В Кореличском районе состоялось заседание штаба по наведению порядка на земле

У Карэлічах адбылося пасяджэнне штаба па навядзенні парадку на зямлі, на якім абмеркавалі праблемныя пытанні захоўвання і ўтылізацыі адходаў.

Па словах начальніка Карэліцкай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Уладзіміра Саковіча, у другім паўгоддзі 2023 года раённай інспекцыяй была праведзена выбарачная праверка выканання прыродаахоўнага заканадаўства КСУП «Лукі-Агра», «Племзавод Карэлічы», «Малюшычы», СВК «Жухавічы», «Маяк-Заполле», КСВУП «Птушкафабрыка «Чырвонаармейская», а таксама Жухавіцкага, Мірскага і Малюшыцкага сельвыканкамаў. Высветлілася, што не ўсе па-гаспадарску ставяцца да сваіх земляў.

Так, агляд кантэйнераў, якія ўстаноўлены на мехмайстэрнях «Лукі» КСУП «Лукі-Агра», паказаў, што адходы збіраюцца без падзелу смецця па відах. У кантэйнеры з маркіроўкай «ЦКА», якія падлягаюць захаванню, выяўлены адходы, якія з’яўляюцца другаснымі матэрыяльнымі рэсурсамі (адходы розных відаў пластмас і поліэтылену, упаковачны кардон і папера). Такія ж парушэнні выяўлены на тэрыторыі МТФ «Краснае», мехмайстэрняў «Альшаны» (КСУП «Лукі-Агра»), МТФ «Малыя Жухавічы», МТФ «Кожава», комплексу «Пясочная» СВК «Жухавічы». Таксама інспекцыя выявіла на тэрыторыі прадпрыемстваў несанкцыянаваныя звалкі будаўнічага смецця, адходаў жыццядзейнасці чалавека, скошанай травы, спілаваных галін, шын з металакордам, а дзесьці валяўся забруджаны кардонны фільтр.

Інспектары таксама ўстанавілі парушэнні ў эксплуатацыі кар’ераў па здабычы пяску. Так, напрыклад, адно з сельгаспрадпрыемстваў раёна самавольна, без афармлення неабходных дакументаў, здабывала агульнараспаўсюджаныя карысныя выкапні, чым прычыніла шкоду навакольнаму асяроддзю. На некаторых кар’ерах заўважаны абвалы пароды, а балансатрымальнікі аб’ектаў не складзіравалі ўрадлівы слой глебы побач з кар’ерамі, як гэта патрабуецца. Варта адзначыць, што на большасці правераных кар’ераў выконваюцца ўсе патрабаванні: аб’екты забяспечаны пад’язной дарогай, на якой усталяваны шлагбаўм.

Не ўсё добра на прадпрыемствах з водазабеспячэннем. На некаторых свідравінах не ажыццяўляецца прыборны ўлік вады, на іншых, дзе лічыльнікі ўстаноўлены, адсутнічаюць дакументы, якія пацвярджаюць факт паверкі прыбораў. З некаторых воданапорных вежаў самаадвольна выцякае вада.

У ходзе праверак Жухавіцкага, Малюшыцкага і Мірскага сельвыканкамаў устаноўлены незаконныя звалкі, учыненыя жыхарамі бліжэйшых дамоў. Прама каля сваіх сядзіб нядбайныя гаспадары выкідвалі зношаныя шыны, спілаваныя галіны, скошаную траву, а таксама пластык, поліэтыленавую плёнку, шклабой, рэшткі шыферу, будаўнічае смецце.

— Тое, што мы ўбачылі, — прыкмета безадказнасці і халатнасці, — лічыць старшыня Карэліцкага раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Шкадаў. — Кіраўнікам гаспадарак неабходна ў самыя кароткія тэрміны ліквідаваць парушэнні, прывесці тэрыторыі ў парадак.

Звяртаючыся да старшынь сельвыканкамаў, Аляксандр Віктаравіч заклікаў іх больш актыўна працаваць з насельніцтвам:

— Вы павінны ўвесь час быць сярод людзей. На сельскіх сходах мы гаворым пра тое, што смецце неабходна вывозіць на палігон, размешчаны каля вёскі Беразавец. Зразумела, заўсёды знойдуцца тыя, хто праігнаруе гэтыя ўказанні і вывезе смецце ў бліжэйшыя кусты. Працуйце з насельніцтвам. Шукайце тых, хто стварае стыхійныя звалкі і прыцягвайце іх да адказнасці.

 

 

 

Сяргей СТОЛЯР

Калаж аўтара, фота Карэліцкай райінспекцыі аховы прыроды і з адкрытых інтэрнэт-крыніц