Птицефабрика «Красноармейская» в 2023 г. увеличила производство яиц в 5,5 раз
Адным з напрамкаў дзейнасці КСВУП “Птушкафабрыка “Чырвонаармейская“ з’яўляецца птушкагадоўля. Птушнік сельгаспрадпрыемства па сучасных мерках невялікі: гэта тры памяшканні, разлічаныя на 162 тыс. галоў. Намаганнямі гаспадаркі робіцца ўсе для забеспячэння пагалоўя натуральнымі кармамі.Яйкі Мірскай птушкафабрыкі ведаюць і купляюць у розных кутках краіны. Іх вытворчасць ажыццяўляецца пры бездакорным выкананні патрабаванняў тэхналагічнага рэгламенту па ўтрыманні і кармленні курэй-нясушак і поўным забеспячэнні біялагічнай абароны птушкагадоўчай галіны. На свае вочы мы не змаглі ўбачыць, як наладжаны працэс, бо трапіць на вытворчасць старонняму чалавеку немагчыма. Гарачы душ, спецвопратка, бахілы, шапачка, апрацоўка рук спецрастворам — такія працэдуры абавязковыя для кожнага работніка, які ўваходзіць на тэрыторыю.
Адна з галоўных пераваг птушкафермы – камбікорм уласнай вытворчасці з натуральнымі кампанентамі. У рацыён птушкі ўваходзіць пшаніца, мясакосная мука, сланечнікавы шрот і іншыя карысныя кормаадзінкі, якія неабходны, каб сфарміраваць паўнавартаснае яйка з пажыўнымі рэчывамі, якія вызначаюць яго каштоўнасць як натуральнага прадукту харчавання. Пры гэтым няма ніякіх штучных дабавак.
Упраўляючы ўчастка птушкагадоўлі сельгаспрадпрыемства Яна Блашко расказала:
– У птушніках падтрымліваюцца аптымальныя ўмовы для ўтрымання нясушак: тэмпература паветра, вільготнасць, рэжым асвятлення. Кармленне і паенне – у адпаведнасці з нарматывамі і графікамі. Доўгі канвеер пагадзінна дастаўляе знесеныя свежыя яйкі на зборны стол, дзе сартыроўшчыкі згодна катэгорыі раскладваюць іх у латкі. Для зручнасці пакупніка прадугледжаны кантэйнеры на 10 штук або гофратара на 30. У прывабным таварным выглядзе свежая і карысная прадукцыя паступае на хлебакамбінаты Гродзенскага рэгіёна, а таксама ў гандлёвыя кропкі краіны, дзе яе чакае пакупнік.
Рамонтны маладняк 90-дзённага ўзросту пароды ТЭТРА купляем у надзейнага пастаўшчыка, ААТ “Шчучынская птушкафабрыка”.
Кампетэнтна
Галоўны спецыяліст аддзела арганізацыі вытворчасці Карэліцкага раённага ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Валянціна Манько адзначыла:
– За 2023 год пагалоўе птушніка павялічылася на 272% у параўнанні з аналагічным леташнім перыядам. Усе вытворчыя магутнасці, а гэта тры птушнікі (колькасць птушкі на 01.01.2024 г. — 144,6 тыс. нясушак), задзейнічаны ў адпаведнасці з тэхналагічным графікам. Вытворчасць яек у 2023 годзе склала 27,299 млн штук, плюс 22,345 млн штук да ўзроўню 2022 года, або ў 5,5 разоў больш. Выдаткі корму на 1 тыс. шт. – 1,55 ц.к.адз. Яйканоскасць курэй-нясушак склала 265 штук, або плюс 147 штук на курыцу-нясушку. Выкананне патрабаванняў тэхналагічнага рэгламенту па ўтрыманні прамысловага статка курэй-нясушак дазволіла забяспечыць запланаваную прадуктыўнасць птушкі: заданне па вытворчасці яек выканана на 117,8% (плюс да плана 4,1 млн шт.). Рэнтабельнасць рэалізацыі прадукта вытворчасці за студзень-лістапад 2023 года склала 30% (плюс 28,4% да аналагічнага перыяду 2022 года, у тым ліку за лістапад 2022 года – 34,9%, плюс 29,4% да лістапада 2022 года).
Кацярына КУКАНАВА.
Фота прадастаўлена КСВУП “Птушкафабрыка “Чырвонаармейская“ і з адкрытых інтэрнэт-крыніц