усё знаходзіцца побач, што для людзей, безумоўна, вельмі зручна.
Спецыяліст пачынаецца са школы
У Райцаўскай сярэдняй школе вучыцца 143 дзіцяці, і з кожным годам колькасць вучняў расце. Па словах дырэктара Пятра Буляка, дзеці імкнуцца асвойваць веды і рэйтынг вучэбных дасягненняў расце. Напрыклад, летась ён склаў 6,7 бала. Дзейнічаюць аграрныя групы, на паглыбленым узроўні ў 10 і 11 класах вывучаюцца біялогія і хімія. Акрамя таго, старшакласнікі на базе Мірскага дзяржаўнага каледжа асвойваюць прафесіі цесляра, ганчара, рэзчыка па дрэве і бяросце. Вялікая ўвага надаецца ўмацаванню матэрыяльна-тэхнічнай базы школы. Так, за два гады за кошт пазабюджэтнай дзейнасці і спонсарскай дапамогі затрачана больш за 18 тысяч рублёў. Штогод да пачатку новага навучальнага года СВК «Свіцязянка-2003» аказвае школе матэрыяльную дапамогу.
Стацыянар загружаны цалкам
Райцаўская амбулаторыя ўрача агульнай практыкі — гэта і міні-паліклініка, і міні-бальніца. Тут працуюць два ўрача агульнай практыкі, урач-стаматолаг, тры медсястры. Ёсць усё неабходнае абсталяванне: стаматалагічная ўстаноўка, два апарата ЭКГ, пульсаксіметр, апарат для вымярэння ўнутрывокавага ціску. Запатрабаваны дзённы стацыянар, які заўсёды цалкам загружаны. Таму ехаць у Карэліцкую цэнтральную раённую бальніцу патрэбы няма, лячэнне можна прайсці недалёка ад дома.
Азнаёміліся ўдзельнікі выязнога пасяджэння і з добраўпарадкаваннем самай маладой вуліцы ў аграгарадку Райца — Гастэлы. Тут пабудаваны катэджы, у якіх жывуць маладыя сем’і, што працуюць у СВК «Свіцязянка-2003». Нядаўна з’явілася сучасная дзіцячая гульнявая пляцоўка, якая стала вельмі запатрабаванай у маладых мам і іх дзяцей.
— Сёння большасць сельгаспрадпрыемстваў нясе сацыяльную нагрузку, падцягваючы інфраструктуру аграгарадкоў і вёсак, — адзначыў старшыня Карэліцкага райвыканкама Генадзій Шатуеў. — СВК “Свіцязянка-2003” — гэта ідэальны прыклад таго, як прадпрыемства падтрымлівае аб’екты сацыяльнай сферы: школу, амбулаторыю, клуб. Да такога супрацоўніцтва і ўзаемадзеяння павінны імкнуцца ўсе.
Малочны бізнес
СВК “Свіцязянка-2003” — флагман па вытворчасці малака не толькі раённага, але і рэспубліканскага маштабу. Формулу паспяховай работы: карова, кармы, кадры і дысцыпліна — тут засвоілі даўно, таму ад малочнага бізнесу атрымліваюць добрую аддачу. Удзельнікі семінара змаглі пераканацца ў гэтым на малочнатаварным комплексе «Райца-1». Тут утрымліваецца 1746 галоў буйной рагатай жывёлы. За суткі ад кожнай каровы атрымліваюць 29,8 кг малака. За 9 месяцаў надоена 7793 кг, прыбаўка складае 290 кг. Гатункам «экстра» здаюць 96,6% малака. За гэтай статыстыкай крыецца дастойны прыбытак: 2,2 млн рублёў. Рэнтабельнасць малака складае 78,1%.
— Малочнае пагалоўе на комплексе абслугоўвае 8 аператараў машыннага даення, заработная плата ў якіх ад дзвюх тысяч рублёў і вышэй. Жывёлаводы зарабляюць 1900 рублёў, — расказвае загадчык комплексу Валянціна Лінчук. — Каманда ў нас зладжаная, людзі адказныя, сваім рабочым месцам даражаць.
Старшыня Карэліцкага райвыканкама Генадзій Шатуеў падкрэсліў, што будучыня малочнай жывёлагадоўлі за такімі малочнатаварнымі комплексамі, як “Райца-1”:
— Час ферм адышоў, трэба будаваць сучасныя комплексы. На такіх вытворчых аб’ектах трэба атрымаць добрае цяля, вырасціць, асемяніць і пусціць у асноўны статак. Бо гэта грошы прадпрыемства, а значыць і яго работнікаў.
