У парку г.п. Карэлічы завяршылася будаўніцтва летняй эстрады

З надыходам цёплага сезона аб’ект пачне прымаць аматараў культурнага адпачынку.

Будаўнічыя работы на аб’екце пачаліся ў чэрвені бягучага года. Будаўнікамі ВГПУП “Літаўр”  г.п. Карэлічы былі цалкам дэманціраваны старая пабудова і пакрыццё пляцоўкі, узведзена новая эстрада, на дарожцы, якая вядзе да аб’екта, і тэрыторыі выкладзеная сучасная плітка. Сцэна зроблена з металаканструкцый, пакрытых тэнтам. Аб’ект пабудаваны за кошт сродкаў, заробленых арганізацыямі і ўстановамі раёна на раённым суботніку.  На будаўніцтва выдаткавана больш за 144 тысячы рублёў. Вясной наступнага года будзе падключана электрычнасць, для гледачоў устаноўлены лаўкі, добраўпарадкавана тэрыторыя.

Загадчык сектара культуры Карэліцкага райвыканкама Наталля Шпакоўская адзначыла:

– Старая эстрада, пабудаваная ў 1960 годзе, была цалкам зношаная і не прымала аматараў культурнага адпачынку больш за дзесяць гадоў. Аматары і работнікі сферы культуры з нецярпеннем чакаюць, калі ўсе работы выканаюцца і тут будуць праходзіць розныя мерапрыемствы на радасць жыхароў райцэнтра і раёна.  Гэта адно з любімых месцаў,  дзе людзі  заўсёды атрымлівалі добры настрой і з задавальненнем сюды прыходзілі. З часам тут будуць створаны больш камфортныя сучасныя ўмовы для артыстаў, і для тых,  хто прыйдзе да нас у госці. Будуць праводзіцца патрыятычныя і забаўляльныя мерапрыемствы,  танцавальныя праграмы для людзей розных узроставых катэгорый.

Кацярына КУКАНАВА

Фота аўтара