Кореличский ОСВОД предупреждает об опасности выхода на тонкий лед
З надыходам маразоў на вадаёмы выходзяць аматары падлёднага лову рыбы. Але здараецца такое, што замест таго, каб выцягнуць з-пад лёду жаданую рыбіну, аматар рыбалкі сам трапляе ў пастку нетрывалай паверхні.
Сёлета першая ахвяра тонкага лёду з’явілася яшчэ да наступлення каляндарнай зімы: 21 лістапада патануў рыбак у Быхаўскім раёне. Амаль кожны дзень у СМІ з’яўляюцца паведамленні пра новыя надзвычайныя сітуацыі на вадаёмах. Але рыбакоў нічога не спыняе.
— Карэліцкім раённым выканаўчым камітэтам прынята рашэнне “Аб мерах бяспекі на лёдзе”, — расказвае старшыня Карэліцкага раённага аб’яднання АСВОД Аляксандр Кандрусік. — Згодна з ім і беларускім заканадаўствам забаронены выхад на лёд, таўшчыня якога не дасягнула сямі сантыметраў.
— Нельга выходзіць на лёд, не вызначаўшы яго трываласць, — папярэджвае Аляксандр Кандрусік. — Трываласць, у сваю чаргу, нельга правяраць ударамі нагі, лепш выкарыстоўваць для гэтага палку. Не патрэбна спускацца на лёд у незнаёмых месцах, а рухаючыся па лёдзе, неабходна асцярожна, уважліва сачыць за яго паверхняй, абыходзячы падазроныя месцы, якімі з’яўляюцца, напрыклад, сугробы — пад снегам лёд заўжды танчэйшы, чым на адкрытым месцы. Таксама не варта збірацца вялікімі групамі на нязначнай плошчы, свідраваць некалькі лунак побач, а калі рухаецеся групай, неабходна захоўваць дыстанцыю 5-6 метраў. Небяспечна выходзіць на лёд у цёмны час і падчас дрэннай бачнасці.
Згодна з новымі правіламі выхад на лёд дазваляецца толькі ў ратавальнай камізэльцы. Рэкамендуецца ўзяць з сабой хаця б мінімальны набор ратавальных сродкаў: вяроўку, палку, дошку.
Калі вы адчуваеце, што лёд пад вамі пачынае трэскацца, неабходна павольна і акуратна вярнуцца ў той бок, з якога прыйшлі. Ні ў якім разе нельга хутка бегчы па лёдзе. Такія паводзіны могуць толькі справакаваць хуткі раскол паверхні, і вы праваліцеся пад лёд.
Што рабіць, калі вы праваліліся:
Галоўнае, не панікаваць. Калі побач ёсць людзі, клічце на дапамогу.
Старацца не ныраць пад ваду з галавой.
Нельга хапацца за тонкую кромку лёду альбо навальвацца на яе ўсім целам. Неабходна пастарацца легчы на край пралома спінай альбо грудзьмі, шырока раскінуўшы рукі, нагамі неабходна пастарацца ўперціся ў супрацьлеглы край. Калі асноўная частка тулава апынецца на лёдзе, патрэбна адпаўзці ці адкаціцца далей ад палонкі.
Калі вы заўважылі, што хтосьці аказаўся ў ледзяной пастцы, не заставайцеся абыякавымі, але захоўвайце меры бяспекі. Набліжацца да палонкі неабходна толькі паўзком, для аказання дапамогі трэба карыстацца любымі падручнымі сродкамі: вяроўкай, тросам, рамянём ці шалікам, утрымліваючы другі канец у сваіх руках. Драўляныя прадметы неабходна пхаць па лёдзе да палонкі. Каб вызваліць пацярпелага, неабходна цягнуць яго разам з тым прадметам, які вы падалі. Выратаванага з вады неабходна памясціць у цёплае месца, зняць з яго мокрую вопратку і расцерці цела спіртам, выклікаць хуткую дапамогу.
Сяргей СТОЛЯР