На планерке у председателя: экономика района за 11 месяцев, работа с пустующими зданиями, заготовка кормов и ремонт техники
Галоўнае — гэта эканоміка. Няма эканомікі — тады не трэба разлічваць ні на ідэалогію, ні на бяспеку, ні на спакой у грамадстве, — сказаў падчас працоўнай нарады старшыня Карэліцкага райвыканкама Генадзій Шатуеў.
Кіраўніку раёна далажылі аб стане спраў у арганізацыях і прадпрыемствах. Па словах намесніка старшыні райвыканкама Ігара Лазарэвіча, за 11 месяцаў 2023 года выручка ад рэалізацыі прадукцыі, работ і паслуг у раёне склала 288,3 млн рублёў. Тэмп росту — 10,2%. Удзельная вага сельскай гаспадаркі складае 75,5%, прамысловасці — 11,6%, гандлю — 9,4%. Прыбытак ад рэалізацыі склаў 25,1 млн, у тым ліку ад сельскай гаспадаркі — 22,1 млн рублёў. Рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі складае 10,9%. Усе прадпрыемствы раёна маюць станоўчы фінансавы вынік. Сярэдняя заработная плата склала 1449 рублёў, тэмп росту — 122,5%.
ААТ “Карэлічы-Лён” адгрузіла амаль 700 т ільновалакна на Аршанскі льнокамбінат і ААТ “Гранітэкс” звыш дзяржзаказу. Стабільна працуюць такія буйныя прадпрыемствы, як унітарнае камунальнае прадпрыемства бытавога абслугоўвання насельніцтва і Карэліцкая сельгастэхніка, райспажыўтаварыства.
Генадзій Шатуеў пацікавіўся, як ідзе праца з пустуючымі будынкамі.
— Усе пустуючыя будынкі вазьміце на кантроль, асабліва памяшканні, у якіх калісьці былі крамы. Прыцягвайце прыватны бізнес, прапануйце выгадныя ўмовы. Доля прыватнага бізнесу ў даходнай частцы бюджэту складае 40%, — нагадаў кіраўнік раёна.
Абмеркавалі на нарадзе і стан спраў у раслінаводстве. Генадзій Шатуеў выказаў незадаволенасць тэмпамі нарыхтоўкі мінеральных угнаенняў:
— 35% нарыхтаваных мінеральных угнаенняў сёлета супраць 37% летась — гэта нездавальняючая праца. Адставаць нельга, бо пасяўная не за гарамі. Тэмпы рамонту тэхнікі цалкам здавальняючыя — 65%, а па ўгнаеннях трэба паскорыцца.
Па словах першага намесніка старшыні райвыканкама — начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Яўгена Бусько, у дадзены момант ідзе закупка насення люцэрны (заказана 12 т), насення кукурузы (пры патрэбнасці 156,6 т маецца 40 т). 84 т насення кукурузы заказана праз Гроднааблсегастэхніку, астатнюю частку сельгаспрадпрыемствы будуць набываць самастойна.
Іна ЛЕЙКА