Главный инженер СПК «Маяк-Заполье» Олег Оникий 41 год служит своей профессии
Віншаванні з Днём работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу 19 лістапада прымуць тыя, хто карпатлівай штодзённай працай забяспечвае харчовую бяспеку краіны. Завяршаецца яшчэ адзін сельскагаспадарчы сезон, напоўнены поспехамі і цяжкасцямі пераадолення, перамогамі і новымі планамі.
Прыемным момантам з нагоды прафесійнага свята для галоўнага інжынера СВК “Маяк-Заполле” Алега Анікага стала заслужаная ўзнагарода за добрасумленную працу ў сельскагаспадарчай галіне – Падзячнае пісьмо старшыні Гродзенскага Савета дэпутатаў.
Алег Канстанцінавіч родам з вёскі Загор’е, што каля аграгарадка Турэц. Пасля вучобы ў Пружанскім сельскагаспадарчым тэхнікуме па спецыяльнасці тэхнік-механік у 1984 годзе прыехаў на малую радзіму, уладкаваўся загадчыкам машыннага двара ў калгасе імя Чарняхоўскага, дзе адпрацаваў два гады. Потым жыццёвы лёс склаўся так, што юнак прыехаў працаваць у калгас “Маяк”. Быў загадчыкам машыннага двара. Потым як па прыступках ішоў да свайго поспеху. У 1987 годзе стаў загадчыкам мехмайстэрні. Кіраўніцтва гаспадаркі не магло не заўважыць граматнага, адказнага спецыяліста. Яму прапанавалі пасаду галоўнага інжынера сельгаспрадпрыемства. І вось ён ужо 18 гадоў сочыць, каб уся тэхніка ў гаспадарцы працавала як гадзіннік. Прайшло нямала часу, але, як і ў пачатку сваёй інжынернай дзейнасці, галоўны спецыяліст працуе з творчым падыходам, заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу кожнаму, каб і праца, і жыццё былі ў радасць.
– Вядома, за гады, што я тут шчырую, трактары, камбайны кардынальна змяніліся. Напрыклад, раней, калі толькі прыйшоў, у палях у час жніва працавалі «Доны», а сёння – вельмі прадуктыўная сучасная тэхніка. Люба-дорага глядзець! – дзеліцца галоўны інжынер.
На кантролі ў Алега Канстанцінавіча не толькі тэхніка, але інжынерна-тэхнічная служба, вадзіцелі і механізатары гаспадаркі. Усе рамонтныя работы тэхнікі заўсёды ўзгадняюцца з галоўным інжынерам. Што могуць паправіць у гаспадарцы самі – выконваюць, калі ж тэхніка зусім новая – аддаюць у сэрвісныя цэнтры на абслугоўванне.
– У сучасны камбайн з малатком і адвёрткай не палезеш, – жартуе спецыяліст.
Каб разбірацца ва ўсіх тэхнічных нюансах, галоўны інжынер сочыць за навінкамі, вывучае інфармацыю ў інтэрнэце, трымае руку на пульсе сучасных трэндаў у свеце агратэхнікі.
– Праца ёсць круглы год. Не паспелі цалкам завяршыцца палявыя работы, а мы ўжо пачалі да вясны рыхтавацца, тэхніку ў парадак прыводзім, заказваем дэталі, неабходныя для рамонту, – расказвае інжынер.
Ёсць у героя і любімае хобі: застаючыся сам-насам, любіць дамашнюю тэхніку перабіраць, і ад гэтага атрымлівае задавальненне.
Падчас гутаркі суразмоўца неаднаразова адзначае, што заўсёды ў няпростых працоўных буднях справіцца з цяжкасцямі і паверыць у свае сілы дапамагае сям’я: жонка Таіса, сын Віталій і дачка Наталля, а зараз яшчэ і пяцёра ўнукаў падрастаюць, якія радуюць сэрца і душу саграваюць.
Работа ў сельскай гаспадарцы – гэта цяжкая штодзённая праца, часам без выхадных і адпачынку, у любое надвор’е. Прыемна, што ўсіх тых, хто свядома прысвяціў ёй жыццё, гэтых шчырых і адкрытых людзей, аб’ядноўвае адно – адказнасць, адданасць і любоў да сваёй справы і роднага краю.
Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара