Кореличский сырцех делает ставку на качество
У актавай зале адміністрацыйнага будынка Карэліцкага сырцэха “Навагрудскія Дары” філіяла ААТ “Лідскі малочна-кансервавы камбінат” за шкляной вітрынай — цэлая галерэя ўзнагарод, якіх удастоена прадукцыя прадпрыемства на розных рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах. Ужо на працягу шэрагу гадоў прадукцыя карэліцкіх сыраробаў разам з іншымі малочнымі прадуктамі ААТ “Лідскі малочна-кансервавы камбінат” заваёўвае прызавыя месцы на міжнародных выставах прадуктаў харчавання, напояў і сыравіны “Прадэкспа” ў Маскве, “Белагра” ў Мінску, на рэспубліканскім конкурсе спажывецкіх пераваг “Прадукт года”, на адкрытых фестывалях сыру ў Гродне. Гэтымі дасягненнямі, безумоўна, ганарацца ўсе, хто працуе на прадпрыемстве, марку якога ведаюць і цэняць не толькі ў нас у краіне, але і за яе межамі.
Галоўным сакрэтам поспеху, як прынята гаварыць у такіх сітуацыях, з’яўляецца якасць выпускаемай прадукцыі.
— Планку якасці мы паднялі высока, і падтрымліваць яе складана, але ў нас іншага выйсця няма, мы павінны гэта рабіць, таму што канкурэнцыя на рынку не дае расслабляцца, — кажа начальнік вытворчага цэха Ларыса Рапавец.
Галоўнай рухаючай сілай, якая спрыяе эканамічнай эфектыўнасці прадпрыемства, з’яўляецца калектыў, у якім працуе 56 чалавек. Палова з іх – работнікі кацельні, механічнай і дапаможнай службаў. Непасрэдна выпускам прадукцыі заняты 21 спецыяліст. Гэта сапраўдныя прафесіяналы сваёй справы. Сярэдні ўзрост працуючых – 47,5 гадоў. Але ў гэтым і ёсць галоўныя перавагі, паколькі вопыт і веды заўсёды ў цане. Карэліцкі цэх, не гонячыся за навінкамі і моднымі тэндэнцыямі, застаецца верны “Адыгейскаму класічнаму” сыру, які на працягу многіх гадоў займае лідзіруючую пазіцыю на айчынных і замежных конкурсах. Дзякуючы выдатнай якасці і смаку тавар заўсёды запатрабаваны.
За студзень-лістапад бягучага года экспартная выручка склала больш 2 мільёнаў долараў ЗША. Большая яе частка – продаж тэхнічнага казеіну за межы краіны: у Германію, Расію, Кітай і Польшчу.
Задаволіць жаданне спажыўца – галоўная мэта калектыву сыраробнага цэха. Больш за адзінаццаць гадоў яго ўзначальвае Ларыса Рапавец. Вернымі памочнікамі начальніка сырцэха з’яўляюцца старшы майстар Алена Гімпель, старшы лабарант Марына Хілімон, а таксама майстры Вольга Гіз і Ксенія Баранчык. Даўно заўважана, што па смаку карэліцкія сыры не саступаюць прадукту іншых вытворцаў, а некаторыя нават пераўзыходзяць. Такая арыгінальнасць рэцэптуры – шмат у чым заслуга яе распрацоўшчыкаў, тэхналагічнай службы прадпрыемства на чале з Нінай Шкнай. Але, па словах кіраўніка вытворчасці, ёсць яшчэ адзін сакрэт смаку прадукцыі карэліцкіх перапрацоўшчыкаў. “Працоўны дзень павінен пачынацца з усмешкі! – пераканана Ларыса Рапавец. – Улічваючы тое, што ў цэху працуюць жанчыны, для кожнай з іх важны добры настрой, каб і работа ішла спарней, і сыр варыўся”. Начальнік вытворчасці таксама ўпэўнена, што на любым прадпрыемстве павінна быць пераемнасць пакаленняў. Гэта вельмі важна. Калі ў калектыве ёсць людзі з вялікім практычным вопытам, з якімі можна параіцца, як паступаць у той ці іншай сітуацыі, можна пазбегнуць многіх памылак. Навошта пачынаць усё з нуля, калі ёсць магчымасць перадаваць веды з пакалення ў пакаленне.
— Сыраробаў здаўна лічылі чараўнікамі, бо ў іх руках з простага малака нараджаўся дзіўны прадукт. І хоць сёння амаль увесь працэс падрыхтоўкі дыктуе камп’ютар і быць вялікім кулінарам не трэба, усё ж без душы добры сыр не атрымаецца. Вытворчасць сыру — гэта складаны тэхналагічны працэс, і тут важны вопыт, які напрацоўваецца дзесяцігоддзямі і нават стагоддзямі, — лічыць сырароб Алена Дземянчук. — Трэба любіць тое, што ты робіш, любіць людзей, якія цябе акружаюць. А наогул, мне падабаецца праца на вытворчасці і зносіны з людзьмі.
Вытворчыя магутнасці прадпрыемства дазваляюць прымаць і перапрацоўваць 100 тон сыравіны ў суткі, выпрацоўваць 1 тону сыру, 2 тоны тэхнічнага казеіну, 5 тон заменнікаў суцэльнага малака. Малако выдатнай якасці паступае з дзвюх сыравінных зон – Карэліцкага і Навагрудскага раёнаў. Высокая якасць сыравіны адлюстроўваецца і на канчатковай прадукцыі, якая не залежваецца. Вырабленае сёння – ужо заўтра на стале спажыўца.
Сёлета карэліцкімі вытворцамі была выпушчана пробная партыя паўцвёрдага вэнджанага сыру “Рамзес”. Шчыльная кансістэнцыя, запамінальны водар, яркія ноткі ў смаку – усё гэта прыйшлося даспадобы спажыўцу. І ўжо ў 2024 годзе выраб сыру такога гатунку мясцовымі сыраварамі будзе пастаўлены на паток.
Канкурэнтаздольнае прадпрыемства паспяхова развіваецца, і тут упэўнены: той, хто добра працуе, мае права добра адпачываць. Прафсаюз аплачвае экскурсіі, закупляе білеты на канцэрты і спектаклі. У гэтым годзе члены прафсаюзнай арганізацыі пабывалі на спектаклі “Юнона і Авось” у Гродзенскай абласной філармоніі, наведалі казачную краіну МаліВур, што пад Мінскам, былі ў Дзяржаўным музеі Вялікай Айчыннай вайны, а таксама ў інтэрактыўным музеі “Квантум”, мемарыяльным комплексе “Хатынь”. Сумесны адпачынак, па словах Ларысы Міхайлаўны, аб’ядноўвае калектыў і выхоўвае камандны дух. Кожнаму работніку прадастаўляецца поўны сацпакет і распрацавана сістэма прэмій. Увогуле, калектыў сырцэху жыве актыўным грамадскім жыццём Карэліччыны. Іх каманда – пастаянны ўдзельнік патрыятычных акцый, спартыўна-масавых мерапрыемстваў і раённых спартакіяд, сёлета ўпершыню прымалі ўдзел і ў раённым турыстычным злёце.
Вось так, нічога не застаецца, як пагадзіцца з тым, што вытворчасць у паўсотні чалавек можа рабіць сапраўды вялікую справу: цешыць з году ў год сваімі вырабамі як вытанчаных гурманаў, так і аматараў малочных прысмакаў.
У тэму
Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ № 375 “Аб аб’яўленні 2024 года Годам якасці”.
Дадзенае рашэнне прынята ў мэтах далейшага павышэння якасці жыцця беларускага народа, забеспячэння канкурэнтаздольнасці нацыянальнай эканомікі на сусветнай арэне, стымулявання ініцыятывы, фарміравання ў грамадстве адказнасці за вынікі сваёй працы і пачуцця датычнасці да будучыні краіны.
У рамках Года якасці будзе зроблены акцэнт на павышэнні канкурэнтаздольнасці Беларусі праз беражлівае і прадуманае стаўленне да рэсурсаў, рэалізацыю высокатэхналагічных і энергаёмістых праектаў, прыярытэт якасных паказчыкаў над колькаснымі. Намаганні будуць сканцэнтраваны на забеспячэнні якасных паказчыкаў шляхам стымулявання ініцыятывы, укаранення рацыяналізатарскіх ідэй, умацавання ў грамадстве сацыяльнага аптымізму, імкнення ствараць на агульнае дабро. Прыярытэтную ўвагу плануецца надаць фарміраванню ў грамадзян асабістай адказнасці за дасягненне высокай якасці жыцця (дастатковы ўзровень даходу, своечасовая дыспансерызацыя, здаровае харчаванне, добрая адукацыя, культурны вольны час).
Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара