1 студзеня — 105 гадоў з дня заснавання БССР. Станаўленне беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці на савецкай аснове
Рашэнне аб утварэнні Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі было прынята на шостай Паўночна-Заходняй абласной канферэнцыі бальшавікоў 30-31 снежня 1918 года ў Смаленску. Канферэнцыя аб’явіла сябе першым з’ездам Кампартыі бальшавікоў Беларусі. Быў абраны кіруючы орган КП(б)Б — Цэнтральнае Бюро КП(б) Б. Старшынёй прэзідыума ЦК КП(б)Б абралі А. Мяснікова. Таксама быў створаны Часовы рэвалюцыйны рабоча-сялянскі ўрад, старшынёй якога стаў З. Жылуновіч, а членамі – А. Мяснікоў, А. Чарвякоў і іншыя
Першага студзеня 1919 года Часовы рэвалюцыйны рабоча-сялянскі ўрад абнародаваў Маніфест аб стварэнні Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусь (ССРБ). 2-3 лютага ў Мінску адбыўся Першы з’езд Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў Беларусі. На ім была прынята Канстытуцыя ССРБ, зацверджаны герб і сцяг абраны Цэнтральны Выканаўчы Камітэт (ЦВК). З’езд вызначыў тэрыторыю Савецкай Беларусі ў складзе Мінскай і Гродзенскай губерняў. Тэрыторыя Віцебскай і Магілёўскай губерняў засталася ў складзе РСФСР.
Таксама з’езд прыняў рашэнне аб аб’яднанні Беларускай ССР і Літоўскай ССР у адну дзяржаву — ССР Літвы і Беларусі (ЛітБел), якая павінна была стаць дзяржавай-буферам паміж Польшчай і Савецкай Расіяй.
27 лютага 1919 года ў Вільні адбылося першае пасяджэнне ЦВК Беларусі і Літвы. На ім быў абраны аб’яднаны ўрад — Савет Народных Камісараў Літоўска-Беларускай ССР. Сталіцай новага аб’яднання было вырашана зрабіць Вільню. У склад ЛітБела ўвайшла тэрыторыя Мінскай, Гродзенскай, Віленскай, Ковенскай і частка Сувалкскай губерняў.
Аднак ЛітБел праіснавала нядоўга. Акупацыя амаль усёй тэрыторыі войскамі Польшчы фактычна спыніла існаванне гэтай рэспублікі да ліпеня 1919 года.
Улетку 1920 года пачалося вызваленне беларускіх зямель ад польскіх акупантаў. Ужо 11 ліпеня 1920 года быў вызвалены Мінск, і 31 ліпеня ў ім другі раз была абвешчана незалежнасць ССРБ.
18 сакавіка 1921 года ў Рызе паміж РСФСР, Украінай і Польшчай без удзелу беларускай дэлегацыі быў падпісаны мірны дагавор. Інтарэсы БССР на мірных перамовах прадстаўляла дэлегацыя РСФСР. Па ўмовах мірнага дагавора тэрыторыя Заходняй Беларусі адышла да Польшчы. Савецка-польская мяжа праходзіла ў 30 кіламетрах ад Мінска. У складзе ССРБ засталося толькі 6 паветаў Мінскай губерні, на тэрыторыі якіх пражывала каля 1,6 млн чалавек. Смаленская, Віцебская і Магілёўская губерні ўвайшлі ў склад РСФСР. У 1924 г. адбылося першае ўзбуйненне БССР, у 1926 г. — другое ўзбуйненне.
Пасля завяршэння грамадзянскай вайны і пераходу да міру стала зразумела неабходнасць новых падыходаў да нацыянальна-дзяржаўнага будаўніцтва. Неабходнасць адраджэння народнай гаспадаркі патрабавала ўсталявання больш цесных эканамічных адносін паміж рэспублікамі. Пытанне аб стварэнні Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік і ўваходжанні ў яго склад ССРБ абмяркоўвалася на шостым Усебеларускім з’ездзе Саветаў 14-18 снежня 1922 г. у Мінску. З’езд падтрымаў ідэю стварэння Саюза ССР і ўваходжання Беларусі ў яго склад.
30 снежня 1922 г. з’езд прадстаўнікоў РСФСР, Украіны, Беларусі і Закаўказскай Федэрацыі (Першы з’езд саветаў СССР) прыняў Дэкларацыю і Дагавор аб утварэнні Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік.
У 1927 годзе восьмым Усебеларускім з’ездам Саветаў была прынята новая Канстытуцыя БССР. У ёй БССР абвяшчалася сацыялістычнай дзяржавай дыктатуры пралетарыяту, у якой уся ўлада належыла Саветам рабочых, сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў.
У 1920-30 гадах склаліся асноўныя рысы грамадска-палітычнай сістэмы беларускага савецкага грамадства. Яе аснову складалі Саветы ўсіх узроўняў, што было заканадаўча замацавана ў Канстытуцыі БССР. У Канстытуцыі БССР 1937 года дэкларавалася, што ўся ўлада ў БССР належала працоўным горада і вёскі ў асобе Саветаў дэпутатаў працоўных. Вышэйшым органам дзяржаўнай улады рэспублікі абвяшчаўся Вярхоўны Савет БССР, які абіраў Прэзідыум Вярхоўнага Савета і ствараў урад – Савет Народных Камісараў (СНК), з 1946 г. – Савет Міністраў.