Магазін для зносін
З гандлёвым абслугоўваннем удзельнікі выязнога пасяджэння азнаёміліся на прыкладзе магазіна Карэліцкага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства ў аграгарадку Варонча. Гандлёвая кропка прасторная, тут цалкам можна праехаць з каляскай. Свежы рамонт, стыльнае афармленне гандлёвай залы, шырокі таварны асартымент — усё гэта прываблівае пакупніка. Сярэднямесячны тавараабарот складае 58 тысяч рублёў, часам даходзіць і да 80 тысяч. Прадаўцы кажуць, што для мясцовых жыхароў, асабліва пажылых, гэта не проста месца для пакупак, але і сустрэч, дзе можна перакінуцца словам з аднавяскоўцамі.
Лекі для душы
Касцёл Святой Ганны — сапраўднае ўпрыгожванне і гонар Варончы. Ён быў пабудаваны ў канцы XVIII стагоддзя. У Вялікую Айчынную вайну і пасляваенныя гады яго спрабавалі знішчыць, аднак ён змог уцалець. Паўразбураным касцёл стаяў да 1990 года, пакуль за яго не ўзяліся вернікі. Да 1995 года святыня была адноўлена і зноўку асвечана. У 2010 годзе ў касцёле дрэвам аббілі сцены і ўсталявалі ліпавы драўляны алтар. Работы па аднаўленні і паляпшэнні касцёла працягваюцца і па гэты дзень. У касцёле Святой Ганны былі ахрышчаны знакамітыя беларусы — фалькларыст і этнограф Ян Чачот і фатограф-імпрэсіяніст Ян Булгак.
Бізнес на вёсцы
На тэрыторыі Райцаўскага сельсавета ў вёсцы Цінявічы 13 гадоў таму сталічны бізнесмен арганізаваў сялянскую гаспадарку “Белыя Лугі”. Ён выкупіў усе дамы ў паміраючай вёсцы і ператварыў яе ў аграсядзібу. Амаль два дзясяткі вясковых дамоў прыцягваюць жыхароў вялікіх гарадоў з усёй Беларусі і Расіі. Тут яны адпачываюць ад гарадскога шуму, знаёмяцца з сельскім побытам, займаюцца рыбалкай, ходзяць па грыбы-ягады. Што характэрна, у дамах стаіць мэбля, якой не менш за 100 гадоў, але ёсць сучасны санвузел і інтэрнэт. Аграсядзіба карыстаецца вялікай папулярнасцю. Напрыклад, да Новага года ўсе дамы ўжо зарэзерваваны.
Праблемы вырашаем разам
У Райцаўскім сельскім клубе старшыня Райцаўскага сельвыканкама Валерый Бабко прадставіў справаздачу па выкананні Закона “Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь”.
— Безумоўна, на тэрыторыі сельсавета ёсць і праблемныя пытанні. Напрыклад, старэнне насельніцтва, бо моладзь сёння ў асноўным імкнецца ў буйныя гарады. Аднак большасць жыхароў нашага сельсавета працаздольнага ўзросту, ды і колькасць школьнікаў павялічваецца. Трывожаць і тыя вяскоўцы, якія злоўжываюць алкаголем. Тых, хто не хоча ці не можа справіцца са сваёй праблемай сам, накіроўваем на лячэнне ў ЛПП. Вядзём працу з пустуючым і старым жыллём. Не заўсёды гэта дамы, якія дасталіся камусьці па спадчыне і ў якіх спадчыннікі не спяшаюцца наводзіць парадак. Часта гэта бываюць і дачнікі, якія купілі дом і забыліся пра яго. Пішам ім пісьмы з просьбай абкасіць тэрыторыю, прыбраць смецце. Такое жыллё ў рэгістр пустуючых не занясеш, бо гаспадар ёсць, толькі дом выглядае як безгаспадарчы. На тэрыторыі сельсавета вырасла колькасць пажараў. Прычына — чалавечая бестурботнасць. То печку топяць з адкрытай дзверцай, то балончыкі ад хіміі кідаюць у агонь. Загараюцца захламленыя кармакухні і аўтамабілі, якія чыняць мясцовыя ўмельцы. Каб вырашыць гэтыя праблемы, патрэбна сумесная праца розных службаў. Разам мы іх і вырашаем.
— Старшыня сельвыканкама — гэта ключавая фігура на вёсцы, — падкрэсліў старшыня Карэліцкага райвыканкама Генадзій Шатуеў. — У полі яго зроку павінны быць акоска і стан дарог, уборка прыпыначных пунктаў, санітарны стан вёсак і самае галоўнае — ён павінен чуць людзей, іх просьбы і пажаданні.
Іна ЛЕЙКА
Фота аўтара