В Кореличской центральной районной больнице появились две новые машины скорой помощи и начала работать комната спелеолечения
Медыцына – адзін з важнейшых напрамкаў развіцця Карэліцкага раёна і нашай рэспублікі. Штогод кіраўніцтва рэгіёна, спонсары, пераважна сельгаспрадпрыемствы раёна, робяць сур’ёзны ўклад у развіццё мясцовай сістэмы аховы здароўя і абнаўлення матэрыяльна-тэхнічнай базы за кошт мадэрнізацыі, правядзення капрамонтаў, набыцця спецабсталявання і аўтатранспарту. У 2023 годзе неаднаразова выдзяляліся дадатковыя асігнаванні на бягучыя рамонты памяшканняў і збудаванняў раённай бальніцы, амбулаторый і ФАПаў у сельскіх населеных пунктах.
Лёгкіх дарог вам, медыкі!
Прыемная падзея адбылася ў Карэліцкай цэнтральнай раённай бальніцы ў пярэдадзень навагодніх свят: двума новымі аўтамабілямі хуткай дапамогі, набытымі за сродкі рэспубліканскага бюджэту, папоўніўся аўтапарк установы.
На тэрыторыі Карэліцкага раёна размешчаны два паста хуткай медыцынскай дапамогі: г.п. Карэлічы і г.п. Мір, за якімі замацаваны чатыры аўтамабілі хуткай дапамогі. Два з іх мелі патрэбу ў замене.
– Мы шукалі магчымасць для закупкі новых аўтамабіляў. У набыцці дзвюх машын коштам больш за 248 тыс. руб. нам дапамаглі Міністэрства аховы здароўя і Галоўнае ўпраўленне па ахове здароўя Гродзенскага аблвыканкама. Атрымалі аўтамабілі хуткай дапамогі класа В, якія размеркавалі па пастах хуткай медыцынскай дапамогі, – расказала галоўны ўрач цэнтральнай раённай бальніцы Данута Скварада.
Спецтранспарт тыпу скорая медыцынская дапамога “Купава” ўкамплектаваны ўсім неабходным для аказання пацыентам хуткай дапамогі. У г.п. Карэлічы аўтамабілі прыбылі 29 снежня. Ужо ў пачатку студзеня іх аформілі, зарэгістравалі ў ДАІ, і цяпер медыкі выязджаюць на іх на выклікі да пацыентаў.
Атрыманыя машыны маюць прасторны салон з палепшаным інтэр’ерам і асвятленнем. У цэнтральнай частцы кузава размяшчаецца прыёмная прылада з каляскай-каталкай. Устаноўлены тры паваротныя крэслы для медыцынскіх работнікаў. Падлакотнікі і сядзенні пры неабходнасці складаюцца для эканоміі працоўнай прасторы. З левага боку ўсталяваны стэлаж для захоўвання і транспарціроўкі медыцынскага абсталявання. Фельчары выязной брыгады хуткай дапамогі г.п. Карэлічы Мікалай Саўко і Наталля Саўко ацанілі камфартабельнасць новых аўтамабіляў:
— Машына ўкамплектаваная па табелі аснашчэння хуткай дапамогі. У ёй ёсць усё: відэарэгістратар, GPS-навігатар, сучасныя насілкі для перавозкі пацыентаў, складное крэсла, пнеўматычныя шыны для імабілізацыі пераломаў у дарослых і дзяцей, кіслародны інгалятар. Дэфібрылятар і апарат ШВЛ, безумоўна, стануць надзейнай страхоўкай выязной брыгады. Паміж медыцынскім салонам і кабінай вадзіцеля ёсць ізатэрмічная перагародка са ссоўным акном. Маецца шкляны люк для натуральнага асвятлення і вентыляцыі салона. Акрамя таго, прадугледжаны тры пражэктары. На даху – святлогукавая сігналізацыя з гучнай сістэмай. І яшчэ неабходная для медыкаў опцыя – аўтамабіль абсталяваны падавіцелем перашкод для забеспячэння нармальнай работы біяфізічнай кантрольнай медыцынскай апаратуры.
