Вялікі паэт бунтарскага духу і ўсеабдымнага таленту. Да 225-годдзя Адама Міцкевіча
Шмат сказана і напісана пра Адама Міцкевіча. З вялікім задавальненнем згадваем класіка сусветнай літаратуры і цяпер…
Сёлета адзначаецца 225-годдзе з дня яго нараджэння.
Геніяльны паэт, перакладчык, драматург, педагог, публіцыст, дзеяч нацыянальна-вызваленчага польскага руху, член таварыства філаматаў і філарэтаў. Наведваў в. Унехава, в. Райца, в. Варонча, в. Г. Рута Карэліцкага раёна.
Нарадзіўся 24 снежня 1798 г. у фальварку Завоссе Навагрудскага павета (цяпер Баранавіцкі раён Брэсцкай вобласці). Бацька хлопчыка, Мікалай, быў выхадцам са старадаўняга літоўскага роду. Калісьці ён належаў да шляхты, але сям’я збяднела. Міцкевіч-старэйшы вёў адвакацкую практыку, каб пракарміць сям’ю. Маці Барбара, яўрэйка па паходжанні, належала сям’і дробнага служачага. Адам быў другім з пяці сыноў. Праз два гады пасля нараджэння хлопчыка сям’я перабралася ў Навагрудак, але ў Завоссе працягвалі вяртацца, часцей за ўсё летам.
Будучы паэт вучыўся ў Навагрудскай дамініканскай школе. Вучоба давалася лёгка. У вольны час упадабаным месцам Міцкевіча і яго школьных таварышаў была гара Міндоўга.
У 1812 годзе памёр бацька паэта, што стала вялікім ударам для сям’і.
Пасля заканчэння школы ў верасні 1815 года Адам Міцкевіч паступіў у Віленскі ўніверсітэт. Спачатку ён вывучаў фізіку і матэматыку, а потым перавёўся на гісторыка-філалагічны факультэт. Ва ўніверсітэцкім асяроддзі тых часоў асабліва моцныя былі патрыятычныя настроі. Разам з аднадумцамі Адам Міцкевіч стварыў таемнае аб’яднанне патрыятычнай моладзі — філаматаў. У 1820 годзе Адам Міцкевіч таксама ўступіў у рады філарэтаў.
Атрымаўшы ў 1819 годзе дыплом аб заканчэнні ўніверсітэта, Міцкевіч набыў магчымасць педагагічнай практыкі. Яго накіравалі ў горад Коўна, цяпер Каўнас (Літва).
У перыяд настаўніцтва Міцкевіч пакахаў прыгажуню Марылю Верашчаку, з якой пазнаёміўся ў час летняга адпачынку, калі гасцяваў у маёнтку Туганавічы недалёка ад Навагрудка. Дзяўчына прынесла паэту натхненне і першыя палкія пачуцці, але іх шчасцю не наканавана было спраўдзіцца. Яна была сасватана за графа Путкамера, за якога і выйшла замуж. У гэты час памерла горача любімая маці паэта. Перажываннi падарвалі яго здароўе. У 1822 г. ён быў вымушаны ўзяць на год адпачынак па хваробе. Жыў у Вільні. Тут ён стварыў славутую паэму «Гражына» (1823 г.), у якой ажывае старажытная гісторыя Літвы-Беларусі. У Вільні Міцкевіч распачаў сваю шматгадовую працу над самым сваім фiласофскiм творам – паэмай «Дзяды».
Сацыяльная дзейнасць паэта была цесна звязана з творчасцю. У 1823 годзе Міцкевіч быў арыштаваны па «Справе філаматаў». Ён аказаўся ў турме, але дзякуючы сябрам у 1824-м быў выпушчаны на волю. Праз паўгода літаратара выселілі з горада.
Ён быў змушаны з’ехаць і распачаў вандраванне ў Санкт-Пецярбург. Потым пабываў у Адэсе, Крыме, Маскве і зноў вярнуўся ў Паўночную сталіцу. Падарожжа заняло пяць гадоў і прынесла Міцкевічу знаёмства з творчай інтэлігенцыяй Расіі. Пасля ён адправіўся ў Еўропу і наведаў Італію, Швейцарыю, Германію.
У 1830 годзе ў Польшчы адбылося лістападаўскае паўстанне, і Міцкевіч спрабаваў вярнуцца на радзіму, але не быў дапушчаны. Яму прыйшлося пераехаць у Парыж і працягваць тулянні па Еўропе, якія прывялі аўтара ў Італію.
Міцкевіч быў плённым літаратарам. Яго спадчына складаецца з масы твораў розных вершаваных форм.
Галоўны твор паэта «Пан Тадэвуш» створаны ў 1834 годзе, падчас пражывання ў Парыжы. У ім перапляліся некалькі жанравых ліній, дзякуючы чаму сачыненне стала нацыянальнай паэмай, аналагаў якой у польскай літаратуры няма. На аснове гэтага твора зняты фільм.
У 1834 годзе Міцкевіч стварыў сям’ю. Яго жонкай стала Цэліна Шыманоўская, дачка піяністкі, чые салоны паэт наведваў, знаходзячыся ў Пецярбургу. У саюзе нарадзілася шасцёра дзяцей.
З нараджэннем дзяцей Міцкевіч аказаўся ў цяжкім фінансавым становішчы, і, каб яго палепшыць, паэт пачаў выкладаць лацінскую літаратуру, спачатку ў Лазанскай акадэміі, а затым і ў Парыжы. Яго лекцыі прыходзілі слухаць Жорж Санд і Сен-Без. Але і тут бунтарская сутнасць Міцкевіча дае аб сабе ведаць: улады забараняюць яго лекцыі.
Памёр Адам Бернард Міцкевіч 26 лістапада 1855 года па дарозе ў Канстанцінопаль (гістарычная назва Стамбула). Ён захварэў на халеру. Цела Адама Міцкевіча пахавалі ў Парыжы. У 1890 годзе астанкі перавезлі ў Кракаў, дзе ажыццявілі перапахаванне ў Вавельскім кафедральным саборы.
Маляўнічыя краявіды Карэліччыны, якая ўваходзіла ў склад тагачаснай Навагрудчыны, натхнялі Адама Міцкевіча на стварэнне цудоўных твораў. Часта бываў паэт у в. Г. Рута, што паміж Карэлічамі і Навагрудкам, там знаходзіўся маёнтак яго апекуна Медарда Растоцкага, які, на жаль, не захаваўся да нашых часоў. Возера Свіцязь натхніла паэта на напісанне балад “Свіцязь” і “Свіцязянка”. Бываў Міцкевіч і ў Туганавічах, і ў Плужынах, і ў Цырыне. Ёсць у творах Адама Міцкевіча ўспаміны і пра іншыя мясціны Карэліччыны.
Яго творы перакладзены больш чым на 30 моў свету, і хаця пісаў Міцкевіч на польскай мове, яго біяграфія і творчасць самым цесным чынам звязаны з беларускай зямлёй. Памяць паэта ўшанавана ў Польшчы і Беларусі, Літве, Расіі, Украіне, Германіі, Турцыі, Францыі, Італіі і Грузіі.
Алена МАКАРЧЫК, бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі ДУК «Карэліцкая раённая бібліятэка»
Па матэрыялах адкрытых інтэрнэт-крыніц.
Фота з адкрытых інтэрнэт-крыніц і архіва рэдакцыі