Артисты Молодежного театра выступили с концертом в Жуховичском доме-интернате для престарелых и инвалидов
Рэспубліканская дабрачынная акцыя “Ад усёй душы», якая была ініцыявана Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, набірае абароты і ахоплівае ўсё больш людзей. Яе адрасаты – пажылыя, адзінокія людзі, інваліды, ветэраны вайны. У рамках гэтай высакароднай ідэі 5 студзеня артысты Маладзёжнага тэатра эстрады г. Мінска прыехалі ў Жухавіцкі дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў, каб павіншаваць з навагоднімі святамі, падарыць радасць і пазітыўныя эмоцыі людзям, якія маюць патрэбу ў клопаце і ўвазе.
Па словах дырэктара ДУ “Жухавіцкі дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў” Вольгі Богук, на сённяшні момант тут пражывае 71 чалавек з усёй Гродзенскай вобласці, сярэдні іх узрост – 72 гады. Для гэтых людзей дом-інтэрнат ператварыўся ў сучасны пансіянат для тых, хто хоча правесці восень жыцця ў цяпле і камфорце.
Канцэртная праграма “Навагодні вечар з зоркамі», арганізаваная Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь сумесна з Маладзёжным тэатрам, знайшла водгук у сэрцах гледачоў. Публіку радавалі: заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Дзмітрый Сяргееў, Максім Сокал, Алена Грышанава, Кацярына Мядзведзева, Мікіта Касцюкевіч, Вольга Калеснікава, Шыр, Вольга Булай і Марыя Іванова. Дабрачынныя акцыі такога роду – гэта не толькі музыка, гэта сімвал любові і падтрымкі, якія акружаюць нашых адзінокіх. Таксама ў адрас падапечных прагучала шмат цёплых слоў, пажаданняў доўгіх гадоў жыцця і моцнага здароўя.
Дырэктар установы Вольга Богук адзначыла:
— Нядзіўна, што ў нашай сацыяльна-арыентаванай дзяржаве з’явіліся такія цёплыя акцыі, як “Нашы дзеці”, калі мы віншуем маленькіх, і з мінулага года – “Ад усёй душы” – з клопатам пра старэйшае пакаленне. Да нас і раней прыязджалі, прывозілі падарункі, але цяпер усё аформілася ў рэспубліканскую акцыю, якая, я ўпэўнена, стане добрай традыцыяй.
Напрыканцы сустрэчы яна падзякавала ўсім тым, хто не застаецца раўнадушным да лёсаў людзей і з вялікім задавальненнем дорыць радасць і натхняе на новыя пачынанні. Асаблівыя словы падзякі прагучалі ў адрас артыстаў эстрады.
Начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Карэліцкага райвыканкама Іна Богуш павіншавала прысутных з навагоднімі святамі, выказала словы падзякі спевакам і Міністэрству культуры Рэспублікі Беларусь за арганізацыю такіх цёплых і патрэбных сустрэч.
Заслужаны артыст Беларусі, саліст Маладзёжнага тэатра эстрады Дзмітрый Сяргееў адзначыў:
— Беларусь заўсёды была моцная сваімі добрымі традыцыямі, і адна з найважнейшых сярод іх – бязмежная пашана людзей старэйшага пакалення. Акцыя “Ад усёй душы”, якая праводзіцца ў нашай краіне, – гэта выдатная магчымасць звярнуцца да старэйшага пакалення, каб выказаць словы павагі і ўдзячнасці. Гэта яны заўсёды сумленна працавалі, не ведаючы стомы, дарылі родным любоў і клопат. І сёння артысты Маладзёжнага тэатра эстрады з вялікім задавальненнем падарылі свае музычныя нумары і цёплыя словы у адрас тых, хто знаходзіцца ў доме-інтэрнаце, а таксама павіншавалі супрацоўнікаў установы з іх прафесійным святам.
Пастаялец Жухавіцкага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў Аляксандр Максімовіч:
— Прыемна, што ў гэтыя навагоднія, калядныя дні ў краіне нарадзілася новая традыцыя, якая звязвае пакаленні. Хочацца, каб гэты круг ніколі не размыкаўся. Таму што гэта вельмі важна, калі ўнукі, дзеці ўспамінаюць пра сваіх бабуль і дзядуляў, бацькоў. І не проста ўспамінаюць, а дораць ім цяпло сваёй душы. А для нас, адзінокіх, гэта асабліва прыемныя моманты: мы адчуваем нейкую своеасаблівую падтрымку. Вось і сённяшняе выступленне маладых артыстаў падарыла добры настрой, аптымізм і веру ў заўтрашні дзень.
На працягу двух тыдняў людзі старэйшага пакалення будуць уцягнутыя ў кругазварот прыемных сустрэч і падзей. Моладзь, валанцёры і былыя калегі акружаць іх клопатам і ўвагай, падораць радасць сустрэчы з цудам. Упэўнена, што ўсе мерапрыемствы пройдуць з душой і ад усёй душы!
Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара