Региональный этап Международных образовательных Рождественских чтений в г. Новогрудок глазами кореличчан
2 снежня ў г. Навагрудак праведзены рэгіянальны этап Міжнародных адукацыйных чытанняў «Праваслаўе і айчынная культура: страты і набыццё мінулага, вобраз будучага», у якіх прынялі ўдзел і прадстаўнікі арганізацый і ўстаноў Карэліччыны.
У рамках правядзення чытанняў працавалі пяць секцый. Слухачамі першай «Ідэалогія як інструмент духоўнага і культурнага выхавання ў грамадстве» сталі намеснікі старшынь райвыканкамаў, ідэолагі мясцовай вертыкалі ўлады, ідэолагі прадпрыемстваў і арганізацый, журналісты, у другой «Служэнне бліжняму як праяўленне хрысціянскай любові» — работнікі аховы здароўя.
Для педагогаў курсаў духоўна-праваслаўнай накіраванасці і намеснікаў дырэктараў школ па выхаваўчай рабоце была прапанавана секцыя «Духоўна-маральнае выхаванне ў сучаснай адукацыйнай прасторы». А вось слухачамі секцыі «Маладзёжнае служэнне: страты і набыццё мінулага, вобраз будучага» былі адказныя па рабоце з моладдзю, старшыні раённых арганізацый ГА «БРСМ», намеснікі дырэктараў па выхаваўчай рабоце рэсурсных цэнтраў па духоўна-маральным выхаванні школьнікаў. Пятая секцыя «Вера і ўнутраныя канфлікты чалавека» сабрала прадстаўнікоў сілавых структур.
Месцам правядзення чытанняў стала дзяржаўная ўстанова адукацыі «Сярэдняя школа № 7 г. Навагрудак». У фае навучальнай установы была арганізавана выстава пераможцаў рэгіянальнага этапа Міжнароднага конкурсу дзіцячай творчасці «Прыгажосць Божага свету».
Прадоўжылася мерапрыемства ў Навагрудскім раённым Цэнтры культуры і народнай творчасці. У вялікай зале сабраліся ўдзельнікі чытанняў у чаканні сапраўнага цуда, і яно адбылося. Са сцэны ўстановы культуры гучалі цудоўныя словы і мелодыі аб Веры, Любові, Радзіме. Песнапенні не маглі пакінуць раўнадушнымі — у іх вялікая сіла.
На сустрэчу завітаў і старшыня Навагрудскага раённага выканаўчага камітэта Сяргей Чаркоўскі. У сваёй прамове прадстаўнік мясцовай улады адзначыў аб добрай традыцыі праводзіць чытанні. Вера вучыць любіць, цаніць, развівацца, дае сілы на стварэнне новых і карысных спраў. Сяргей Сяргеевіч пажадаў дабрабыту і ўсяго добрага, а благачыннаму Навагрудскай царкоўнай акругі, протаіерэю Анатолію Герасімуку выказаў надзею на далейшыя падтрымку і супрацоўніцтва. У сваю чаргу святар адзначыў, што царква заўсёды была адзіная з мясцовай уладай у ажыццяўленні пастаўленых задач, і так павінна быць у наступным годзе, які аб’яўлены Годам якасці.
Анатолій Герасімук зачытаў Прывітальнае слова архіепіскапа Навагрудскага і Слонімскага Гурыя.
Нераўнадушнымі аказаліся падчас правядзення рэгіянальнага этапа Міжнародных адукацыйных чытанняў у Навагрудку і карэліччане.