Своечасовае абнаўленне парку аўтамабіляў хуткай медыцынскай дапамогі – адзін з ключавых фактараў аператыўнага і якаснага аказання меддапамогі насельніцтву, на які неаднаразова звяртаў увагу Кіраўнік нашай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка.
У нагу з часам
За апошнія гады ў Карэліцкай цэнтральнай раённай бальніцы нямала зроблена ў плане рамонту аддзяленняў і памяшканняў. Мадэрнізацыя – для даступнасці медыцыны і больш якаснага аказання паслуг.
Так, на рамонт аддзялення хуткай медыцынскай дапамогі раённай бальніцы, які быў праведзены ў мінулым годзе, выдаткавана больш 200 тыс. рублёў. Тут маюцца дыспетчарская, пакой прыёму пацыентаў, памяшканне для захоўвання медыкаментаў, пакой для медперсаналу. Закуплена і ўстаноўлена медыцынская і бытавая мэбля. Створаны камфортныя ўмовы для працы.
Як адзначыла старшы фельчар аддзялення хуткай медыцынскай дапамогі Вольга Блакіцкая, у аддзяленні працуюць дзве брыгады хуткай медыцынскай дапамогі. Тут з’явіліся абсталяваныя перавязачны і працэдурны кабінеты. Гэта дазваляе адразу на месцы зрабіць забор крыві для аналізаў, выканаць ін’екцыі, правесці гінекалагічны агляд, зрабіць ЭКГ і УГД. Дзякуючы створаным умовам медыцынскія работнікі маюць магчымасць хутка правесці першасную дыягностыку і аказаць медыцынскую дапамогу за максімальна кароткі час.
– У нашым раёне заўсёды надавалася ўвага ўмацаванню матэрыяльна-тэхнічнай базы гарадскіх і сельскіх медустаноў, бо ад гэтага залежыць якасць аказваемых паслуг і павышаецца іх аператыўнасць, – адзначыла галоўны ўрач раённай бальніцы Данута Скварада. – У снежні 2023 года за сродкі раённага бюджэта пачаліся рамонтныя работы рэнтген-кабінета Карэліцкай цэнтральнай раённай паліклінікі. Пасля іх заканчэння будзе ўстаноўлены новы лічбавы рэнтген-апарат на два працоўныя месцы, выдзелены па лініі Міністэрства аховы здароўя.
Дыхайце глыбей, або Цудатворны саляны пакой
1 верасня пачало сваю работу міжраённае шматпрофільнае аддзяленне рэабілітацыі. Для аказання якаснай дапамогі пацыентам падчас рэабілітацыі неабходна ўдасканальваць яго матэрыяльна-тэхнічную базу. Над гэтым працуюць і карэліцкія медыкі. У аддзяленні фізіятэрапіі раённай бальніцы пачаў працаваць пакой спелеатэрапіі. Падрабязна пра работу кабінета расказаў урач-фізіятэрапеўт Аляксандр Шашко:
– Для таго, каб падыхаць карысным марскім паветрам і ўмацаваць імунітэт, цяпер можна не ехаць на мора, дастаткова звярнуцца ў цэнтральную раённую бальніцу. Менавіта тут з’явілася спецыяльна ўладкаванае памяшканне. Абсталяванне кабінета разлічана на сем аздараўленчых праграм. Паветра ў саляным пакоі насычана карыснымі іёнамі і мінераламі гэтак жа, як марское паветра. Мікрачасціцы солі і адмоўныя іёны аказваюць станоўчае ўздзеянне на ўвесь арганізм, і перш за ўсё – на органы дыхання. У нашы дні, улічваючы забруджанасць паветра, наяўнасць у рацыёне харчавання шкодных прадуктаў і пастаянныя стрэсы, спелеатэрапія становіцца сапраўдным выратаваннем. Саляныя пячоры, у тым ліку і штучныя, якія ёсць у многіх медыцынскіх цэнтрах, санаторыях і рэабілітацыйных цэнтрах, сёння карыстаюцца вялікай папулярнасцю. Лячэнне парамі солі можна сумяшчаць з асноўным медыкаментозным лячэннем, што дазваляе паменшыць дозу прымаемых лекаў, а часам і цалкам ад іх адмовіцца. Метад спелеатэрапіі дае станоўчы эфект пры лячэнні наступных захворванняў: бранхіяльная астма, абструктыўны бранхіт, гаймарыт, скурныя хваробы, гіпертанія І ступені, алергія на прадукты харчавання і медыцынскія прэпараты, атлусценне. Акрамя таго, рэгулярнае наведванне салянога пакоя павышае агульную супраціўляльнасць арганізма, папярэджвае абвастрэнне хранічных захворванняў, зніжаючы захворванне на прастуду, грып і ВРВІ і іншыя хваробы, – падзяліўся Аляксандр Іванавіч.
