Что под силу депутату и сельскому старосте, хорошо знает Наталья Ясюля

Часам нават адзін чалавек здольны змяніць свет вакол сябе. Асабліва, калі ён любіць сваю зямлю, людзей і вёску. І не толькі словам, але і справай, як стараста вёскі Лыкавічы і дэпутат Турэцкага сельскага Савета  Наталля Іванаўна Ясюля.

Чалавек, якога выбіраюць у вёсцы старастай, гэта заўсёды той, хто валодае аўтарытэтам і здольны павесці за сабой людзей.

Дэпутаты мясцовых Саветаў, старасты сельскіх населеных пунктаў з’яўляюцца важнай формай грамадскага тэрытарыяльнага самакіравання.

Яны злучальнае звяно паміж жыхарамі вёсак, сельскім выканаўчым камітэтам і Саветам дэпутатаў розных узроўняў, — кажа старшыня Турэцкага сельвыканкама Сяргей Барычэўскі. — Менавіта яны спрыяюць развіццю ініцыятывы грамадскасці, шырокаму прыцягненню людзей да вырашэння пытанняў мясцовага значэння. Добры стараста, ды яшчэ і дэпутат  — выратаванне вёскі, бо ў кожную праблему яны ўнікаюць першымі. Яны лепш за ўсіх ведаюць, што хвалюе аднавяскоўцаў. Праца іх хоць і цяжкая, але высакародная, яна накіравана на агульнае дабро. Яны вочы і вушы вёскі.  Выбаршчыкі заўсёды  ахвотна галасуюць за годных кандыдатаў. І калі бачаць, што чалавек хварэе за іх інтарэсы, суперажывае ў бядзе, то за яго аддадуць голас без запрашэння. Менавіта такім арганічным і ініцыятыўным чалавекам з’яўляецца Наталля Іванаўна.

З 2014 года  жанчына  — дэпутат  Турэцкага сельвыканкама. Ужо амаль дваццаць гадоў яна стараста вёскі Лыкавічы.  Праблемы населенага пункта і яе жыхароў  ведае не па чутках, бо сама нарадзілася і вырасла тут, пачынала свой працоўны шлях.  Дзякуючы актыўнай жыццёвай пазіцыі,   яна стала сваёй практычна ў кожнай сям’і. У сілу асноўнай работы, а Наталля Іванаўна працуе сацыяльным работнікам,  яна  мае зносіны з людзьмі, хоць і жыве зараз у аграгарадку Турэц,  ведае іх праблемы і спадзяванні.  І, вядома ж, стараецца дапамагчы.  А як інакш? У характары з дзяцінства закладзена, што пажылым трэба дапамагаць. Такое выхаванне. Ды і самі жыхары  ідуць да яе са сваімі клопатамі.

— Наталля Іванаўна, якія праблемныя пытанні стаяць сёння асабліва востра?

— Па просьбе жыхароў  вёскі Лыкавічы, а таксама тых, хто прыязджае  сюды з гарадоў, саставілі   пісьмовы зварот  у  Карэліцкі райвыканкам, каб  уключылі  ў план 2024 года  і замянілі  гравійнае пакрыццё на асфальтавае ад цэнтральнай дарогі Мір-Карэлічы да вёскі.  Вельмі хочацца, каб набалелае было вырашана на карысць вяскоўцаў.

Мясцовы дэпутат —  ініцыятыўны чалавек, які жыве не толькі для сябе, але і для таго, каб дапамагаць іншым.  Пра такіх кажуць, што ў іх  руках любая справа спорыцца.

Дэпутат Наталля Ясюля часты госць у жыхаркі Лыкавіч Валянціны Рыгораўны Самец

— Я без грамадскай работы  не магу, — прызнаецца жанчына. — Людзі мне давяраюць, і ў дапамозе я нікому не адмаўляю.

Па ініцыятыве Наталлі Іванаўны не раз вырашаліся пытанні  вулічнага асвятлення, навядзення парадку на могілках, пустуючых дамоў, абкошваюцца безгаспадарчыя тэрыторыі. Праводзіцца таксама тлумачальная работа сярод вяскоўцаў,  арганізоўваюцца суботнікі, мерапрыемствы па добраўпарадкаванні. Жанчына сама прымае актыўны ўдзел ва ўсіх пачынаннях. І робіць гэта ад душы і з вялікім жаданнем.

Наталля Ясюлю хвалююць пытанні гатоўнасці да ацяпляльнага сезона

— Каб была чысціня і парадак, трэба ўсім прыкласці намаганні, — упэўнена  суразмоўца. — Працаваць з людзьмі  няпроста:  у кожнага свой погляд на тое, што адбываецца, свой характар. Я стараюся ўсіх арганізаваць. І многія адгукаюцца.  Як дэпутат сельскага Савета, разумею, што пытанні, звязаныя з навядзеннем парадку на зямлі, з’яўляюцца актуальнымі ў нашай рабоце і гэта не разавая акцыя.

— Наталля Іванаўна, з якімі прадпрыемствамі і арганізацыямі ў Вас наладжана супрацоўніцтва? Што ўдалося зрабіць з іх падтрымкай? Каму Вы ўдзячны?

— Перш за ўсё  ўдзячная сельскаму выканаўчаму камітэту,  кіраўніцтву КУСП “Чарняхоўскі-Агра”  за  падтрымку  пачынанняў і прапаноў,  Карэліцкаму райспажыўтаварыству за тое,  што набылі новую машыну “Аўтамагазін” і ўважлівага  прадацаўца Алену Ждан.  Таксама наладжана ўзаемадзеянне з арганізацыямі і ўстановамі, размешчанымі на тэрыторыі сельсавета: Турэцкі сельскі Дом культуры, амбулаторыя.

— Калі б дэпутацкі корпус надзялілі большымі паўнамоцтвамі, з якімі ініцыятывамі Вы б выйшлі?

— Стварыць для чалавека камфортныя ўмовы для жыцця, – гэта ўжо вельмі шмат. Калі атрымліваецца гэта зрабіць добра, то аддача неверагодная. Вельмі прыемна, калі вынікі тваіх намаганняў не проста ёсць, а яны відавочныя. Усведамленне таго, што чалавеку ўдалося дапамагчы, акрыляе і натхняе.

Жыхары вёскі Лыкавічы задаволены работай аўтамагазіна

Размаўляючы з  жанчынай, міжволі зараджаешся  аптымізмам, энергіяй і імкненнем да стваральнай працы. Наталля Іванаўна ўпэўнена, што любая ініцыятыва павінна ісці ад сэрца. Пакуль ты можаш, трэба рабіць нешта для сябе і іншых і ні ў якім разе  не быць абыякавым  да таго, што адбываецца. Гэтаму прынцыпу яна верная заўсёды. Для яе дэпутацкая дзейнасць, абавязкі старасты сталі сапраўдным прызваннем.

Гэта пацвярджае  жыхарка вёскі Лыкавічы Валянціна Рыгораўна Самец:

—  Наталля Іванаўна  — гэта неверагодна шчодрай душы чалавек, добрая, адказная і працавітая жанчына. Яна заўсёды прыйдзе на дапамогу мясцовым жыхарам, дасць слушную параду,  да яе меркавання прыслухоўваюцца многія.  Вось і мне яна вельмі дапамагла. Калі  я трапіла ў складаную жыццёвую сітуацыю, атрымала  пералом шыйкі бядра, то дзякуючы яе клопату  сёння я не прыкаваная да ложка,  магу хадзіць па хаце і падворку. Ды і наогул,   яна ўсёй душой хварэе за дабрабыт вяскоўцаў, за тое, як выглядае населены пункт.

Кацярына КУКАНАВА

Фота аўтара