Сацыяльна-эканамічныя і культурныя пераўтварэнні Карэліцкага раёна за гады савецкай улады: росквіт сельскай гаспадаркі, адукацыя і медыцынскае абслугоўванне
17 снежня 1956 г. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР Мірскі раён быў ліквідаваны, і яго тэрыторыя перайшла ў склад Карэліцкага раёна. У 1959 г. на тэрыторыі раёна пражывала 58,9 тыс. чалавек. Дзяржава прымала ўсе захады, каб павысіць эфектыўнасць грамадскай вытворчасці. Узраслі грашовыя даходы калгасаў, умацавалася матэрыяльная база. У раёне шырокі размах атрымала шэфства моцных гаспадарак над слабымі. Ініцыятарам гэтага пачыну быў першы сакратар райкама партыі П. А. Жалезняковіч.
Дзякуючы поспехам у працы, высокім дасягненням у сельскагаспадарчай вытворчасці раён неаднаразова выходзіў пераможцам усесаюзнага, рэспубліканскага і абласнога сацыялістычнага спаборніцтваў, узнагароджваўся пераходнымі Чырвонымі сцягамі, Ганаровымі Граматамі ЦК КПСС, Савета Міністраў СССР, ВЦСПС і ЦК УЛКСМ, ЦК КПБ, Савета Міністраў БССР, Белсавпрофа і ЦК ЛКСМБ, дыпломамі першай ступені ВДНГ СССР і грашовымі прэміямі. Высокімі ўзнагародамі ў розныя гады былі адзначаны калектывы калгасаў імя Чарняхоўскага, «Сцяг Леніна» (Лукі), імя Царука, “Новае жыццё” (Маяк), імя Жалезняковіча (СВК “Жухавічы”), «Ленінскі шлях» (Цырын), племзавод «Карэлічы». У 1970 г. калгас імя Царука быў узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны», такой жа ўзнагароды ў 1976 г. быў удастоены і племзавод «Карэлічы». Больш за 900 перадавікоў сельскагаспадарчай вытворчасці раёна за працоўныя дасягненні ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі Саюза ССР. Е.Р. Карачан, Н.С. Трускоўская, В.Л. Калоша, Т.Р. Арда, Я.І. Фаменка, А.М. Мокат, Т.У. Чубрык, Я.І. Юшко былі ўдастоены звання Герояў Сацыялістычнай Працы. Лаўрэатамі Дзяржаўнай прэміі СССР сталі Л.В. Яроцкая, М.К. Рашатко, З.П. Грыбок, Т.У. Чубрык. Званне «Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі» атрымалі К.Ф. Чыркоў, Я.В. Машарскі, Б.М. Сак, І.С. Барыскін, А.А. Багушэвіч, А.К. Віткоўскі, Я.М. Вырко.
У пасляваенны час паспяхова развівалася сістэма народнай адукацыі. Па стане на першага жніўня 1945 г. у Карэліцкім раёне налічвалася 54 школы: пачатковых — 47, няпоўных сярэдніх – 6, сярэдніх – 1; у Мірскім раёне адпаведна 34 школы: пачатковых – 27, няпоўных сярэдніх – 6, сярэдніх – 1. У 1960-70 гг. навучальным годзе дзейнічалі сярэднія школы ў Карэлічах, Міры, Цырыне, Турцы, Жухавічах, Ярэмічах. Пры дапамозе калгасаў былі здадзены ў эксплуатацыю 55 новых школьных будынкаў. У будаўніцтве актыўны ўдзел прымалі вучні, іх бацькі, настаўнікі. Пры сярэдніх школах адкрываліся інтэрнаты для дзяцей з аддаленых вёсак. У раёне працавалі Дамы культуры, раённыя бібліятэкі, у вёсках – клубы, хаты-чытальні. Дзейнічалі стацыянарныя кінаўстаноўкі і кінаперасоўкі. Сямі калектывам мастацкай самадзейнасці прысвоена званне “народны”. Адкрыты 4 дзіцячыя музычныя школы.
Медыцынскую дапамогу жыхарам раёна аказвалі цэнтральная раённая, Мірская гарадская бальніца, бальніцы ў вёсках Лукі, Райца, Турэц, Цырын. Працавалі дзве паліклінікі ў г.п. Карэлічы і Мір, 5 сельскіх урачэбных амбулаторый, 24 фельчарска-акушэрскія пункты.
З успамінаў Ф.П. Бядрыцкага: «Калі я прыехаў на работу ў Карэлічы, насельніцтва раёна абслугоўвалі Карэліцкая раённая на 50 ложкаў і тры ўчастковыя бальніцы: у Валеўцы, Райцы і Цырыне, а Мірскага раёна – Мірская раённая бальніца, Жухавіцкая, Далматаўшчынская і Турэцкая ўчастковыя бальніцы. Галоўны будынак Карэліцкай бальніцы размяшчаўся ў цяперашнім будынку краязнаўчага музея. Інфекцыйнае і туберкулёзнае аддзяленні займалі будынкі барачнага тыпу. У 1962 г. у сувязі з далучэннем раёна да Навагрудскага раённая бальніца была пераведзена ў будынак былога райкама партыі на цэнтральнай плошчы Карэліч, дзе знаходзілася да 1985 года. Паліклініка размяшчалася ў прыстасаваным аднапавярховым цагляным будынку. З 1985 г. бальніца, а з 1987 г. і паліклініка пераведзены ў новыя тыповыя будынкі.
У Карэліцкім раёне першым загадчыкам аддзела аховы здароўя працаваў Д.Я. Крысік, а галоўным урачом раённай бальніцы быў П.Я. Маркаў. Прыкметны след у медыцыне раёна пакінуў В.К. Шут. З 1953 да 1975 года ўзначальваў ён медыцынскую службу спачатку Мірскага, а пасля ўзбуйнення і Карэліцкага раёна. Санітарна-эпідэміялагічная служба складалася з дзяржаўнай санітарнай інспекцы і раённай санітарнай-эпідэміялагічнай станцыі. У штаце было два фельчара, медыцынская сястра, лабарант, два дэзінфектары і загадчык гаспадаркі, з транспарту быў адзін конь. Час быў вельмі нялёгкі, да 60-х гадоў заставаліся высокімі інфекцыйныя захворванні: сыпны і брушны тыф, дыфтэрыя, поліяміэліт, адзёр, шкарлятына і малярыя. Вялікую дапамогу нам аказваў эпідэміялагічны атрад Чырвонага Крыжа рэспублікі. Ужо к 60-х гадам у раёне быў ліквідаваны сыпны і брушны тыф”.
З успамінаў Раісы Фёдараўны Касцянковай: “У Міры бальніца была адкрыта 20 ліпеня 1944 г. Размяшчалася яна ў гаспадарчых будынках панскай сядзібы. Першымі ўрачамі бальніцы былі Ізраіль Гохман, Зоя Міронаўна Позняк. З 1944 па 1949 год Зоя Міронаўна была галоўным урачом бальніцы, а затым доўгі час працавала тут урачом.
У 1962 г. пры бальніцы адкрыўся пункт хуткай дапамогі. Бальніца была разлічана на 125 ложкаў. З 1962 г. па 1999 г. галоўным урачом працаваў С.А Кшывіцкі, які за сваю старанную працу ўзнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.
На тэрыторыі цяперашняга Лукскага сельсавета ўпершыню бальніца была адкрыта ў вёсцы Вышкава ў 1939 г. у былым панскім доме, у час вайны спалена. У 1966 г. сіламі калгаса імя Дзяржынскага (Вышкава, Вунехава), “Сцяг Леніна” (Лукі), «Імя Суворава» (Некрашэвічы) быў пабудаваны тыпавы будынак бальніцы ў вёсцы Лукі на 50 ложкаў. Працяглы час бальніцу узначальваў В.А. Багушэвіч.
У 1976 г. у Карэлічах быў пабудаваны новы будынак аптэкі. Шмат фізічных і духоўных сіл аддаў развіццю і ўмацаванню аптэчнай службы раёна правізар Т.Б. Мархель. 25 гадоў ён кіраваў цэнтральнай раённай аптэкай (1976-2001 гг). А.І. Анісімава 42 гады аддала рабоце, займаючы пасаду фармацэўта-асістэнта, фармацэўта-дэфектара, намесніка загадчыка. Г.В. Раманюк (Качурына), ураджэнка Карэліч, больш 40 гадоў прысвяціла любімай справе, хімік-аналітык, намеснік загадчыка. Шмат год аддалі аптэчнай справе Г.І. Вішнеўская, І.М. Сянкевіч, Л.І. Даніўка, І.У. Вярбіцкая. З чэрвеня 2001 г. аптэчную сетку раёна ўзначальвае ўраджэнка Карэліцкага раёна Н.М. Краскоўская.
Марыя БЕЛЕНАВА, навуковы супрацоўнік УК «Карэліцкі раённы краязнаўчы музей» Фота з архіва музея