В Кореличском районном краеведческом музее открыта новая экспозиция «Кореличчина: вторая половина  ХХ-ХХІ вв.»

22 снежня ў Карэліцкім раённым краязнаўчым музеі адбылося адкрыццё новай экспазіцыі «Карэліччына: другая палова ХХ-ХХІ стагоддзя». Яна прысвечана людзям і падзеям, якія ўслаўляюць яе на сучасным этапе. Ганаровыя госці мерапрыемства — Галіна Паўлаўна Калтунова, Лідзія Іосіфаўна Нагорная, Ганна Канстанцінаўна Шклярж, чые партрэты і асабістыя рэчы з’яўляюцца важнай часткай новай эспазіцыі.

Вось важныя штрыхі з іх біяграфій. Лідзія Іосіфаўна Нагорная нарадзілася ў вёсцы Явар Дзятлаўскага раёна. Была намеснікам старшыні Карэліцкага раённага Савета дэпутатаў, старшынёй Карэліцкага раённага савета жанчын. 12 гадоў працавала старшынёй раённага Савета дэпутатаў. Па яе ініцыятыве ў раёне быў утвораны актыўны інстытут стараст, раённы савет стараст. Сталі традыцыйнымі сельскія сходы, злёты салдацкіх удоў, вечары-ўшанаванні сем’яў розных пакаленняў, пасяджэнні клуба даярак сямі-пяцітысячніц, арганізацыя кансультацый вядомых свяціл урачэбнай практыкі.

Галіна Паўлаўна Калтунова нарадзілася ў вёсцы Падгайна. 38 гадоў працавала на ніве адукацыі, пад яе кіраўніцтвам утворана рэгіянальная сістэма выхавання асобы. Рэжысёр і вядучая раённых мерапрыемстваў. Мясцовая паэтэса. Аўтар кніг: «Карэліцкія мадонны», «Споведзь душы маёй», «Плыві, «Рэчанька» зямлі Карэліцкай», сааўтар «Буквара Карэліцкага раёна». Прысвоена званне «Выдатнік адукацыі», удастоена звання «Педагог-майстар». Лаўрэат прэміі Гродзенскага абласнога Савета жанчын. Занесена ў раённую Кнігу Славы.

Ганна Канстанцінаўна Шклярж нарадзілася ў саўгасе Нача Ляхавіцкага раёна. Працавала настаўнікам біялогіі УА «Дзяржаўная гімназія № 1 г.п. Карэлічы». Педагог вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі. Узнагароджана ордэнам Працоўнай Славы ІІІ ступені, значком «Выдатнік народнай адукацыі Рэспублікі Беларусь». Удастоена звання «Педагог-майстар». Прысвоена званне «Заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь». Занесена ў раённую і абласную Кнігі Славы.

На выставе прадстаўлена больш дзясятка фотаздымкаў людзей, якія праслаўлялі Карэліччыну. Сярод славутых  — Віталій Ільіч Крамко, Браніслаў Іванавіч Крывіцкі, Уладзімір Арсенцьевіч Галавач, Валерый Аляксандравіч Жарскі, Ганна Аляксандраўна Жарская, Уладзімір Максімавіч Сатыга, Іван Сцяпанавіч Барыскін, Васілій Васільевіч Бар’яш, Станіслаў Валяр’янавіч Лычкоўскі, Анатолій Канстанцінавіч Цобкала, Іван Міхайлавіч Паўловіч, Іван Адамавіч Хоміч, Ніна Сцяпанаўна Свірыд, Мікалай Аляксандравіч Гавіна, Дзмітрый Дмітрыевіч Янкоўскі.

Наш раён праслаўляюць у ХХІ стагоддзі не толькі дзеячы народнай гаспадаркі і мастацтва, але і спорту. Сярод іх — спартсмены Аляксей Алфёраў, Алёна Чычкан, Ірына Мокат, Арцём Логіш, Тамара Шыманская. Медалісты таксама праслаўляюць наш раён на рэспубліканскім узроўні.

Галіна СМАЛЯНКА

Фота Сяргея СТОЛЯРА