В ГП «Малюшичи» работают мастерицы на все руки: шьют, вяжут и вышивают

Народная творчасць памалу  сыходзіць сваімі каранямі ў далёкае мінулае, і сёння, на жаль, забываюцца многія заняткі і промыслы, якімі сотні гадоў валодалі нашы продкі. Жыццё крочыць наперад. Новыя тэхналогіі замянілі ручную працу, аднак яшчэ не перавяліся ў нас майстравыя людзі. Яны не толькі захоўваюць  спадчыну народнай творчасці, але і ўносяць нешта новае, мяняюць формы, удасканальваюць віды вырабаў.

Адкрываць таленты   для карэспандэнтаў газеты “Полымя” стала справай гонару. Цікавых людзей шмат,  але не ўсе пра сваю творчасць імкнуцца расказаць. Я  завітала  ў ДП ”Малюшычы” і пазнаёмілася з маладымі жанчынамі, якіх аб’ядноўваюць ідэі творчасці.  Дзякуючы іх таленту  і творчай ініцыятыве сельгаспрадпрыемства годна трымае планку, калі неабходна прэзентаваць прадпрыемства на раённым узроўні.

Намеснік старшыні  па ідэалагічнай рабоце Святлана Казак, эканаміст  Вольга Аляшкевіч, бухгалтар Таццяна Лагута – творчая каманда жанчын сельгаспрадпрыемства. Гэта майстрыхі-самавучкі, умеліцамі сталі дзякуючы захапленню любімай справай:  вяжуць спіцамі і кручком, шыюць, майструюць лялек, вышываюць карціны пацеркамі і крыжыкам. Хоць іх і аб’ядноўвае творчасць, але ў кожнай з іх свой шлях да яе.

Свет захапленняў родам з дзяцінства

У кожным чалавеку закладзены патэнцыял, кожны ад прыроды надзелены здольнасцямі  і  талентамі. Раскрыць і рэалізаваць іх – задача самога чалавека.

Не дарма гаворыцца, што Бог дае магчымасць, а выкарыстоўваць яе – задача кожнага з нас. Свае разнастайныя захапленні Таццяна Лагута  стала назапашваць з юных гадоў у вёсцы Забалацце. Жывучы ў сельскай мясцовасці,  дзяўчына прывучалася да працы, адказнасці і творчасці.  А паспрыялі гэтаму бабуля Соф’я Адамаўна, якая навучыла вязаць,  і суседка   Феафанія Іванаўна, якая добра шыла,  вышывала і вязала. Ішоў час, уменні ўдасканальваліся.  Зараз Таццяну  можна назваць майстрыхай на ўсе рукі, бо за што б ні ўзялася,  усё ў яе атрымліваецца, вырабы ў любой тэхніцы ёй падуладныя.

– У мяне няма спецыяльнай адукацыі, але я  ўсяму навучылася. Калі была ў дэкрэтным адпачынку, вязала розныя вырабы  спачатку сыну, а потым дачушцы.  Стварыла нават сваю калекцыю адзення для дзяўчынак, якую прэзентавала на выставе у былой Баранавіцкай школе. Шмат вольнага часу праводзіла за  вязаннем кручком. Дзеці раслі  і змяняўся свет маіх   захапленняў:  у творчай калекцыі з’явіліся вырабы з прыродных матэрыялаў, розныя цацкі і шмат іншага, – расказала суразмоўца.

І сапраўды, паглядзеўшы на схему, Таццяна ўжо ўяўляе сабе гатовы выраб. Уменне разумець схемы прыйшло не адразу, даводзілася пытацца ў дасведчаных людзей, а цяпер яна сама можа дапамагчы таму, каму гэта цікава.  Карункавыя сурвэткі, ажурныя шалі нярэдка і цяпер становяцца эксклюзіўным упрыгожваннем для іх уладальнікаў.

Сваё майстэрства яна перадае дачцэ Таццяне, якая таксама спрабуе сябе ў розных тэхніках.  Для  самой Таццяны Яўгеньеўны галоўнае – бачыць вынік сваёй працы, хай на рукадзелле ідзе шмат  часу, але прыгажосць, створаная сваімі рукамі, заўсёды радуе блізкіх і натхняе на новыя задумкі.

Ад каласкоў да вытанчаных вырабаў

У Святланы Казак  цікавасць да творчасці з’явілася падчас вучобы ў школе, а ўзнікла яна  дзякуючы настаўніцы працоўнага навучання Турэцкай СШ Лідзіі Рыгораўне Малаток. Яна вучыла  дзяўчат асновам рукадзелля, а далей усё пайшло само сабой.

–  Пачыналася з саламяных вырабаў, а зараз гэта кветкі з паперы, тканіны, фетру,  стужак,  карціны і аплікацыі, створаныя ў розных тэхніках, вязаныя вырабы. Сваё  хобі  не пакінула, бо  спачатку працавала настаўнікам, гэта патрабавала ўдасканальваць і адточваць навыкі. У народзе кажуць: “Запас бяды не чыніць”, і гэта вельмі слушна. Спатрэбіліся ўменні і ў іншай сферы дзейнасці. Пасада  ідэолага сельгаспрадпрыемства   часта патрабуе крэатыўнасці і творчага падыходу. Дзякуючы  тандэму таленавітых супрацоўніц,  наша сельгаспрадпрыемства не раз займала прызавыя месцы ў  раённых конкурсах: “Навагодняя ёлачка сваімі рукамі”, “Казачны персанаж”,  афармленне аб’ектаў арганізацый  да Новага года  і іншых, – падзялілася Святлана Вітальеўна.

На пытанне “Адкуль узнікаюць незвычайныя ідэі?” субяседніца адказала, што сёння ў інтэрнэце толькі лянівы не адшукае патрэбную інфармацыю, патрэбныя схемы, незвычайныя ідэі.

Вось так,  у вольны час у ціхай  хатняй утульнасці і цяпла жанчына стварае дзіўныя вырабы, радуе сваіх родных, калег і сяброў,  сагравае сваёй дабрынёй і любоўю.

Радасць, палёт душы і творчасць без межаў

У многіх з нас ёсць хобі:  хтосьці любіць рабіць выпечку, хтосьці захапляецца спортам, а хтосьці не можа і дня пражыць, каб не змайстраваць сваімі рукамі што-небудзь. Напрыклад, вышыванне крыжыкам існуе ўжо шмат стагоддзяў і лічыцца адной з самых простых формаў ручной вышыўкі, што робіць яе даступнай практычна для ўсіх. Вольга Аляшкевіч аднойчы ўзяла ў рукі пяльцы і  прыкіпела душой да  вышывання.

– Захапленне з’явілася не так даўно.  Аднойчы ў  магазіне кінуўся ў вочы  набор для вышывання, вырашыла купіць,  і вельмі ўжо захапіла гэта мяне.  Справілася з ім хутка.  Аформіла ў рамку. Цяпер захоўваю работу на памяць, – расказала Вольга Васільеўна і дадала: – Новае маё хобі дастаўляе мне  вялікае задавальненне і  радасць. Часам так захапляюся, што і пра сон забываю.

У дэкаратыўна-прыкладным мастацтве майстрыха знайшла сваю крыніцу натхнення, сваю аддушыну. А калі знаходзіш справу па душы, то жыць становіцца крышачку цікавей.

А вышыванне крыжыкам – гэта як палёт, душэўны адпачынак ад хатняй мітусні.

Кацярына КУКАНАВА і Галіна СМАЛЯНКА

Фота Іны ЛЕЙКІ і Кацярыны КУКАНАВАЙ

 

1
1