Настаўнік Ярэміцкай базавай школы Ала Хіневіч: «Выхаваць патрыёта можа толькі патрыёт»
Ярэміччына багата сваёй гісторыяй, падзеямі, цікавымі і вядомымі людзьмі. А гэта шырокае поле дзейнасці для выхавання ў нашых маленькіх беларусаў любові да Радзімы, да яе гісторыі. Я лічу, што найперш неабходна выхоўваць любоў да малой радзімы і да ўсяго, што з ёю звязана.
Цяжка ўявіць сабе чалавека без гісторыі, без кроўных сувязей з роднай зямлёй, без адчування сваіх вытокаў. Таму выхаванне патрыятызму і грамадзянскасці праводжу ў асноўным на мясцовым матэрыяле, каб дзеці з малых гадоў ведалі гісторыю сваёй вёскі, ведалі, як змагаліся нашы вяскоўцы супраць белапольскай акупацыі, у гады Вялікай Айчыннай вайны, сённяшнія клопаты яе жыхароў, народную творчасць. Лічу важным, каб дзеці памяталі непарыўную сувязь часоў, ведалі аб пераемнасці пакаленняў і каб гонар за сваю малую радзіму, родны край не пакідалі ніколі.
Важным напрамкам у рабоце з’яўляюцца акцыі па ўшанаванні памяці загінулых і добраўпарадкаванні тэрыторыі абеліскаў, помнікаў, брацкіх магіл. Штогод праводзім аўтапрабег “Ад помніка да помніка” на Дзень Перамогі. Ускладваем кветкі, схіляем галовы перад памяццю загінулых. Цікавым, крануўшым душу было мерапрыемства “Героі маёй сям’і”. З гонарам рабяты паказвалі партрэты і расказвалі пра сваіх дзядуль, ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Шмат запамінальных сустрэч прайшло з пакаленнем “дзеці вайны”. І я, і мае вучні пачулі шмат цяжкіх гісторый з ваеннага жыцця нашых землякоў.
Складанай, але цікавай была работа па зборы матэрыялаў аб настаўніках-ветэранах, якія змагаліся з ворагам. Сабраны аўтабіяграфічныя звесткі, копіі ўзнагародных дакументаў, асабістыя якасці і працоўныя справы якіх з’яўляюцца пераканаўчым станоўчым прыкладам, арыенцірам у выхаванні падрастаючага пакалення. І як вынік — у школьным музейным пакоі ім прысвечана экспазіцыя.
Благадатная Ярэміцкая зямля дала Беларусі шмат літаратурных дзеячаў, вучоных, дзеячаў культуры. Знаёмства з імі пачынаецца з экскурсіі “Чытаем вуліцы як кнігі”. Вывучэнне жыцця славутых землякоў мае вялікае выхаваўчае значэнне. З многімі знакамітасцямі былі арганізаваны сустрэчы.
Адным з эфектыўных шляхоў далучэння рабят да духоўнай скарбонкі свайго народа і развіцця патрыятызму з’яўляюцца паходы і экскурсіі па родным краі, у ходзе якіх вучні глыбей знаёмяцца з гісторыяй Бацькаўшчыны, сустракаюцца з цікавымі людзьмі, вучацца разумець і цаніць мінулае і сучаснае свайго народа. Першамайскі пасёлак, стаянкі першабытных людзей VІ-ІІ тысячагоддзя да нашай эры (там устаноўлены памятныя таблічкі), “партызанскія сцежкі”, адным словам, ёсць куды пайсці і ёсць што паказаць, і вядома, ёсць чым ганарыцца.
Вялікую ролю ў выхаванні адыгрывае школьны музейны пакой. Праводзячы музейныя ўрокі, знаёмлю рабят з Героем Савецкага Саюза У.З. Царуком, Героем Сацыялістычнай Працы Мокатам А.М., тут жа арганізоўваем сустрэчы з іх роднымі. Ёсць у нас пісьмы з фронту, перапіска з Героем Савецкага Саюза А. Марэсьевым і шмат іншага. На гэтых матэрыялах, на гістарычным, культурным, баявым, працоўным мінулым, на сённяшніх днях роднай краіны, нацыянальнай культуры фармірую патрыятызм у сваіх выхаванцаў.
Ала ХІНЕВІЧ, настаўнік працоўнага навучання Ярэміцкай БШ