Главный бухгалтер КУСП «Черняховский-Агро» Юлия Бартош стала финалисткой республиканского конкурса «SuperПРОФИ»»
Галоўны бухгалтар КУСП “Чарняхоўскі-Агра” Юлія Бартош выйшла ў фінал рэспубліканскага конкурсу «SuperПРОФІ-2023». У ім прынялі ўдзел маладыя спецыялісты да 31 года прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў Беларусі — самыя захопленыя і крэатыўныя маладыя людзі, якія выбралі прафесію па прызванні і ўжо паспелі шмат чаго дасягнуць.
Фінал конкурсу маладых работнікаў прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў Рэспублікі Беларусь праходзіў на базе Рэспубліканскага Палаца культуры прафсаюзаў. Юлія прадстаўляла Гродзеншчыну ў намінацыі “SuperПРОФІ сельскай гаспадаркі”.
Дзяўчына прыехала на Карэліччыну з Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці пасля заканчэння Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта ў 2021 годзе. Успамінае, што на прадпрыемстве сустрэлі вельмі цёпла, хутка ўлілася ў калектыў.
— Стаць бухгалтарам мне параіла мама, — расказвае Юлія. — Гэта прэстыжная і запатрабаваная прафесія. Таму на сямейным савеце рашылі, што буду выбіраць гэтую спецыяльнасць. Выбарам я задаволена, мне цікава на маёй пасадзе, нягледзячы на тое, што даводзіцца шмат працаваць з паперамі.
Адпрацаваўшы па размеркаванні, Юлія вырашыла застацца ў калектыве КУСП “Чарняхоўскі-Агра”, дзе ёй прапанавалі пасаду галоўнага бухгалтара.
— Засталася ў Турцы, бо з’явілася магчымасць узняцца на прыступку па кар’ернай лесвіцы, набрацца вопыту. Да таго ж тут працуюць вельмі добрыя людзі, якія мяне ва ўсім падтрымліваюць, месца нядрэннае, таму я і падумала, а чаму б і не.
— Кажуць, што галоўны бухгалтар прыходзіць на працу раней за ўсіх і ідзе з яе, калі ўсе даўно пайшлі дадому. Ці праўдзівае гэта выказванне?
— Цалкам, асабліва ў апошнія дні месяца. Вельмі шмат работы, таму затрымліваюся на працы да вечара. Але ў любой рабоце ёсць свае мінусы. Мне здаецца, што ў маёй прафесіі ўсё ж болей пазітыўных бакоў.
— Ці дазваляе Ваша прафесія раскрыць свой творчы патэнцыял?
— Усё залежыць ад чалавека. Калі я няўрымслівая асоба, якой цікава прымаць удзел у нейкіх мерапрыемствах, выступаць на канцэртах, то я знайду магчымасць праявіць сябе. Калі чалавеку гэта нецікава, то ён будзе працаваць толькі ў кабінеце.
Сама дзяўчына актыўна прымае ўдзел у мерапрыемствах, якія праводзяцца на ўзроўні прадпрыемства, раёна і вобласці. Ёй падабаюцца пачуцці, якія яна зведвае, калі падымаецца на сцэну:
— Кожны раз адчуванні адрозніваюцца. Не было такога, каб я зведала адно і тое ж пачуццё, нават калі выходжу на тую ж самую сцэну. Гэта прываблівае.
Па словах Юліі, удзел у конкурсе «SuperПРОФІ-2023» яна вырашыла прыняць, бо захацела прайсці праз гэтае выпрабаванне, праверыць сябе. Складанасць заключалася ў тым, што неабходна было хутка прадумаць сваё выступленне, часу на раскачку амаль не было. Удзельнікі падрыхтавалі відэаролік аб дзейнасці і дасягненнях свайго прадпрыемства, арганізацыі або ўстановы; выступленне на тэму «Чаму мая прафесія лепшая» і творчы нумар, у якім трэба было прадэманстраваць сваё майстэрства і талент у адным з відаў або жанраў мастацтва: вакал, танец, мастацкае слова, арыгінальны жанр, ігра на музычных інструментах. Юлія выступіла з песняй “Белая касыначка”. Падтрымлівалі карэліччанку на конкурсе намеснік дырэктара КУСП “Чарняхоўскі-Агра” па ідэалагічнай рабоце Алена Макар і інжынер па ахове працы Паліна Авяр’янава. На фінал былі запрошаны таксама маладыя спецыялісты з іншых арганізацый раёна.
— Калі даведалася, што паеду на рэспубліку, вельмі хвалявалася, — прызнаецца Юлія. — Усё ж гэта новы для мяне ўзровень, я ніколі не прымала ўдзел у рэспубліканскіх конкурсах. Зразумела, шкада, што не атрымалася заняць першае месца, але гэта стымул для новых пачынанняў. Хочацца праявіць сябе, годна расказаць пра сваю працу і прадпрыемства ў будучым.
Сяргей СТОЛЯР
Фота з архіва Ю. Бартош