В Кореличском районе ранее судимым гражданам предложили работу
У Карэліцкім РАУС прайшло прафілактычнае мерапрыемства “Ярмарка вакансій” з асобамі, якія стаяць на ўліку ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі.
— Аказанне дапамогі грамадзянам, якія маюць патрэбу ў сацыяльнай адаптацыі, з’яўляецца адной з асноўных задач крымінальна-выканаўчага заканадаўства, — кажа старшы інспектар крымінальна-выканаўчай інспекцыі Карэліцкага РАУС Алег Кулак. — Мы разумеем, што ім складана і часта немагчыма самастойна працаўладкавацца, таму сумесна са службай занятасці спрабуем аказаць ім у гэтым дапамогу. Сёння ў раёне каля сарака грамадзян, якія стаяць на ўліку ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі і нідзе не працуюць. На мерапрыемства былі запрошаны і з’явіліся дваццаць чалавек гэтай катэгорыі, і ўсім ім мы прапануем шанс працаўладкавацца і змяніць сваё жыццё.
Перад прысутнымі выступіла суддзя Карэліцкага суда Ірына Каско, якая пазнаёміла з новым палажэннем Закона па пытаннях прымусовага лячэння і медыка-сацыяльнай рэадаптацыі, якія ўступяць у сілу з 26 студзеня 2024 года. Згодна з новымі схемамі працэдура накіравання ў лячэбна-працоўны прафілакторый значна спросціцца. Ірына Васільеўна падкрэсліла:
— Таксама новаўвядзеннямі ў закон вызначаны больш строгі парадак ізаляцыі асоб, якія пакутуюць ад наркатычнай залежнасці. Цяпер грамадзяне, якія звярнуліся або паступілі ў арганізацыі аховы здароўя з атручваннем, выкліканым спажываннем наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх аналагаў, таксічных або іншых адурманьваючых рэчываў, атрымаюць афіцыйнае папярэджанне аб накіраванні ў ЛПП ужо пасля першага падобнага факту. Другі зварот на працягу года пасля такога папярэджання ў медустанову для аказання дапамогі ў сувязі з атручваннем, выкліканым дурманам, пацягне медыцынскі агляд і накіраванне матэрыялаў у суд.
Суддзя таксама нагадала аб адказнасці за няяўку ў суд або РАУС па паведамленні.
Спецыяліст аддзела дзяржаўнай службы занятасці насельніцтва ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Карэліцкага райвыканкама Кацярына Чыжык у форме індывідуальнай гутаркі кожнаму з прысутных прапанавала магчымыя варыянты працаўладкавання, якія адпавядаюць іх навыкам і кваліфікацыі.
Псіхолаг ЦСАН Карэліцкага раёна Алена Акулік расказала пра віды падтрымкі і дапамогі, якія можна атрымаць пры звароце ў Цэнтр.
Настаяцель храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы агр. Турэц, іерэй Андрэй Абрамовіч адзначыў, што ў кожнага чалавека заўсёды ёсць шанс усё выправіць і кожны павінен абавязкова выкарыстаць яго.
Хочацца спадзявацца, што праведзеная сустрэча знойдзе водгук у свядомасці раней судзімых асоб і прымусіць іх стаць на шлях выпраўлення, не дапусціць здзяйснення новых злачынстваў.
Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара