Дому-интернату в Жуховичах подарили беседку

Удзельнікі сталярнага гуртка «Не проста цясляр» падарылі ДУСА “Жухавіцкі дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў” драўляныя альтанку і лаўку.

— Устаноўка альтанкі “Адпачываем разам” ажыццяўляецца ў рамках сацыяльнага праекта “Шлях да даўгалецця”, арганізаванага ўпраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Карэліцкага райвыканкама, ДУ “Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Карэліцкага раёна” і нашым інтэрнатам, — расказвае дырэктар ДУСА “Жухавіцкі дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў” Вольга Богук. — Праект накіраваны на згуртаванне прадстаўнікоў старэйшага пакалення, моладзі і інвалідаў. У працэсе яго рэалізацыі будзе працягнута праца па добраўпарадкаванні тэрыторыі нашага дома-інтэрната.

Вольга Уладзіміраўна адзначае, што ў аснове ідэі ляжыць комплексны падыход, які спалучае ў сабе арганізацыю мерапрыемстваў для захавання і ўмацавання здароўя пажылых людзей і інвалідаў, які аб’ядноўвае аднадумцаў у групы здаровага ладу жыцця.

Так, у рамках праекта ўжо быў усталяваны ценявы навес “Месца вячорак”, з дапамогай рэлігійнай місіі «Дабрачыннае каталіцкае таварыства Карытас» Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі быў дапоўнены садавіна-ягадны астравок, дзе пасадзілі 25 яблынь і 25 ягадных кустоў. У далейшым плануецца распрацаваць экалагічны маршрут, які будзе пралягаць праз 14 кропак, створаных каля дома-інтэрната, сярод якіх сцежка здароўя, бэзавая алея, бярозавы гай, кветкавая паляна.

Нягледзячы на халоднае надвор’е, удзельнікі гуртка і іх кіраўнік Аляксей Дзмітровіч з энтузіязмам складалі альтанку. Новы архітэктурны аб’ект стаў добрым падарункам для жыхароў дома-інтэрната.

— 3 снежня ў Беларусі адзначылі Дзень інвалідаў. Прыемна атрымаць такі цудоўны падарунак з нагоды гэтага свята, — кажа жыхар дома-інтэрната Аляксандр Максімовіч. — Дзякуючы Аляксею Дзмітровічу наша тэрыторыя стала больш прыгожай. Вялікі дзякуй ад усіх, хто пражывае ў доме-інтэрнаце.

— Цяпер мы з нецярпеннем чакаем вясны, калі зможам спаўна ацаніць гэты падарунак, — дадае пастаялка інтэрната Валянціна Тотчык.

Дарэчы, альтанка не першы падарунак гуртка Жухавіцкаму дому-інтэрнату. Раней яго ўдзельнікі ўжо ўладкавалі лаўку вакол івы.

— Сёння сюды прыехалі дзеці са шматдзетных сем’яў, акрамя іх, у гуртку займаюцца дзеці, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, — кажа Аляксей Дзмітровіч. — Мы прывучаем іх да рамяства, якое дапаможа ў жыцці. Да таго ж дзеці бачаць практычную карысць у гэтай працы. Божае Слова кажа: “Служыце адзін аднаму тым дарам, які атрымалі”. Мы вучым дзяцей рабіць дабро.

Гэтая акцыя — добры прыклад дапамогі пажылым людзям і інвалідам. Важна разумець, што дапамагчы гэтым людзям нескладана, галоўнае — праявіць увагу.

Сяргей СТОЛЯР

Фота аўтара