Брыгадзір вытворчай брыгады КСУП «Племзавод Карэлічы» Аляксандр Пашкевіч узнагароджаны Ганаровай граматай Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання
Да Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці брыгадзір вытворчай брыгады ў раслінаводстве КСУП «Племзавод Карэлічы» Аляксандр Пашкевіч узнагароджаны Ганаровай граматай Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь за шматгадовую добрасумленную працу. Сельскай гаспадарцы ён не здраджвае ўжо сорак адзін год.
Напярэдадні прафесійнага свята журналіст раённай газеты «Полымя» гутарыць з ім аб жыцці, працы, зямлі і тым, што хвалюе душу.
— Аляксандр Аляксандравіч, сваё прафесійнае свята работнікі сельскай гаспадаркі адзначаюць у апошні месяц восені, калі нават сама прырода імкнецца падтрымаць хлебаробаў і падарыць ім хвіліны радасці і добрага настрою. Што для Вас гэты дзень у календары?
— У Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці мы падводзім вынікі працы за прайшоўшы год, а яшчэ гэта наша хлебаробскае свята, калі нам адрасуюць найлепшыя словы. Я ганаруся тым, што мая справа звязана з зямлёй, што прыношу карысць людзям і грамадству.
— Дзе Вашы карані? Адкуль любоў да абранай прафесіі?
— Мой бацька Пашкевіч Аляксандр Сямёнавіч пражыў доўгае і змястоўнае жыццё, да выхаду на пенсію працаваў брыгадзірам на ферме «Палужжа». Ад яго пераняў любоў да роднага краю і працы і таму застаўся працаваць у сваім куточку. Я родам з Палужжа, закончыў Палужскую і Карэліцкую школы, Навагрудскі сельскагаспадарчы тэхнікум. Год за годам — і прыходзілі вопыт у працы, сэрцам прырастаў да зямлі, стараўся пачуць людзей, разам рабілі агульную справу.
— Брыгадзір у 70-80-я гады дваццатага стагоддзя быў галоўным у вёсцы. Ідучы ад хаты да хаты, запрашаў вяскоўцаў на працу. Нагадайце пра той далёкі, але важны ў працоўнай біяграфіі час.
— Пачынаў памочнікам брыгадзіра ў племзаводзе «Карэлічы». У вытворчай брыгадзе было да дваццаці чалавек. Рукі былі патрэбны на ўсіх відах работ, многае рабілі ўручную: палолі буракі, убіралі сена, сціртавалі салому, капалі бульбу, выкідалі гной і іншае. Вяскоўцы былі адданыя працы, шчырыя і добрыя, яны стараліся выканаць даручэнні добрасумленна.
— У чым сёння заключаецца праца брыгадзіра вытворчай брыгады?
— Сёння на змену ручной працы прыйшла магутная тэхніка. Уся работа ў сельскай гаспадарцы ажыццяўляецца ў адной сістэме, а брыгадзір кантралюе сам працэс і якасць работы. Трэба быць граматным, гаспадарлівым, камунікабельным. Ладзіць з людзьмі і знайсці падыход да кожнага чалавека, каб усе былі задаволены.
— Асноўным на стале быў заўсёды хлеб. Нездарма ў народзе гавораць: «Хлеб — усяму галава». Якую ўвагу надаюць на вашым сельгаспрадпрыемстве вырошчванню збожжавых культур?
— У гэтым годзе атрымана больш за 100 цэнтнераў збожжавых з гектара — самы высокі паказчык у раёне. За гэтым — праца галоўнага агранома Івана Юр’евіча Кошура і ўсіх працаўнікоў, якія сеялі, даглядалі і ўбіралі збожжавыя — агульнай хлебаробскай каманды.
— Як бы ні развіваліся тэхналогіі на сучасным этапе, важную ролю адыгрывае стваральнік зямных даброт. Менавіта ад чалавека працы залежыць многае ў сельскагаспадарчай вытворчасці. Каго б хацелася адзначыць з нагоды прафесійнага свята?
— Хочацца адзначыць адданых справе механізатараў: Леаніда Валянцінавіча Русака, Аляксандра Аляксандравіча Салаўя, Арцёма Васільевіча Лазінскага, Васілія Васільевіча Лазінскага, Аляксандра Аляксандравіча Акуліка, Сяргея Уладзіміравіча Лагуту, палявода Уладзіміра Аляксандравіча Саладуху і выказаць словы ўдзячнасці ўсім працаўнікам сельскагаспадарчай вытворчасці прадпрыемства.
— Працу ў сельскай гаспадарцы не назавеш лёгкай: рана ўстаць і позна легчы, ды многае залежыць ад умоў надвор’я. Ці было шкадаванне аб жыццёвым працоўным выбары?
— Хачу нагадаць прымаўку: «Дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся». Ніколі не шкадаваў, што звязаў працоўную біяграфію з зямлёй і сваімі людзьмі.
Наша праца вельмі патрэбная, мы вырошчваем хлеб і іншыя даброты.
— Чаму яшчэ ўдзяляеце ўвагу?
— Сям’я трымае асабістую гаспадарку. У сельскай мясцовасці без яе ніяк не абысціся. Так было спрадвеку, гэта і падмога, і занятак для рук.
— Маладосць і мудрасць — важныя прыступкі ў жыцці. Якую параду далі б маладым і што сказалі б ветэранам сельгасвытворчасці?
— Маладому пакаленню пажадаю цярпення, любові да зямлі, чалавечнасці, старэйшаму — доўгага жыцця і быць апорай для моладзі.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Сяргея СТОЛЯРА