Вядучая роля ў савецкай грамадска-палітычнай сістэме адводзілася Камуністычный партыі. Рэзервам і памочнікам Камуністычнай партыі абвяшчаўся Усесаюзны Ленінскі Камуністычны Саюз Моладзі (УЛКСМ). Сувязным звяном паміж партыяй і рабочымі былі прафсаюзы — масавыя добраахвотныя арганізацыі, якія адстойвалі інтарэсы рабочых перад адміністрацыяй. Да сярэдзіны 1930-х былі пабудаваны асновы сацыялізму БССР. Канстытуцыя БССР 1937 года абвяшчала БССР сацыялістычнай дзяржавай рабочых і сялян. У Канстытуцыі 1937 года было пашырана кола правоў і свабод грамадзян, намечаны пераход да падзелу ўлады на заканадаўчую, выканаўчую і судовую.
У пасляваенныя гады захоўвалася адзіная дзяржаўная ідэалогія — аднапартыйная палітычная сістэма. У руках ВКП(б) знаходзіліся ўсе рычагі дзяржаўнага і гаспадарчага кіравання. Саветы падпарадкоўваліся партыйным органам і не прымалі рашэнняў самастойна.
Першымі сакратарамі ЦК КПБ у гэты перыяд былі П.К. Панамарэнка (1938-1947), М.І. Гусараў (1947-1950) М.С. Патолічаў (1950-1956). Камсамол быў кузніцай кадраў для партыі. Так, сакратары ЛКСМБ К.Т. Мазураў, П.М. Машэраў, А. Аксёнаў сталі дзяржаўнымі і палітычнымі дзеячамі. Энтузіязм і натхненне былі адметнай рысай грамадскага жыцця ў БССР у пасляваенны перыяд. Палітычная сітуацыя ў заходніх абласцях Беларусі ўскладнялася тым, што да сярэдзіны 1950 гг. там дзейнічалі польскія нацыяналістычныя фарміраванні, якія наводзілі страх на мясцовае насельніцтва. На адзін узровень з гітлераўскімі карнікамі паставілі сябе былыя салдаты Арміі Краёвай пад камандаваннем Рамуальда Райса (“Бурага”), якія праводзілі карныя рэйды па знішчэнні цэлых вёсак, забойствы мясцовага насельніцтва, а таксама партыйных і камсамольскіх актывістаў, дактароў, настаўнікаў, вайскоўцаў.
Перыяд праўлення з 1953 па 1964 гады атрымаў у публіцыстыцы назву “адлігі”. У час “адлігі” была праведзена ўсеагульная амністыя палітвязняў і частковая рэабілітацыя ахвяр палітычных рэпрэсій. У БССР было рэабілітавана каля 40 тысяч чалавек.
Пашырыліся правы саюзных рэспублік: з 1957 года ўводзілася самастойнасць рэспубліканскіх органаў улады ў сферы прыняцця нарматыўных прававых актаў; у падпарадкаванне рэспубліканскіх ведамстваў пераходзілі многія прадпрыемствы і арганізацыі, якія раней падпарадкоўваліся саюзным уладам; саюзныя рэспублікі атрымалі права самастойна вырашаць адміністрацыйна-тэрытарыяльныя пытанні.
Адбыліся змены ў адміністрацыйным дзяленні рэспублікі. У БССР замест 11 абласцей засталося 6, замест 123 сельскіх раёнаў — 77. Былі пашыраны правы Саветаў усіх узроўняў. Новыя магчымасці былі дадзены камсамолу. У 1956 годзе першым сакратаром ЦК КПБ стаў беларус Кірыл Трафімавіч Мазураў (1956-1965). З 1965 па 1980 г. — Пётр Міронавіч Машэраў. З яго імем звязаны многія дасягненні ў развіцці эканомікі, навукі, культуры рэспублікі. У перыяд яго кіраўніцтва БССР была адной з самых эканамічна развітых рэспублік СССР. З 1983 па 1987 гады партыйную арганізацыю БССР узначальваў М.М. Слюнькоў. За гэтыя гады рэспубліка дабілася поспехаў у развіцці сельскай гаспадаркі: на 30% павялічылася вытворчасць валавой прадукцыі, у 1,5 раза вырасла зарплата ў вёсцы. Зніклі чэргі ў магазінах. Па выніках Усесаюзнага сацыялістычнага спаборніцтва 1983-1987 гг. БССР была прызнана безумоўным пераможцам.
З прыходам да улады М. С. Гарбачова пачалася перабудова — перыяд радыкальных пераўтварэнняў, якія ў выніку прывялі да ліквідавання ўлады КПСС і распаду СССР.
Марыя БЕЛЯНОВА, навуковы супрацоўнік УК “Карэліцкі раённы краязнаўчы музей”