Кореличская РО РОО «Белая Русь» с подарками, Дедом Морозом и Снегурочкой побывали в Лукской больнице сестринского ухода

Дабрачынная акцыя “Ад усёй душы”, якая была ўпершыню праведзена ў мінулым годзе, пакрысе становіцца яшчэ адной цёплай беларускай традыцыяй. З падарункамі і віншаваннямі наведалі Лукскую бальніцу сястрынскага догляду старшыня Карэліцкай РА ГА “Белая Русь” Іна Лейка і яе намеснік Вольга Івашка.

Жыхары бальніцы ў гэты час сабраліся ў фае і глядзелі тэлевізар. Старшы  фельчар Людміла Падліпская расказвае, што бальніца, разлічаная на 25 чалавек, цалкам занятая:

— У асноўным тут знаходзяцца пажылыя, састарэлыя і адзінокія пацыенты. Самаму малодшаму — 45 гадоў, самай пажылой — 95. Для пражываючых ствараюцца ўсе ўмовы камфортнага знаходжання. Праца ў медперсанала не з простых — усім неабходна ўвага, да кожнага патрэбны індывідуальны падыход. Стараемся гэты падыход знайсці і, па магчымасці, задаволіць патрэбы нашых пацыентаў.

Іна Лейка адзначыла, што “Белая Русь” і далей будзе аказваць дапамогу пражываючым у Лукскай бальніцы сястрынскага догляду:

— Безумоўна, акцыя, аб’яўленая Прэзідэнтам, — добрая нагода наведаць вас, ад усёй душы павіншаваць з зімовымі святамі, пажадаць шчаслівага Новага года і светлых Калядаў. Мы гатовы яшчэ неаднаразова наведаць вас, аказаць неабходную дапамогу і проста падтрымаць цёплым словам.

РА ГА “Белая Русь” падарыла ўстанове аховы здароўя сродкі гігіены, а Дзядуля Мароз са Снягурачкай, якія таксама завіталі ў бальніцу, падарылі кожнаму пацыенту салодкія падарункі.

      Варвара Трафімаўна Комар рыхтуецца да 95-га дня нараджэння. У Луках жанчына ўжо два з паловай гады:

— Спачатку працавала ў Карэлічах у саўгасе. Затым пайшла шчыраваць у быткамбінат, дзе адпрацавала 25 гадоў. Была трыкатажніцай, вязала на машынцы. Уручалі і граматы, і прэміі, была на пачэсным месцы. І новыя мадэлі, якія ішлі ў продаж, распрацоўвала разам з тэхнолагам.

Жанчына кажа, што ў Лукскай больніцы вельмі добрыя адносіны да пацыентаў:

— Медсёстры, санітаркі вельмі чула ставяцца да нас, даглядаюць як трэба. І пагаварыць з імі таксама прыемна.

Згаджаецца з Варварай Трафімаўнай і Міхаіл Сцяпанавіч Наумовіч з агр. Ярэмічы. Усё жыццё мужчына адпрацаваў ў будаўнічай брыгадзе, а ў старасці трапіў сюды. Нягледзячы на тое, што Міхаілу Сцяпанавічу прапанавалі паехаць у іншую бальніцу, ён застаўся тут. Кажа, што прыкіпеў да гэтага месца і людзей.

Сяргей СТОЛЯР

Фота Вольгі ІВАШКА