Директиву №1, защиту прав детей и летнее оздоровление обсудили на заседании Кореличского райисполкома

Устойлівае развіццё краіны і паляпшэнне якасці жыцця людзей немагчыма без цвёрдай дысцыпліны. Аб гэтым заявіў старшыня Карэліцкага райвыканкама Генадзій Шатуеў на пасяджэнні райвыканкама 27 кастрычніка, дзе прааналізаваны ход выканання ў раёне Дырэктывы №1 «Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны». Паводле яго ацэнкі, час паказаў дзейснасць дакумента, паколькі ў яго аснове ляжыць клопат аб захаванні жыцця чалавека, прадухіленне гібелі людзей ад знешніх кіруемых прычын.

У бягучым годзе на Карэліччыне адзначаюцца пазітыўныя тэндэнцыі, у прыватнасці, зменшылася колькасць загінулых ад знешніх фактараў з 13 да 9 чалавек. Людзі пайшлі з жыцця на пажарах, ад вытворчых траўмаў і на вадзе.

Намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама Ігар Лазарэвіч падрабязна спыніўся на абставінах і прычынах трагедый:

— У бягучым годзе на тэрыторыі раёна на пажарах загінула два чалавекі. Напярэдадні трагедыі яны знаходзіліся ў нецвярозым стане, курылі ў ложку, заснулі і ў выніку загінулі. Усяго на тэрыторыі раёна здарылася 18 пажараў. Прычынамі з’явіліся неасцярожнае абыходжанне з агнём, парушэнне правілаў устройства і эксплуатацыі печаў, кароткае замыканне электраабсталявання аўтамабіля. Большасць вогненных надзвычайных здарэнняў адбылося ў надворных пабудовах і жылых дамах. Траўмы атрымалі два чалавекі.

У раёне праводзіцца шэраг мерапрыемстваў для недапушчэння пажараў. У асаблівай зоне ўвагі знаходзяцца адзінокія і адзінока пражываючыя пажылыя грамадзяне, інваліды, шматдзетныя сем’і. Ім дапамагаюць з рамонтам печаў, электраправодкі, устаноўкай аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў і святлогукавых устройстваў. Сёлета на гэтыя мэты выдаткавана больш за 16 тысяч рублёў. Тых, хто свядома парушае правілы пажарнай бяспекі, прыцягваюць да адміністрацыйнай адказнасці. У гэтым годзе пяць злосных парушальнікаў заплацілі штрафы.

Штогод на ахову працы ў раёне трацяцца немалыя сродкі. Так, сёлета накіравана амаль 2 млн рублёў, каб зрабіць працу бяспечнай. Аднак насцярожвае той факт, што колькасць траўміраваных на вытворчасці павялічылася з 6 да 9 чалавек, у тым ліку з цяжкім зыходам з аднаго да пяці. На жаль, адзін чалавек загінуў. Найбольшая колькасць траўміраваных зарэгістравана ў арганізацыях сельскай гаспадаркі (66,7%). Так, у СВК «Жухавічы» — чатыры выпадкі, з іх два цяжкія, КСУП «Лукі-Агра» — адзін цяжкі выпадак, СВК «Свіцязянка-2003» — адзін няцяжкі выпадак. Па адным цяжкім выпадку адбылося ў ААТ «Карэліцкая сельгастэхніка» і Карэліцкім аддзяленні Дэпартамента аховы, адзін няцяжкі выпадак — у ААТ «Карэлічы-Лён». Прычыны большасці няшчасцяў — асабістая неасцярожнасць саміх пацярпелых, а таксама непрадбачаныя абставіны. У адным выпадку ўстаноўлена віна наймальніка. Часта работнікі ферм траўміруюцца пры кантакце з сельскагаспадарчымі жывёламі, механізатары спрабуюць ухіліць непаладкі на працуючых механізмах.

— Пры маніторынгу 122 аб’ектаў устаноўлены 522 парушэнні патрабаванняў аховы працы, у адрас кіраўнікоў накіравана 52 рэкамендацыі, — канстатаваў Ігар Лазарэвіч. — Пры гэтым 56,3% парушэнняў устаноўлена ў аграпрамысловым комплексе, 16,1% — у будаўніцтве, 11,7% — у арганізацыях невытворчай сферы дзейнасці, 7,3% — ЖКГ, 4,6% — прамысловасці, 4% — прыватных і іншых суб’ектах гаспадарання. На гэты момант 92,1% парушэнняў ліквідаваны.

У раёне зафіксавана зніжэнне колькасці злачынстваў. З 67 злачынстваў 41 — гэта крадзяжы, прычым асноўная іх маса прыпадае на дамы-дачы. Вырасла колькасць махлярстваў у сетцы інтэрнэт з двух да васьмі. Па лініі наркакантролю выяўлены два злачынствы. Так, жыхар раёна ўнёс ілжывыя звесткі ў рэцэптурны бланк, а яго жонка набыла па ім у аптэцы медыцынскі прэпарат. У другім выпадку два жыхары Мінскай вобласці захоўвалі ў кватэры 118 г макавай саломы. Па лініі супрацьдзеяння гандлю людзьмі выяўлена чатыры злачынствы, па лініі барацьбы з эканамічнымі злачынствамі — 12.

Вядзецца прафілактычная работа з людзьмі, якія злоўжываюць алкаголем. У бягучым годзе ў лячэбна-працоўны прафілакторый ізалявана 27 чалавек, яшчэ 33 папярэджаны аб магчымасці накіравання на лячэнне.

Нязначна вырасла колькасць чалавек, якія знаходзяцца на дыспансерным уліку ў нарколага. На сённяшні дзень гэта 635 чалавек, з іх 138 жанчын.

З незаконнага абароту алкагольнай прадукцыі канфіскавана 16 л спіртаўтрымліваючай вадкасці, выяўлены адзін ачаг самагонаварэння. З пачатку года ўстаноўлены 95 чалавек у стане алкагольнага ап’янення на працоўным месцы. Зафіксавана 9 фактаў учынення крадзяжоў таварна-матэрыяльных каштоўнасцей з сельгасарганізацый раёна.

Удалося мінімізаваць колькасць загінулых на вадаёмах з двух чалавек да аднаго. За купальны сезон матросамі-ратавальнікамі выратаваны адзін чалавек. За купанне ў забароненых месцах да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута 9 чалавек, яшчэ 28 грамадзян — за распіццё спіртнога каля вадаёма.

Спрыяльная сітуацыя склалася на дарогах раёна. Знізілася колькасць ДТЗ з 9 да 7, колькасць параненых з 10 да 7. Загінулых няма, у мінулым годзе на дарогах загінула два чалавекі.

На пасяджэнні райвыканкама таксама разгледжана пытанне аб рабоце па абароне правоў і законных інтарэсаў непаўналетніх. Намеснік старшыні райвыканкама Яўген Чычкан расказаў, якая работа праводзіцца па ўключэнні падлеткаў у пазітыўныя віды дзейнасці. Гэта творчыя і інтэлектуальныя клубы, аб’яднанні па інтарэсах, фізкультурна-аздараўленчыя групы. Падчас летніх канікулаў ёсць магчымасць адпачыць у аздараўленчых лагерах і папрацаваць у студэнцкіх атрадах. 263 падлеткі гэтым летам змаглі зарабіць свае першыя кішэнныя грошы.

— У выніку праводзімай працы крымінагенная абстаноўка сярод непаўналетніх у раёне на працягу шэрагу гадоў застаецца стабільнай, — падкрэсліў Яўген Чычкан. — У бягучым годзе навучэнцам Навагрудскага дзяржаўнага каледжа ў раёне здзейснена адно злачынства (хуліганства). У мінулым годзе злачынствы не рэгістраваліся. Знізілася колькасць правапарушэнняў з 17 да 14.

У раёне на 1 кастрычніка 75 непаўналетніх з 37 сем’яў прызнаны ў сацыяльна небяспечным становішчы, 12 дзяцей з 6 сем’яў —  маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне, 14 дзяцей вернуты ў 8 біялагічных сем’яў. На працягу года 13 дзяцей з 7 сем’яў прызнаны маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне і адабраны ў бацькоў. Трое бацькоў з дзвюх сем’яў пазбаўлены бацькоўскіх правоў у адносінах да траіх дзяцей. Летась статыстыка была такой: сем бацькоў з чатырох сем’яў пазбаўлены бацькоўскіх правоў у адносінах 5 дзяцей.

Асаблівая ўвага ў раёне надаецца пытанню ўладкавання дзяцей-сірот у замяшчальныя сем’і. Так, 20 дзяцей пражывае ў 16 апякунскіх сем’ях, 14 — у 7 прыёмных. На дзяржаўным забеспячэнні ў Мірскім дзяржаўным каледжы стаіць 17 навучэнцаў сіроцкай катэгорыі, з іх чатыры прызнаны маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне. Дзецям-сіротам прадастаўляецца жыллё ў інтэрнаце, арэнднае жыллё і кватэры. Усе апекуны і прыёмныя бацькі атрымліваюць грашовыя выплаты на ўтрыманне дзяцей. Выпускнікі Мірскага дзяржаўнага каледжа, якія маюць статус сірот, пасля яго заканчэння яшчэ два гады не страчваюць сувязь са сваёй навучальнай установай: ім дапамагаюць знайсці працу і ўладкавацца ў жыцці.

На пасяджэнні райвыканкама была ўдзелена ўвага і пытанню летняга аздараўлення дзяцей і падлеткаў. Па словах Яўгена Чычкана, аздараўленне прайшло 698 чалавек, што на 1,8% больш, чым у мінулым годзе. Планавае заданне выканана на 112,8%. Нададзена ўвага адпачынку дзяцей ільготных катэгорый. Так, з карысцю правялі час у лагерах 12 дзяцей з інваліднасцю, 35 сірот, 190 хлопчыкаў і дзяўчынак са шматдзетных сем’яў, 136 з няпоўных, 32 з тых, хто знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, пяць падлеткаў, з якімі праводзіцца індывідуальна прафілактычная работа. На патанненне кошту пуцёвак са сродкаў раённага бюджэту выдзелена 4 тыс. рублёў, абласнога — амаль 7 тыс. рублёў. Праведзеная медработнікамі ДАЛ «Вясёлка» дыягностыка эфектыўнасці аздараўлення выявіла выражаны эфект у 91,4% дзяцей.

Іна ЛЕЙКА

Фота аўтара