Специалисты оценили состояние озимых культур в Кореличском районе
Відавочна, што клімат у нас умераны, а вось надвор’е — капрызнае. Асабліва непрыемная гэтая думка для земляробаў, якія круглы год пільна сочаць за выбрыкамі нябеснай канцылярыі. Цяпер усе задаюцца пытаннем: як скачкі тэмпературы перанясуць азімыя культуры.
Разам з начальнікам аддзела вытворчасці і механізацыі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Карэліцкага райвыканкама Ільёй Самуйлікам і аграхімікам СВК “Маяк-Заполле” Яўгеніем Варановічам выязджаем на поле прадпрыемства. Сёлета “маякоўцы” пасеялі 1580 га азімых зерневых, з якіх 1210 га пшаніцы, 270 га трыцікале і 100 ячменю, а таксама 650 га азімага рапсу.
— Мы пастаянна сочым за станам азімых пасеваў, — кажа Яўгеній Варановіч. — Гаварыць аб тым, як яны перанясуць зіму, яшчэ рана, наперадзе два месяцы.
З гэтай думкай згаджаецца і Ілья Самуйлік:
— Калі куранят лічаць па восені, то азімыя ацэньваюць па вясне. На Карэліччыне азімы клін склаў 13 300 га, што на 255 га больш, чым у мінулым годзе. Павялічылася плошча азімага ячменю, пасеяна на 785 га больш, усяго гэтай культурай занята 2325 га. Азімы рапс пасеяны на 3970 га. У цэлым стан азімых па раёне добры, снежнае покрыва невялікае, да 5 см, адзначаюцца месцы выдзімання снегу, дзе пасевы голыя, і на іх не лепшым чынам уплывае мароз.
Ілья Самуйлік адзначае, што на ўсіх пасевах азімага рапсу ў раёне была выканана праполка, азімыя зерневыя праполаты на 75% плошчаў. І азімыя зерневыя, і азімы рапс былі пасеяны ў аптымальныя агратэхнічныя тэрміны, тэхналогія не была парушана. Для севу было выкарыстана насенне высокай рэпрадукцыі — суперэліты, эліты, 1-ай і 2-ай рэпрадукцыі.
— Маразы ў -18 — -19 градусаў выклікалі найвялікшую небяспеку для рапсу і ячменя, бо крытычны мароз для гэтых культур — -16°С, — адзначае Ілья Самуйлік. — Жыта, напрыклад, вытрымлівае тэмпературы да -22°С. Хацелася б, каб і мароз быў невялікім, і снежнае покрыва вышэйшым. Калі ёсць снег, але няма маразоў — расліны будуць прэць, калі ж наадварот, будзе мароз без снегу, — пасевы замерзнуць.
Кепска адаб’ецца на стане азімых і пацяпленне, падчас якога расліны ўступяць у вегетацыю. Калі пасля гэтага ізноў ударыць мароз — расліны загінуць.
Ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі і харчавання Карэліцкага райвыканкама адзначаюць, што спецыялісты пастаянна адсочваюць стан пасеваў азімых культур. У той жа час аграномы не забываюць пра запасныя варыянты. У Карэліцкай раённай дзяржаўнай інспекцыі па насенняводстве, каранціне і ахове раслін паведамляюць, што зараз актыўна рыхтуюць насенне для вясенняй сяўбы. На Карэліччыне падрыхтавана 98% насення. Аграрыямі раёна падрыхтавана 1080 тон насення зерневых (план у 1100 тон).
Сяргей СТОЛЯР
Фота аўтара