Па словах старшай медыцынскай сястры аддзялення медыцынскай рэабілітацыі УАЗ “Карэліцкая ЦРБ” Раісы Супрановіч, для паўнавартаснага рэабілітацыйнага курса неабходны сучасныя методыкі і падыходы, а для гэтага патрэбна новае абсталяванне. Так, у апошні час кабінет ЛФК папоўніўся апаратам вібрацыйнага масажу, велатрэнажорам для распрацоўкі верхніх і ніжніх канечнасцей і шматфункцыянальным эспандэрам. Новае абсталяванне з’явілася ў фізіятэрапеўтычным кабінеце: сучасныя апараты лазератэрапіі, магнітатэрапіі, нізкачастотнай тэрапіі “Радиус-01 Интер СМ”. Апарат для дарсанвалізацыі Іскра-М, які прызначаны для лячэбнага ўздзеяння высокачастотным імпульсным токам. Вобласць прымянення – неўралогія, гінекалогія, уралогія, фізіятэрапія, стаматалогія, касметалогія, спартыўная медыцына. Апарат для ўздзеяння пераменным токам з выпадкова зменлівай амплітудай і частатой назначаецца пацыентам з мэтай абязбольваючага, супрацьзапаленчага дзеяння пры розных паталагічных станах.
У хуткім часе будзе ўстаноўлены апарат для правядзення карбаксітэрапіі. Ён прызначаны для падскурнага прымянення медыцынскага вуглякіслага газу ў выглядзе газавых ін’екцый. Прымяняецца для лячэння апорна-рухальнай сістэмы, а таксама захворванняў скуры як адзін з метадаў рэфлексіўнай тэрапіі.
Хутка ў аддзяленні будзе праводзіцца працэдура на апараце “Лімфамат”. Гэта звышсучасны апарат, прызначаны для лячэння пацыентаў з парушэннем кровазвароту ў канечнасцях, ацёкаў рознага паходжання.
Сказана
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка:
— Медыцына, як вядома, не толькі лячэнне пацыентаў, але і важны складальнік бяспекі любой дзяржавы, тым больш нашай. Без здаровай нацыі ніякай эканомікі не будзе. У любой дзяржаве эканоміка з’яўляецца падмуркам. Без дысцыпліны, без гатоўнасці правільна рэагаваць на сучасныя выклікі не будзе рэальнага суверэнітэту і незалежнасці.
З боку дзяржавы робіцца ўсё магчымае. Сродкі на медыцыну — рамонт, абсталяванне, заработная плата, лекі — выдзяляюцца каласальныя. І, вядома, людзі маюць права бачыць аддачу. Не бывае не важных пацыентаў, усе важныя!
Падчас нарады па актуальных пытаннях аховы здароўя. 25 мая 2023 года.