Ученики Еремичской базовой школы заботятся о местах воинской славы
Наша пакаленне далёкае ад вайны, але як напамінак амаль у кожнай вёсцы стаяць помнікі. Гэта памяць аб тых, хто загінуў у той страшнай вайне, гэта месцы смутку і болю. Ярэмічы, Сіняўская Слабада, Лядкі, Новае Сяло, Рудзьма, Чорная, левы бераг Нёмана, дзе расстралялі яўрэяў… У гэтых вёсках помнікі ўзведзены на месцы расстраляных, спаленых жыхароў нашых вёсак. І яны патрабуюць увагі, нашай увагі. Усё далей адыходзіць вайна, зусім мала засталося тых людзей, хто памятае пра гады ліхалецця. А помнікі застануцца, яны будуць памяццю для нас, для падрастаючага пакалення.
Мы, вучні Ярэміцкай базавай школы імя У.А. Калесніка, добрасумленна клапоцімся аб месцах пахаванняў, працуем заўсёды дружна і зладжана: рыхлім зямлю, пры неабходнасці фарбуем пліты, помнікі. Не застаецца без увагі ніводная магілка на вайсковых могілках у Сіняўскай Слабадзе (а іх болей за 50). Цішыня ахутвае месца спаленых жыхароў Новага Сяла на хутары Карніцкіх у лесе. Як сведкі страшнай гібелі людзей стаяць вакол дрэвы. І здаецца, што загінулыя навасёлцы бачаць нас і ўдзячны, што не зарастае лясная сцежка да іх вечнага прытулку.
За невялікай ручаінай, у гушчыні дрэў, стаіць помнік расстраляным жыхарам Лядак. Нясведчы чалавек не ўбачыць яго, пройдзе ці праедзе міма.
Увосень тут усё пакрыта залатым кляновым дываном. Прыгожа. Але яшчэ прыгажэй становіцца, калі мы прыбіраем усё да апошняга лісціка.
Без увагі не застаецца ні адзін помнік, ні адно пахаванне, бо добраўпарадкаванне помнікаў, воінскіх пахаванняў – гэта даніна мужнасці і стойкасці пакаленням, якія прайшлі вайну. Я лічу, што гэта клопат аб будучым нашай малой радзімы, а маладое пакаленне павінна ведаць гісторыю і ўшаноўваць памяць продкаў, памятаць, якой цаной дасягнута Перамога.
Анастасія СІНІЦА, вучаніца 7 класа