Пра любоў да працы, якасці добрага юрыста і ўніверсальнасць прафесіі расказвае юрысконсульт ААТ “Карэлічы-Лён” Ганна Кандыба
У пачатку снежня сваё прафесійнае свята адзначаюць юрысты. Любая прафесія прадугледжвае выкананне пэўных задач. Адных тэарэтычных ведаў для іх вырашэння можа быць недастаткова. Юрыдычная адукацыя дае магчымасць выбару спецыяльнасцяў, якія ставяць перад прафесіяналам часам супрацьлеглыя задачы. Ці значыць гэта, што, акрамя агульных якасцяў, канкрэтная спецыяльнасць можа патрабаваць ад прэтэндэнта наяўнасці асаблівых рыс характару?
Напярэдадні прафесійнага свята пагутарылі з юрысконсультам ААТ “Карэлічы-Лён” Ганнай Кандыба.
Спецыяльную адукацыю Ганна Леанідаўна атрымала ў 2013 годзе. Вучылася ў Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце па спецыяльнасці “юрысконсульт, сельскагаспадарчае права”. Родам дзяўчына з агр. Цырын. Працоўную дзейнасць пачынала судовым выканаўцам аддзела прымусовага выканання Карэліцкага раёна. З 2022 года працуе па спецыяльнасці на адным з вядучых прадпрыемстваў Карэліччыны – ААТ “Карэлічы-Лён”.
– Ганна Леанідаўна, у якім узросце Вы прынялі рашэнне стаць юрыстам, чым абумоўлены Ваш выбар?
– Я нарадзілася ў сям’і звычайных вяскоўцаў. Мой бацька, Леанід Паўлавіч Слінько, працаваў вадзіцелем у калгасе, а маці, Галіна Канстанцінаўна, – поварам у школьнай сталовай. Ужо пасля дзявятага класа хацела паступаць у каледж на юрыста, але бацькі настаялі, каб атрымала сярэднюю адукацыю ў школе. Ужо пасля 11 класа я стала студэнткай юрыдычнага факультэта Баранавіцкага дзяржуніверсітэта. Акрамя асабістых уяўленняў аб прафесіі, мяне прыцягвала ў ёй магчымасць узаемадзеяння з людзьмі, а не з лічбамі і формуламі. Гэта больш адпавядала майму характару.
– Адвакат, натарыус, следчы, юрысконсульт, пракурор – усе гэтыя словы мужчынскага роду. Ці не здаецца Вам, што прафесія юрыста не жаночая справа?
– А чаму не? Даводзілася чуць нечаканае азначэнне рабоце, быццам наша справа падобна мастацтву. Мне ж заўсёды ўяўлялася, што юрыспрудэнцыя блізкая да матэматыкі або медыцыны – у ёй патрэбна дакладнасць, і кошт памылкі такі ж высокі: любы промах можа ўплываць на лёс чалавека, на справы прадпрыемства ці арганізацыі.
– Як Вы думаеце, якія рысы характару павінны абавязкова прысутнічаць у чалавека, які звязаў сваё жыццё з правам?
– Прафесіяналізм, вядома ж, вырашае ўсё. Але мае значэнне накірунак працы. Так, адвакат павінен валодаць прамоўніцкім майстэрствам, следчы – цярпеннем, юрыст кампаніі, прадпрыемства – камунікабельнасцю… Таму гаварыць аб універсальным наборы якасцяў, якія неабходныя абсалютна кожнаму юрысту, напэўна, вельмі складана. На маю думку, сапраўды добры спецыяліст у сферы юрыспрудэнцыі, перш за ўсё, павінен валодаць такімі якасцямі, як крэатыўнасць, стрэсаўстойлівасць і актыўна імкнуцца да самаразвіцця. Заканадаўства ўвесь час мяняецца, і добраму спецыялісту неабходна адсочваць усе гэтыя змены, каб аператыўна рэагаваць на іх.
– Якія прававыя задачы даводзіцца вырашаць, працуючы на прадпрыемстве?
– Службовыя абавязкі юрыста прадпрыемства – афармленне дагавораў, ліцэнзій на экспарт, кансультатыўныя паслугі ўсім падраздзяленням арганізацыі. Даводзілася выступаць у судзе, і спрэчка была не прайграна.
– І дома праца не адпускае, – прызнаецца мая суразмоўніца. – Калі застаюцца нейкія пытанні, абавязкова разбіраю іх для сябе. Але, шчыра кажучы, мне гэта вельмі цікава: я больш даведваюся, атрымліваю больш інфармацыі.
Муж Ганны, Аляксандр Кандыба, як ніхто іншы, разумее жонку. Ён таксама служыцель закона – оперупаўнаважаны аддзела вышуку Карэліцкага РАУС.
– Мы любім бавіць час разам, – кажа Ганна. – Ёсць у нас адна сямейная традыцыя – мы любім падарожнічаць.
Напэўна, вялікае шчасце для кожнага чалавека – мець любімую сям’ю і працу, на якую ідзеш з задавальненнем. У Ганны Кандыбы ёсць і тое, і другое.
Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара