Жительница Кореличского района приняла участие в Республиканском форуме тружениц села

Напярэдадні Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчага комплексу ў Мінску адкрыўся другі рэспубліканскі  форум сельскіх жанчын.  Дэлегатам ад   Карэліччыны  сёлета  стала  намеснік старшыні  па ідэалагічнай рабоце КСУП “Малюшычы” Святлана Казак.

Другі Рэспубліканскі форум працаўнікоў вёскі,  арганізаваны ГА “Беларускі саюз жанчын” і Беларускім прафесійным саюзам работнікаў аграпрамысловага комплексу, 16 і 17 лістапада ў Мінску аб’яднаў каля 300 актыўных жанчын з усіх куткоў краіны. Галоўная мэта мерапрыемства –ушанаванне жанчын, якія штодня клапоцяцца аб харчовай бяспецы краіны і сваёй стваральнай працай спрыяюць развіццю дзяржавы.

У мерапрыемстве прыняў удзел старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Міхаіл Русы.

Падчас свайго звароту да дэлегатаў форуму ён адзначыў, што такія святы трэба ўводзіць у нацыянальную спадчыну і здабытак.

— Дысцыпліна, тэхналагічнасць дазваляе нам вырашаць самыя складаныя задачы. А дадайце сюды жаночую стараннасць, любоў, працавітасць – гэта памнажаецца ў разы, – адзначыў старшыня камісіі.

Ушанаванне жанчын-працаўніц,  стваральная дзейнасць на карысць краіны, захаванне нацыянальных каштоўнасцяў, гістарычнай праўды і памяці аб гераічным мінулым беларускага народа, выхаванне грамадзянскасці і патрыятызму  моладзі  – пра гэта і многае іншае ішла размова падчас працы жаночага форуму.

Дэлегаты наведалі Свята-Елісавецінскі манастыр. Пасля ўрачыстай цырымоніі, якая сабрала жанчын у Вялікім тэатры оперы і балета,   гасцям паказалі балет “Ганна Карэніна”.  Завяршылася праграма форуму  экскурсіяй ў Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

— Прыемна, што ў нашай краіне да жанчын стаўленне асаблівае, – адзначае Святлана Казак. – Шчыра прызнаюся, што ўдзел у форуме для мяне стаў прыемнай нечаканасцю і высокай ацэнкай  майго асабістага ўкладу ў развіццё сельгаспрадпрыемства. Арганізатары мерапрыемства старанна прадумалі план знаходжання жанчын у сталіцы Беларусі. Лічу, што падобныя сустрэчы  – гэта своеасаблівая  форма яднання жанчын-працаўніц вёскі, цудоўная магчымасць набыць новых знаёмых і адпачыць  ад паўсядзённых спраў.

Кацярына КУКАНАВА