Техник искусственного осеменения СПК «Свитязянка-2003» Михаил Кривой: «Благодаря моим стараниям зарождается новая жизнь»
Прадстаўнікоў гэтай прафесіі вяскоўцы паважаюць, бо без іх удзелу дасягнуць адчувальнага поспеху ў жывёлагадоўлі практычна немагчыма. Па сутнасці, тэхнік штучнага асемянення буйной рагатай жывёлы – гэта выток, аснова жывёлагадоўчай галіны. Ад прафесіяналізму людзей гэтай прафесіі залежыць будучыня малочнага статка, а значыць, фінансавы стан сельгаспрадпрыемстваў.
У СВК “Свіцязянка-2003” працуе малады, перспектыўны тэхнік штучнага асемянення буйной рагатай жывёлы Міхаіл Крывы, які сёлета, напярэдадні Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу, за добрасумленную працу ўзнагароджаны Ганаровай граматай Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта.
Міхаіл не мясцовы, прыехаў у аграгарадок Райца з Брэсцкай вобласці. Пасля заканчэння школы служыў у арміі, потым дзесяць гадоў адпрацаваў вадзецелем, а ў 2020 годзе ўладкаваўся на працу ў гаспадарку і вырашыў паспрабаваць сябе ў прафесіі тэхніка-асемянатара. Гэтая справа прыйшлася па душы. Зараз у яго на абслугоўванні 715 галоў. Праца адказная, патрабуе ўважлівасці, кемлівасці і добрых прафесійных ведаў. Усе гэтыя працоўныя якасці ёсць у спецыяліста, і вынікі кажуць самі за сябе: выхад цялят на 100 кароў складае амаль 90 галоў.
— Важна не прапусціць патрэбны момант, бо калі карова перагуляе, то наступнай магчымасці для яе асемянення давядзецца чакаць тры тыдні. Таму мне трэба пастаянна быць уважлівым, назіраць за станам кожнай жывёлы і падабраць аптымальны час. За працоўную змену ў мяне два абходы: раніцай і ўвечары. Як правіла, большасць кароў атрымліваецца пакрыць з першага разу, аднак бываюць і такія выпадкі, калі для гэтага патрабуецца некалькі спробаў. Напрыклад, калі жывёла перагуляла або нядаўна перахварэла. Каб пазбегнуць розных выпадковасцяў у рабоце, асемянатару важна ведаць падрабязную інфармацыю аб кожнай падапечнай. Для гэтага вядзецца спецыяльная кніга ўліку – своеасаблівы аналаг бальнічнай карты чалавека, дзе пазначаны ўсе паказчыкі здароўя, — падзяліўся суразмоўца.
У абавязкі тэхніка-асемянатара ўваходзіць не толькі своечасовае выяўленне кароў, якіх трэба асемяніць, але яшчэ вядзенне ўліку і неабходнай справаздачнасці. У спецыяліста работа ніколі не накопліваецца, таму што ён планамерна, кожны дзень выконвае пастаўленыя задачы. Працоўнае месца захоўвае ў чысціні, размарожвае семя і ацэньвае яго якасць, рыхтуе фізіялагічныя растворы і медыкаменты, дэзынфіцыруе і стэрылізуе інструменты, прыборы, посуд, праводзіць санапрацоўку жывёлы, адбірае кароў для пакрыцця, праводзіць рэктальныя даследаванні намечаных да асемянення кароў. І гэта далёка не поўны спіс яго службовых абавязкаў.
Сёння практычна на ўсіх сельскагаспадарчых прадпрыемствах імкнуцца ўтрымаць адказных работнікаў: добрая заработная плата, жыллё, трывалы сацыяльны пакет, але не кожнага нават такім наборам утрымаеш. Хтосьці, паспрабаваўшы жыць у вёсцы, прыходзіць да адназначнай высновы: “Сельская праца – не для мяне! Хачу жыць у горадзе!” І з’язджае. А Міхаіл прызнаецца, што ад такіх думак даўно пазбавіўся. Калі пажыў на здымнай кватэры ў г. Баранавічы, то прыйшло разуменне таго, што сельская рэчаіснасць бліжэй і больш зразумелая.
– Сёння праца ў сельскай гаспадарцы не такая ўжо і складаная. Цяжка рана ўставаць, а калі ўжо ўстаў, то і пайшоў на работу, і так дзень за днём. Хто хоча, той будзе працаваць, нягледзячы на цяжкасці, таму што ў іншай прафесіі ты сябе ўжо проста не ўяўляеш.
Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара