В Кореличах состоялся семинар-учеба идеологического актива. Какие темы рассмотрели

20 снежня ў Карэліцкім маладзёжным цэнтры культуры праведзены семінар-нарада ідэалагічнага актыву раёна. На ім абмеркаваны актуальныя пытанні, якія сёння на вуснах многіх карэліччан. Па асноўнай тэме адзінага дня інфармавання «Палітычная бяспека як аснова грамадска-палітычнай стабільнасці суверэннай дзяржавы. Выбарчая кампанія 2024 года ў новых прававых умовах» слова трымаў намеснік старшыні Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта Яўген Чычкан. Прамоўца адзначыў, што на адзіным дні галасавання выбаршчыкам, якія жывуць у сельскай мясцовасці, будуць выдавацца па чатыры бюлетэні: па выбарах дэпутатаў сельскага, раённага, абласнога Саветаў дэпутатаў і дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. Нельга фатаграфаваць і публічна выстаўляць у інтэрнэт бюлетэнь, у якім адзначаны голас. Новаўвядзенні датычаць датэрміновага галавання — выбарчыя ўчасткі будуць працаваць без абедзеннага перапынку.
Аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны паведаміў пракурор Карэліцкага раёна Віктар Аўдакушын. Прамоўца адзначыў, што падчас расследавання адкрываюцца новыя факты, а праводзімая работа ў гэтым накірунку з’яўляецца данінай памяці і ўстанаўлення справядлівасці. Па меркаванні Яўгена Чычкана, трэба памятаць пра тыя гады, ушаноўваць герояў, а звесткі выкарыстоўваць як прапагандысцкі матэрыял. У сваю чаргу дырэктар Карэліцкай раённай бібліятэкі Лілія Арцюх запрасіла прыходзіць у бібліятэку за выданнямі па тэме генацыду беларускага народа.
Першы намеснік начальніка Карэліцкага раённага аддзела ўнутраных спраў Вадзім Палякоў, расказаўшы аб супрацьдзеянні карупцыі, адзначыў, што ў гэтым накірунку праводзіцца паўсядзённая і карпатлівая работа. Заклікаў праяўляць максімум пільнасці і дысцыпліны ў працоўных калектывах, быць уважлівымі на дарогах. Праваахоўнік выказаў надзею, што не будуць рэгістравацца факты махлярства, а людзі стануць больш прадбачлівымі, каб не згубіць свае фінансы.
«Бяспечны Новы год. Бяспека дзяцей на канікулах» — тэма выступлення намесніка начальніка Карэліцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Анатолія Шолка. Каб не дапусціць бяды, бацькам трэба быць уважлівымі пры пакупцы петардаў і гірляндаў і карыстацца інструкцыямі. Звярнуць увагу на дзяцей, якія будуць катацца на санках і цюбінгах.
Старшыня Карэліцкага Таварыства выратавання на водах Аляксандр Кандрусік заклікаў паводзіць сябе асцярожна на вадзе, захоўваць правілы і абавязкова апранаць выратавальныя камізэлькі. Падлеткі да 14 гадоў згодна з новымі правіламі аховы жыцця на вадзе на вадаёмы без суправаджэння дарослых не дапускаюцца, а таксама нагадаў, што выхад на лёд у перыяд пацяплення і разбурэння лёдавага пакрыцця забаронены.
Аб правядзенні акцыі «Ад усёй душы» для пажылых людзей нагадала начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Карэліцкага райвыканкама Іна Богуш і заклікала ідэологаў раёна прыняць у ёй актыўны ўдзел. Гэта можа быць як ушанаванне юбіляраў, так і дасланая паштоўка людзям пенсійнага ўзросту. Акцыя шырокамаштабная, і карэліччане не павінны застацца без увагі.

Галіна СМАЛЯНКА
Фота Сяргея СТОЛЯРА