З выступлення па тэме: «Духоўна-маральнае выхаванне вучняў праз узаемадзеянне ўстаноў адукацыі Карэліцкага раёна з Беларускай Праваслаўнай царквою» кіраўніка метадычнага аб’яднання настаўнікаў факультатыву «Асновы духоўна-маральнай культуры і патрыятызму», настаўніка беларускай мовы і літаратуры ДУА «Сярэдняя школа №1 г.п. Карэлічы» Алены ГІМПЕЛЬ:
— Эфектыўнай формай работы з вучнямі з’яўляецца развіццё міласэрнасці, дабрачыннасці, прыцягненне вучняў да работы па догляду за магіламі і месцамі пахавання абаронцаў Айчыны. У школах працуюць валанцёрскія атрады: «Добрыя сэрцы», «Міласэрнасць», «Данко». Рабяты аказваюць дапамогу адзінокім, адзінокапражываючым людзям, вядуць шэфскую работу ў Жухавіцкім Доме-інтэрнаце, Мірскім і Лукскім аддзяленнях Сястрынскага догляду.
Духоўнае развіццё вучняў ажыццяўляецца праз паломніцтва па святых месцах, наведванне цэркваў, манастыра. Штогод ва ўстановах адукацыі распрацоўваюцца маршруты экскурсійна-паломніцкіх паездак, паходаў «Па святых месцах»: у Свята-Елісееўскі Лаўрышаўскі мужчынскі манастыр, Свята-Успенскі Жыровіцкі манастыр, экскурсіі ў Нясвіж, Полацк, па мясцовых цэрквах, якія садзейнічаюць развіццю калектывізму, падтрымкі, актыўнасці, а таксама пачуццю гонару за культуру і самабытнасць Радзімы.
На занятках аб’яднанняў па інтарэсах дэкаратыўна-прыкладной творчасці вучні сумесна з педагогамі робяць рэчы і штогод прымаюць удзел у конкурсах «Прыгажосць Божага свету», «Калядная зорка». Педагогамі дадатковай адукацыі праводзяцца майстар-класы па вырабу падарачных сувеніраў на калядную тэматыку і да Вялікадня для школьнай ярмаркі.
Сваімі меркаваннямі падзяліся ўдзельнікі чытанняў:
Лілія АРЦЮХ,
дырэктар ДУК «Карэліцкая раённая бібліятэка»:
— Я пастаянны слухач Калядных чытанняў, якія арганізоўвае Навагрудская епархія. На гэты раз са мной прыехалі чатыры супрацоўнікі раённай бібліятэкі. Заўсёды на секцыях уздымаюцца актуальныя тэмы па духоўным адраджэнні грамадства, духоўнай рабоце з насельніцтвам і асабліва з моладдзю. Закранула тэма рускай мовы і брыдкаслоўя. Гэтая тэма нам, бібліятэкарам, вельмі блізкая. Людзі павінны чытаць, што дае развіццё як асобы, выхоўвае ў духоўным плане. З задавальненнем слухала даклад і дырэктара ДУК «Навагрудская раённая бібліятэка» Ірыны Царук аб супрацоўніцтве з Навагрудскай епархіяй. Мы таксама маглі б расказаць: на нашым рахунку шмат карысных спраў.
Святлана ДУНЕЦ,
старшая сястра Сястрыцтва Страстацерпіцы Аляксандры ў г.п. Карэлічы:
— У трэці раз наведваю Калядныя чытанні. Гэтыя асаблівыя, яны былі падзелены на секцыі, я прысутнічала ў сацыяльнай. Асабліва даспадобы прыйшліся выступленні псіхолага і святара Мінскага дзіцячага хоспіса, пра які я мала ведала. Псіхолаг расказала аб т ым, як сябе паводзіць пры сустрэчы з рознымі катэгорыямі грамадзян, а святар паведаміў аб лячэнні анкалагічна хворых дзяцей. Яшчэ больш пераканалася ў тым, што мы павінны быць больш спачувальнымі да іншых, якім патрэбны нашы падтрымка і дапамога, а таксама добрае слова. У нас павінна быць больш любові і цярпення да акружаючых людзей. Магчыма, тады свет стане крышачку дабрэйшым, калі будзем тварыць больш добрых спраў.
Падрыхтавала Галіна СМАЛЯНКА
Фота Ліліі АРЦЮХ